Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В. Портнікаў: “Памаранчавая кааліцыя пратрымаецца ня больш за некалькі месяцаў”


Віталь Цыганкоў, Менск Чым можна патлумачыць посьпех Блёку Юліі Цімашэнкі на парлямэнцкіх выбарах ва Ўкраіне? Якая ўрадавая кааліцыя ў Кіеве больш выгодная Беларусі? Гэтыя ды іншыя пытаньні ў «Экспэртызе Свабоды» абмяркоўваюць украінскі палітычны аналітык Віталь Портнікаў і рэдактар аналітычнага бюлетэню “Беларускі тыдзень” Аляксандар Класкоўскі.

Цыганкоў: «Вынікі парлямэнцкіх выбараў ва Ўкраіне яшчэ падводзяцца, але выглядае, што адна з найбольшых сэнсацыяў – гэта выдатны вынік Блёку Юліі Цімашэнкі, які набраў, паводле папярэдніх дадзеных, ня менш за 30 працэнтаў. Гэта нашмат болей, чым прагназавалі сацыёлягі. Чым можна патлумачыць такі посьпех?»

“Цімашэнка выступала зь лёзунгамі, якія аб’ядноўваюць і бабулю з Данецку і бабулю з Львову”

Портнікаў: “Дарагія сябры, я ня бачу тут асаблівай сэнсацыі. Я якраз напярэдадні выбараў казаў, што перадвыбарчая кампанія Юліі Цімашэнкі кардынальна адрозьнівалася ад кампаніяў Партыі Рэгіёнаў і Нашай Украіны. Тыя працягвалі змагацца на сваіх рэгіянальных дзялянках, баяліся пераходзіць мяжу паміж Захадам і Ўсходам, вылучалі лёзунгі, цікавыя толькі рэгіянальным выбарцам. А Юлія Цімашэнка не баялася ісьці на тэрыторыю Партыі Рэгіёнаў – фактычна можна сказаць, што яна зрабіла кампанію, якая аб’ядноўвала вялікую частку насельніцтва Ўкраіны. Трэба разумець, што ёсьць лёзунгі, якія аб’ядноўваюць і бабулю з Данецку і бабулю з Львову”.

Цыганкоў: “Здаецца, гэта так проста. Але чаму іншыя палітычныя сілы так ня дзейнічалі?”

Портнікаў: “Проста таму, што Юлія Цімашэнка – таленавіты палітычны дзяяч. Яна можа зразумець настрой электарату, на які яна арыентуецца, яна можа зьмяніць кампанію і зьмяніць акцэнты ў залежнасьці ад таго, перад якой аўдыторыяй яна выступае. Я хачу адразу сказаць, што я не прыхільнік Юліі Цімашэнка, я за яе не галасаваў. Але ня бачыць такіх відавочных магчымасьцяў гэтага палітыка і таго, як яна мяняецца – гэта проста заплюшчваць вочы на выразны чыньнік украінскага палітычнага працэсу. Хай палітыкі заплюшчваюць вочы, чаму мы, журналісты, мусім гэта рабіць?”

Класкоўскі: “Сапраўды, у палітыцы вялікую ролю мае харызматычная роля лідэра. Бо самі па сабе рамантычныя ідэалы “памаранчавай рэвалюцыі” пабляклі, – зразумела, ідзе больш жорсткая барацьба, працуюць іншыя чыньнікі, больш прагматычныя. Але тое, што Юлія Цімашэнка вельмі таленавіта і пераканаўча ўмее даносіць свае ідэі, ідэі дэмакратыі, эўрапейскага выбару Ўкраіны – тут ёй варта аддаць належнае. І ўся каманда яе працавала моцна і крэатыўна.

Яшчэ варта падкрэсьліць, што ў Юліі Цімашэнкі гэтае праклямаваньне – пасьлядоўнае. Бо Януковіч мусіў манэўраваць. То ён за статус расейскай мовы, то пачаў выдаваць зь сябе такога эўрапейскага прыхільніка (відаць, паліттэхнолягі параілі). Але атрымлівалася гэта досыць няўклюдна. У выніку ён нават мог страціць частку свайго ранейшага электарату”.

“Памаранчавая кааліцыя пратрымаецца ня больш за некалькі месяцаў”

Цыганкоў: “Наша Украіна і БЮТ разам зьбіраюць ня менш за 45 працэнтаў. Ці можна ўжо цяпер казаць, што Юшчанка і Цімашэнка гатовыя скласьці кааліцыю?”

Портнікаў: “Я цалкам упэўнены, што нават калі памаранчавая кааліцыя і будзе раптам створаная, яна прытрымаецца калі ня некалькі тыдняў, дык некалькі месяцаў. У БЮТ і Нашай Украіны цалкам іншыя эканамічныя інтарэсы. Наша Украіна – гэта партыя правалібэральная, увогуле Віктар Юшчанка – самы правы палітык ва Ўкраіне. Партыя рэгіёнаў таксама абараняе інтарэсы буйнога бізнэсу і іх можна назваць правапапулісцкай сілай. Натуральнай кааліцыяй была б Партыя Рэгіёнаў, Наша Ўкраіна і Блёк Літвіна. Любая іншая кааліцыя ня будзе жыцьцяздольнай і пратрывае да новага сур’ёзнага палітычнага крызысу і новых выбараў, на гэты раз ня толькі парлямэнцкіх, але і прэзыдэнцкіх.

Калі Віктар Юшчанка ня ёсьць палітычным самагубцам, ён зробіць усё магчымае, каб Юлія Цімашэнка ня стала прэм’ер-міністрам і не магла браць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Калі гэтага ня будзе, то Юлія Цімашэнка стане прэзыдэнтам, а ўсё паплечнікі Віктара Юшчанкі пазбавяцца сваёй уласнасьці і зьнікнуць з палітычнай сцэны гэтак хутка, што мы забудзем пра іхнае існаваньне і існаваньне трэцяга прэзыдэнта дзяржавы”.

Цыганкоў: “Віталь, вы сапраўды даказваеце, што не зьяўляецеся прыхільнікам Юліі Цімашэнкі. Але вось наш палітоляг, добра вядомы вам Аляксандар Фядута лічыць, што калі Юшчанка ня пойдзе на кааліцыю зь БЮТ, то ён атрымае імпічмэнт”

Портнікаў: “Думаю, што ў прэзыдэнта ўвогуле складаная сытуацыя. Мы лічылі, што ён выйграў, калі прызначыў пазачарговыя выбары, але ўсе ня так проста. Мы павінны сыходзіць з простага факту – ідзе барацьба экспартэраў і імпартэраў у украінскім бізнэсе, і асноўныя палітычныя сілы прадстаўляюць інтарэсы розных групаў. Як узгадніць гэтыя інтарэсы, я пакуль што ня ведаю”.

Класкоўскі: “З аднаго боку, я згодны, што застаюцца моцныя супярэчнасьці паміж БЮТ і “Нашай Украінай”. Але зь іншага боку, і Партыя рэгіёнаў – гэта зусім не маналітная структура, там таксама вялікія ўнутраныя супярэчнасьці.

Пры ўсім тым можна ўбачыць пэўны прагрэс, бакі ўсё ж імкнуцца знайсьці кампрамісы. Глядзіце, напрыклад, як яны ўсе дамовіліся не аспрэчваць вынікі гэтых выбараў. Мяркую, тут спрацуюць прагматычныя чыньнікі – палітыкі разумеюць, што электарат трошкі стаміўся і хоча стабільнасьці. Таму будзе пошук нейкага балянсу. Ну а тое, што ён атрымаецца няўстойлівым – што ж, за дэмакратыю даводзіцца плаціць. Гэта лепш чым могілкавая цішыня”.

Афіцыйны Менск будзе аб’ядноўвацца зь любой кіеўскай кааліцыяй супраць Масквы

Цыганкоў: «Якая ўрадавая кааліцыя ў Кіеве больш выгодная і спрыяльныя для Беларусі?»

Портнікаў: “Для Лукашэнкі была выгаднейшай памаранчавая кааліцыя. Бо ён здолее манэўраваць паміж Масквой і Кіевам, спэкуляваць на іхніх канфліктах, нагадваць пра сябе як пра больш надзейны маршрут для энэргарэсурсаў і гэтак далей”.

Класкоўскі: “Афіцыйнаму Менску, відаць, няма вялікай розьніцы. Разам з тым энэргетычны ціск Масквы аб’ектыўна змушае шукаць супрацы і каапэрацыі з Украінай. Памятаеце, летась, калі Януковіч быў вельмі моцны, Лукашэнка зьбірае прэсавую канфэрэнцыю ўкраінскіх журналістаў і кажа пра неабходнасьць аб’ядноўвацца з Украінай супраць энэргетычнага дыктату Масквы. Незалежна ад канкрэтнай канфігурацыі мы бачым эвалюцыю замежнай палітыкі афіцыйнага Менску, пошукі ім новых альянсаў у процістаяньні імпэрскаму ціску”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG