Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палатай будзе кіраваць новы стары сьпікер


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў першы дзень восеньскай сэсіі дэпутаты абралі новага старшыню Палаты прадстаўнікоў. Ім стаў Вадзім Папоў, які чатыры гады ачольваў гэтую ж структуру папярэдняга скліканьня. За ягонае абраньне прагаласавалі 94 чалавекі, супраць — 13. Самавылучаўся на гэтую пасаду і Сяргей Гайдукевіч. За яго прагаласавалі пяць дэпутатаў, супраць — 102.

Месца сьпікера стала вакантным пасьля таго, як у верасьні Ўладзімер Канаплёў падаў заяву пра звальненьне з пасады. Ён спаслаўся на дрэнны стан здароўя. Сёньня дэпутаты атрымалі тэкст ягонай заявы.

А сам Канаплёў на сэсію не прыйшоў. Яго і не чакалі, паколькі, як паведаміў Радыё Свабода адзін з дэпутатаў, Канаплёў напісаў і другую заяву — пра тое, што ня зможа ўдзельнічаць у сёньняшнім паседжаньні.

За адстаўку сьпікера прагаласавалі 88 дэпутатаў, супраць — 19.

Рада Палаты аднагалосна прапанавала абраць новым старшынём Вадзіма Папова. Аргумэнты на ягоную карысьць такія: да новых парлямэнцкіх выбараў застаецца ўсяго адзін год і таму патрэбны чалавек, які ўжо ведае гэту працу.

А як камэнтуюць абраньне Папова ягоныя калегі?

Мікалай Дубовік прагназуе, што падрыхтоўка да парлямэнцкіх выбараў абвострыць палітычную барацьбу:

“У гэтых умовах цалкам слушна, што ў Палаце прадстаўнікоў у апошні год ня будзе ліхаманкі ад новаўвядзеньняў, ад патаемнай унутранай канкурэнцыі. Эфэктыўную і спакойную працу Палаты можа забясьпечыць чалавек без асабістых амбіцыяў — мудры, дасьведчаны, цярплівы, адданы справе. Такія якасьці ўласьцівыя Вадзіму Папову”.

Уладзімер Здановіч зьвяртае ўвагу на тое, што сябры камісіі ў справах адукацыі, культуры ды навукі аднагалосна выказаліся за кандыдатуру Вадзіма Папова:

“Раней мы чулі, што на пасаду сьпікера патрэбны сапраўдны арол. Але наша камісія вырашыла арла не абіраць, а абраць чалавека добрага, разумнага, разважлівага, дасьведчанага. Але галоўнае — чалавека, пад чыім кіраўніцтвам Палата прадстаўнікоў трэцяга скліканьня спакойна і прыгожа зможа завершыць сваю працу”.

Старшыня Чарнобыльскай камісіі Віталь Кулік, які быў яшчэ дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, лічыць важнай заслугай Вадзіма Папова тое, што ён спыніў “палітычныя інтрыгі й разборкі, якія распачаў тагачасны сьпікер Шарэцкі”:

“Усе посьпехі ў сацыяльна-эканамічным жыцьці нашай дзяржавы грунтуюцца на той стабільнасьці, што была дасягнутая ў 1996 годзе. Дзякуй Богу, бальшыня дэпутатаў і народ тады падтрымалі прэзыдэнта. Адгэтуль і нашы посьпехі.

А Вадзім Папоў прадказальны, надзейны прыхільнік прэзыдэнта, той палітыкі, якую праводзіць прэзыдэнт. І ў мінулым скліканьні мы канструктыўна і эфэктыўна працавалі пад ягоным кіраваньнем”.

• Уладзімера Канаплёва звольнілі з пасады старшыні Палаты прадстаўнікоў, 2.10.2007
XS
SM
MD
LG