Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная воля” павінна заплаціць А.Праляскоўскаму 25 мільёнаў рублёў


Ганна Соўсь, Менск Cуд Ленінскага раёну Менску пастанавіў спагнаць зь незалежнай газэты “Народная воля” 25 мільёнаў рублеў на карысьць кіраўніка галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Алега Праляскоўскага. Карэспандэнтка газэты Марына Коктыш павінна выплаціць яму яшчэ 2 мільёны рублёў. Суд задаволіў пазоў Алега Праляскоўскага пра абарону гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі.

1 кастрычніка прысуд вынесла судзьдзя Ленінскага раёну Тацяна Жулкоўская. Летась яна асудзіла праваабаронцу Кацярыну Садоўскую на два гады турмы.

Алег Праляскоўскі падаў у суд пазоў пра абарону гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі пасьля выхаду 2 жніўня публікацыі ў “Народнай волі” “Ўладзімер Холад па-ранейшаму знаходзіцца на свабодзе”.

Там паведамлялася пра былога першага намесьніка Праляскоўскага Ўладзімера Холада, якога абвінавачвалі ў карупцыі. Пра самаго кіраўніка ідэалягічнага ўпраўленьня ў артыкуле было толькі некалькі радкоў, у тым ліку “але Праляскоўскі на свабодзе”.

Галоўны рэдактар “Народнай волі” Ёсіф Сярэдзіч не афішаваў судовай справы і не запрасіў на працэс журналістаў.

Як адзначыла для Радыё Свабода шэф-рэдактар “Народнай волі” Сьвятлана Калінкіна, 25 мільёнаў, альбо больш за адзінаццаць з паловай тысяч даляраў — гэта вельмі вялікая сума для выданьня.

“Зразумела, што гэта вялізная сума, якая, мы лічым, ніяк не адпавядае таму, у чым нас абвінавачваў спадар Праляскоўскі. Мы будзем абавязкова абскарджваць гэтае рашэньне. Беларускія суды ставяць проста рэкорды па грашовым эквіваленце гонару і годнасьці высокіх чыноўнікаў.

Просты чалавек ніколі б не дабіўся такой кампэнсацыі, нават калі б былі 100 ці 300-працэнтныя доказы віны. Перад законам усе павінны быць роўныя.

Таму мы хочам прааналізаваць практыку беларускіх судоў у вынясеньні падобных рашэньняў у дачыненьні да простых людзей і да чыноўнікаў, а потым параўнаць гэтыя сумы”, — кажа Сьвятлана Калінкіна.

У 2005 годзе “Народная воля” згодна з рашэньнем суду вымушаная была выплаціць дэпутату Палаты прадстаўнікоў Сяргею Гайдукевічу 100 мільёнаў рублёў за публікацыю пра тое, што ён нібыта павінен ірацкаму боку каля 1 мільёна даляраў.

А у 2004 годзе суд прызначыў выплаціць тагачаснаму старшыню Белдзяржтэлерадыёкампаніі Ягору Рыбакову 50 мільёнаў рублёў за абразу гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі. Неўзабаве Ягор Рыбакоў трапіў у турму за карупцыю, але выданьню ўсё роўна прыйшлося сплаціць прызначаную судом суму.


• “Народная Воля” павінна заплаціць Сяргею Гайдукевічу 100 мільёнаў, 14.06.2005 • “Народная воля” мусіць выплаціць 50 мільёнаў рублёў былому старшыню БТ Ягору Рыбакову /b>, 31.05.2004
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG