Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Лошыцы расстрэльвалі людзей. Пра гэта расказвалі старыя бабулі”


Ганна Соўсь, Менск Супрацоўнікі Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі павінны патлумачыць, на якой падставе побач з Лошыцкім паркам усталявалі памятны крыж “Ахвярам бальшавіцкага тэрору”. Адпаведны запыт зрабіў аддзел культуры адміністрацыі Ленінскага раёну Менску пасьля таго, як новы кіраўнік раёну пацікавіўся, чаму ў Лошыцкім Яры стаць крыж памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Сёньня наша карэспандэнтка наведала Лошыцкі Яр.

Пляцоўка ў Лошыцкім Яры вакол крыжа “Ахвярам бальшавіцкага тэрору” зарасла кустоўем.

Лошыцкі Яр, 2.10.2007. Крыж памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў

За дзесяць мэтраў ад крыжа нядаўна пабудавалі плот, які агароджвае аўтастаянку “Зарэчную”.

Лошыцкі Яр, 2.10.2007. Крыж памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў

Месцамі на плоце — калючы дрот.

Лошыцкі Яр, 2.10.2007. Крыж памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў

“Тут расстрэльвалі людзей. Пра гэта расказвалі мясцовыя старыя бабулі”

Я размаўляю з вартаўніком аўтастаянкі спадаром Сяргеем.

Карэспандэнтка: “Ведаеце, чаму тут крыж стаіць?”

Сяргей: “Кажуць, што ахвярам бальшавіцкага тэрору. Тут расстрэльвалі людзей. Пра гэта расказвалі мясцовыя старыя бабулі”.

Карэспанэнтка: “Ці ведаце, дзе тут пахаваньні?”

Сяргей: “Ня ведаю. Тут салдаты капалі, рабілі раскопкі, але нібыта нічога не знайшлі”.

Карэспандэнтка: “Ці ня чулі вы, што яго хочуць зьнесьці?”

Сяргей: “Ня чуў. Але такога ня можа быць, каб знасілі. Будаваць тут нічога ня будуць, бо мы знаходзімся ў паркавай зоне”.

Крыж асьвяцілі прадстаўнікі трох канфэсіяў

Аўтастаянка побач з Лошыцкім паркам была пабудаваная неўзабаве пасьля таго, як адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк заявіў, што ў гэтым месцы карнікі НКВД праводзілі расстрэлы.

Крыж у Лошыцкім Яры паставілі ў 1994 годзе актывісты Беларускага Народнага Фронту. Эскіз крыжа зрабіў мастак Мікола Купава. Ён згадвае.

Лошыцкі Яр, 2.10.2007. Крыж памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў

“Гэта было перад Дзядамі. Тады ўжо было вядома, што там былі экзэкуцыі. Мы вырашылі ставіць крыж, несьлі яго. Шэсьце было. Усё ж гэта не Курапаты, дзе сабраліся дзясяткі тысяч людзей. Гэта было лякальнае месца. Тым ня менш сабралася дастаткова людзей для такога мікрараёну. Мы адкрылі крыж, ён быў асьвечаны ў трох канфэсіях”.

“Пра гэты крыж нідзе нічога не напісана”

Запыт у Інстытут гісторыі напісала Людміла Краўцова з аддзелу культуры адміністрацыі Ленінскага раёну Менску.

Паводле яе, пытаньне пра Лошыцкі крыж паўстала пасьля візыту новага кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Барысенкі ў Лошыцкі парк — ён быў там падчас сьвята гораду.

“Ён зьвярнуў увагу і папрасіў высьветліць, калі гэты крыж паставілі. Я падняла ўсю літаратуру і паглядзела, што пра гэты крыж нідзе нічога не напісана. Хто яго паставіў? Я ўдакладняла і ў работнікаў Лошыцкага парку. Таму я так ў лісьце і напісала, што мы ня ведаем”.

Аднак, як паведамілі “Свабодзе” ў Інстытуце гісторыі, пытаньне наконт крыжа ў Лошыцы ўзьнікла не ўпершыню. Аналягічны запыт накіравалі ў інстытут яшчэ ўвесну.

Цяпер супрацоўнік аддзелу ваеннай гісторыі Аляксей Літвін зьбірае інфармацыю пра тое, чаму і як быў усталяваны крыж у Лошыцкім Яры.

Афіцыйных раскопак у Лошыцкім Яры не праводзілі. Пра тое, што ў гэтым месцы карнікі НКВД у 1930-я гады расстрэльвалі людзей, згадвалі тутэйшыя жыхары. Крымінальнай справы з гэтай нагоды не завялі — адрозна ад Курапатаў.

Больш за дзесяць гадоў актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ на Дзяды ладзяць шэсьце і жалобны мітынг ля крыжа ў Лошыцкім Яры. Гэтыя акцыі заўсёды адбываліся з дазволу адміністрацыі раёну, прысутнічалі супрацоўнікі міліцыі.

• Лошыца: Крыж памяці ахвяраў рэпрэсій хочуць зьнесьці?, 1.10.2007 • Мартыралёг Беларусі, 1.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG