Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Папова цудоўная апаратная вывучка — ён добра разумее сваё месца”


Ігар Карней, Менск Абраньне Вадзіма Папова старшынём Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу замест Уладзімера Канаплёва камэнтуюць апазыцыйныя палітыкі. Некаторыя зь іх самі колісь былі дэпутатамі Вярхоўнага Савету альбо Палаты прадстаўнікоў.

У.Парфяновіч: “Папоў — добры чалавек. Але гэта не прафэсія”

Вось меркаваньне з нагоды зьмены сьпікера экс-дэпутата Палаты прадстаўнікоў, сябра дэпутацкай групы “Рэспубліка” Ўладзімера Парфяновіча. Ён, у прыватнасьці, перакананы, што ракіроўка Канаплёў — Папоў неадэкватная ў сваёй “палітычнай вазе”:

“Нічога ня зьменіцца. Толькі ў горшым пляне будзе ўсё разьвівацца. Няма парлямэнту сёньня ў Беларусі. Калі мы былі, то можна было налічыць пяць ці дзесяць дэпутатаў, якія хоць нешта казалі. Сёньня ўвогуле ніхто нічога ня кажа.

Парлямэнт нічога не вырашае, ніякіх законаў парлямэнт ня піша. Ён толькі прымае законы, якія ідуць ад адміністрацыі прэзыдэнта.

Калі глядзець непасрэдна на Папова... Папоў — гэта, ну ніхто. І калі мы былі, Папоў гэтаксама быў ніхто. Ні пра якую павагу да яго гаворкі не ідзе — няма павагі да Папова. Можа, толькі як да чалавека — добры чалавек, і ўсё. Але гэта не прафэсія, за гэта грошай ня плацяць.

І ня трэба тут шукаць якойсьці гульні. Усё ідзе ў тым кірунку, у якім запраграмавана. Таму няма ніякіх зьменаў, і быць ня можа бліжэйшым часам. Вось дажывем да зімы, і там будуць зьмены. А сёньня чаго турбавацца? Сёньня ж кватэры цяплом яшчэ не абаграваем. Вось калі ўключым газ на поўную катушку, тады будуць зьмены. А сёньня чаго хвалявацца?”

У.Нісьцюк: “Папоў — ніякі не пераемнік Лукашэнкі ці Канаплёва”

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Ўладзімер Нісьцюк называе абраньне кіраўніком парлямэнту Вадзіма Папова простай тэхнічнай заменай, якая не паўплывае на працу дэпутатаў:

“Канечне, Канаплёў на гэтым месцы быў больш эфэктыўны і функцыянальны сьпікер. Таму што ён меў ня толькі досьвед, але і вялікі давер з боку Аляксандра Лукашэнкі, з боку саміх дэпутатаў.

Таго, што зь ім адбылося, ня ведае ніхто, але чалавек сышоў. І мне бачыцца, што цяпер гэта якраз талковы крок. Па-першае, Папоў усё ж мае досьвед сьпікерства. Па-другое, паводле ўзросту ён ужо не прэтэндуе ні на якія першыя ролі ў беларускай палітыцы. Па-трэцяе, будзе пераемнасьць: ён разам з Канаплёвым працаваў, усё некалі разам напрацоўвалі.

Таму мне бачыцца, што гэта простае тэхнічнае прызначэньне, якое забясьпечыць дастаткова стабільную і спакойную працу Палаты прадстаўнікоў падчас падрыхтоўкі да парлямэнцкіх выбараў. З гледзішча ўладаў гэта цалкам разумны крок. Ну, што, канкурэнцыю цяпер разгортваць? Барацьбу за першыя асобы ў той час, калі складаная сытуацыя ў краіне і калі ва ўладзе нейкая крыза адбываецца?

Таму вось так тэхнічна прызначылі чалавека, ён давядзе да канца гэта скліканьне, і потым ужо будзе абраны новы чалавек. Тое, што гэта не пераемнік Аляксандра Лукашэнкі й не пераемнік Ўладзімера Канаплёва, у мяне няма ніякага сумневу”.

С.Альфер: “Папову спусьцілі праект закону — Папоў прыме закон”

Сябра Палітычнай рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер фактычнае прызначэньне старшынём Палаты прадстаўнікоў Папова лічыць прадказальным крокам — калі Папоў быў на той пасадзе, ён яскрава прадэманстраваў веданьне свайго месца ў палітычнай ярархіі:

“У Папова ўжо ёсьць багаты досьвед працы старшынём Палаты прадстаўнікоў. І гэты досьвед сьведчыць пра тое, што нічога ў працы Палаты зьмяняцца ня будзе. Яна будзе працаваць абсалютна зладжана, такім чынам, як працавала на працягу ўсіх тых гадоў — і да таго, як Папоў кіраваў ёй, і пасьля таго.

Таму што ад яе, па-першае, нічога не залежыць, а па-другое, у яго вельмі добрая апаратная вывучка ў гэтым пляне: ён цьвёрда разумее сваё месца. А месца яго такое: падалі праекты законаў — праекты законаў павінны быць прынятыя.

Адзінае, што якімсьці чынам можа зрушыць працу Палаты прадстаўнікоў — гэта толькі тое, калі праекты законаў, якія будуць выходзіць з адміністрацыі прэзыдэнта, будуць нейкім чынам тычыцца большасьці саміх палатачнікаў. Тады яны, магчыма, і будуць больш абачлівыя. Але, як паказвае жыцьцё, такія законы амаль і не прыходзяць”.

• Вадзіма Папова абралі старшынём Палаты прадстаўнікоў, 2.10.2007 • Дэпутаты зоймуцца сьпікерам, бюджэтам і мовай, 2.10.2007
XS
SM
MD
LG