Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі слонімскіх рынкаў прыпыняюць працу на нявызначаны час


Міхал Карневіч, Слонім У Слоніме ня толькі падтрымалі аднадзённы агульнарэспуліканскі страйк прадпрымальнікаў, але вырашылі не распачынаць працу на рынках заўтра і ў наступныя дні. Прыдпрымальнікі будуць чакаць, пакуль слонімскія ўлады ня спыняць “гвалтоўных праверак” падатковай інспэкцыі й канфіскацыі тавару.

З самай раніцы на ўсіх трох рынках Слоніму амаль бязьлюдна. Толькі дзе-нідзе бабулькі гандлююць семкамі ды вяскоўцы прадаюць гародніну.

Прадпрымальнікі ставяць подпісы пад лістом да старшыні райвыканкаму Мечыслава Касьцюка, у якім просяць сустрэцца зь імі й абмеркаваць праблемы.

Падыходжу да людзей і пытаюся:

Карэспандэнт: “Што прымусіла вас сёньня спыніць працу?”

Спадарыня: “Мы хочам, каб да нас прыслухаліся ўлады й салідарныя зь іншымі прадпрымальнікамі”.

Другая спадарыня: “Дабіцца справядлівасьці, каб нам далі спакойна працаваць, карміць дзяцей і спакойна жыць як людзі”.

Адна зь іх апавядае, што праверкі падатковай інспэкцыі пачаліся ў мінулым месяцы й кажа, што прадпрымальнікі зьвязваюць гэта з рэканструкцыяй гораду:

“Рэч у тым, што ў нас вядзецца рэканструкцыя гораду, а грошай у бюджэце, відаць, не хапае, каб пакласьці костку. А штрафы ў нас не маленькія, на мільён людзей аштрафавалі”.

Гэтым разам, чаго не было раней, працу спынілі й прадаўцы мясных харчоў. Трэці раз за пяць гадоў іх прымушаюць перабудоўваць гандлёвыя рады — прычым, за іх жа грошы.

Спадар: “У выканкаме цяпер ставяць пытаньне так: тых, хто гандлюе каўбасой і рыбай, зачыніць і хай, маўляў, мантуюць ралеты коштам 5—6 тысяч даляраў. А адкуль такія грошы ў нас?”

Прадпрымальнікі ж выставілі свае прапановы: яны будуць упарадкоўваць гандлёвыя месцы сваім коштам, але гэтыя месцы павінны быць іх уласнасьцю.

Спадар: “Дзеля таго, каб нам будавацца, трэба, каб раённае спажыўтварыства дало зямлю ў арэнду на дзесяць-трыццаць гадоў. А дырэктар сказаў, што ня будзе гэтага рабіць, катэгарычна”.

Прадпрымальнікі кажуць, што папярэдне яны спынілі працу на дзесяць дзён і думаюць, што перамовы з уладамі адбудуцца. А я пытаюся: што будзеце рабіць, калі дамовіцца ня ўдасца?

Спадарыня: “У мяне гэта адзіная крыніца даходу. У мяне двое дзяцей: адна школьніца, другая студэнтка ўнівэрсытэту. Мы нічога тут не прыдумалі, мы нават ня ладзім палітычнай нейкай акцыі — гэта спроба выжыць”.

Спадарыня: “Калі ўсе так, дык і я, падтрымліваем адзін аднаго”.

Спадар: “Калі застанемся па адным, дык нас тады ўсіх...”

Прадпрымальнікі слонімскіх рынкаў прыпынілі працу на нявызначаны час, 2.10.2007

Прадпрымальнікі слонімскіх рынкаў прыпынілі працу на нявызначаны час, 2.10.2007
XS
SM
MD
LG