Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штраф "Народнай волі": 25 мільёнаў на карысьць А.Праляскоўскага


Ганна Соўсь, Менск Cуд Ленінскага раёну Менску пастанавіў спагнаць зь незалежнай газэты “Народная воля” 25 мільёнаў рублёў на карысьць кіраўніка галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Алега Праляскоўскага. Карэспандэнтка газэты Марына Коктыш мусіць выплаціць яму яшчэ 2 мільёны рублёў. Суд задаволіў пазоў Алега Праляскоўскага пра абарону гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі.

Прысуд вынесла судзьдзя Ленінскага раёну Менску Тацяна Жулкоўская. Летась яна асудзіла праваабаронцу Кацярыну Садоўскую на два гады турмы.

Алег Праляскоўскі падаў у суд пазоў пра абарону гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі пасьля выхаду 2 жніўня ў “Народнай волі” публікацыі “Уладзімер Холад па-ранейшаму знаходзіцца на свабодзе”.

Там паведамлялася пра былога першага намесьніка Праляскоўскага Ўладзімера Холада, якога вінавацілі ў карупцыі. Пра самаго кіраўніка ідэалягічнага ўпраўленьня ў артыкуле было толькі некалькі радкоў, у тым ліку “але Праляскоўскі на свабодзе”.

“Мы спадзяваліся, што судзьдзя проста адхіліць пазоў Праляскоўскага”

Галоўны рэдактар “Народнай волі” Ёсіф Сярэдзіч не афішаваў судовай справы і не запрасіў на працэс журналістаў. Дарэчы, у дзень вынясеньня прысуду, 1 кастрычніка, і ў Ёсіфа Сярэдзіча, і ў Алега Праляскоўскага быў дзень народзінаў.

Карэспандэнтка газэты Марына Коктыш павінна заплаціць Алегу Праляскоўскаму 2 мільёны рублёў.

“Я, шчыра кажучы, у шоку ад рашэньня суду. Мы спадзяваліся, што судзьдзя проста адхіліць пазоў спадара Праляскоўскага, але, відаць, што гэта сапраўдны сучасны беларускі суд. І ён вынес такое рашэньне, якое вынес”, — кажа Марына Коктыш.

“Ніякіх доказаў маральных стратаў пазоўнік не падаў”

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец прадстаўляў на судзе інтарэсы “Народнай волі”.

“Суд не падзяліў інфармацыю і меркаваньне. А ў публікацыі аспрэчваліся менавіта меркаваньні, якія сама журналістка ставіла пад сумнеў. І тая ж сума спагнаньня парушае роўнасьць грамадзянаў перад законам. Яна нічым не тлумачыцца. Ніякіх доказаў перанесеных маральных стратаў пазоўнік не падаў. Таму я лічу, што ёсьць падставы аспрэчваць гэтае рашэньне суду”, — лічыць Андрэй Бастунец.

“Мы будзем абавязкова абскарджваць гэтае рашэньне”

Як адзначыла для Радыё Свабода шэф-рэдактар “Народнай волі” Сьвятлана Калінкіна, 25 мільёнаў, альбо больш за адзінаццаць з паловай тысяч даляраў — гэта вельмі вялікая сума для выданьня.

“Зразумела, што гэта вялізная сума, якая, мы лічым, ніяк не адпавядае таму, у чым нас абвінавачваў спадар Праляскоўскі. Мы будзем абавязкова абскарджваць гэтае рашэньне. Беларускія суды ставяць проста рэкорды ў грашовым эквіваленце гонару і годнасьці высокіх чыноўнікаў.

Просты чалавек ніколі б не дабіўся такой кампэнсацыі, нават калі б былі сто- ці трыстапрацэнтныя доказы віны. Перад законам усе павінны быць роўныя”, — кажа Сьвятлана Калінкіна.

У 2005 годзе “Народная воля” згодна з рашэньнем суду вымушаная была выплаціць дэпутату Палаты прадстаўнікоў Сяргею Гайдукевічу 100 мільёнаў рублёў за публікацыю пра тое, што ён нібыта павінен ірацкаму боку каля 1 мільёна даляраў.

А у 2004 годзе суд абавязаў “Народную волю” выплаціць тагачаснаму старшыню Белдзяржтэлерадыёкампаніі Ягору Рыбакову 50 мільёнаў рублёў за абразу гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі. Неўзабаве Ягор Рыбакоў трапіў у турму за карупцыю, але выданьню ўсё ж прыйшлося сплаціць прызначаную судом суму.


• “Народная Воля” павінна заплаціць Сяргею Гайдукевічу 100 мільёнаў, 14.06.2005 • “Народная воля” мусіць выплаціць 50 мільёнаў рублёў былому старшыню БТ Ягору Рыбакову /b>, 31.05.2004
XS
SM
MD
LG