Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Цэгла ХІІ сталецьця па сваіх памерах і форме не дапасавана да сучасных норм”


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 2 кастрычніка ў розныя гады мінулага.

“Зьвязда”, год 1927. Мастацтвазнаўца М.Шчакаціхін адзначае: “Яшчэ ў пачатку 1925 году Полацкі аддзел камунальнае гаспадаркі вырашыў разабраць на цэглу будынкі б.Бельчыцкага манастыра ў Полацку, якія з’яўляюцца надзвычайна каштоўнымі помнікамі нашай старадаўняй архітэктуры ХІІ сталецьця. Разбурэньне будынкаў адразу-ж было распачата, але тут вышаў маленькі канфуз: “спэцыялістыя” з Полацкага камгасу, зразумела, ня ведалі, што цэгла ХІІ сталецьця па сваіх памерах і форме не дапасавана да сучасных норм”.

“Бацькаўшчына” на гэтым тыдні 1957 году выказваецца пра савецкую ідэалёгію: “Там, дзе можна абыйсьціся бязь гібкасьці й дзе тым больш уступкі аказаліся небясьпечнымі, там гібкасьць адкідаецца, там ізноў стукае па стале грозны кулак партыі, там наглядаецца навет просты паварот да сталінскіх мэтадаў кіраўніцтва. Так здарылася, прыкладам, з партыйнай палітыкай на літаратурным фроньце. Надрукаваны нядаўна ў “Правде” артыкул Хрушчова “За цесную сувязь літаратуры й мастацтва з жыцьцём народу” — гэта яскравы прыклад”.

“Народная воля” ў 1997 годзе друкуе інтэрвію з кіраўніком Беларускай лігі правоў чалавека Яўгенам Новікавым, які выступаў з дакладам у падкамісіі ААН у правах чалавека. “Аб чым жа Вы гаварылі з высокай трыбуны? “ — спытаў журналіст. Яўген Новікаў: “Аб грубых парушэннях правоў чалавека ў Беларусі, аб тым, што ў краіне поўная залежнасць судовай улады ад выканаўчай, умяшанне апошняй у дзейнасць судоў, аб шматлікіх парушэннях у галіне свабоды слова і распаўсюджвання інфармацыі, аб крытычным становішчы у месцах пазбаўлення волі...”
XS
SM
MD
LG