Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты зоймуцца сьпікерам, бюджэтам і мовай


Уладзімер Глод, Менск Сёньня пасьля летніх вакацыяў узнаўляе працу Палата прадстаўнікоў. 2 кастрычніка адкрываецца чарговая, восеньская сэсія.

У папярэднім парадку дня ўжо каля 40 пытаньняў. Прынамсі, мяркуецца разгледзець новыя законапраекты аб гіпатэцы, амністыі, канстытуцыйнай судовай вытворчасьці, правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі. Дэпутаты хочуць таксама ўнесьці папраўкі ў законы аб супрацьдзеяньні экстрэмізму, занятасьці насельніцтва, пэнсійным забесьпячэньні ды іншыя.

Старшыня камісіі ў справах адукацыі, культуры, навукі і навукова-тэхнічнага прагрэсу Ўладзімер Здановіч з усіх пытаньняў самым галоўным называе бюджэтнае:

“На гэтай сэсіі, як і на ўсіх восеньскіх, самым важным і галоўным будзе прыняцьце бюджэту на наступны год. Гэта тычыцца ўсіх камісіяў. І ўсе мы ўжо даўно працуем над гэтай праблемай.

А наша камісія плянуе вынесьці на гэтую сэсію два, а, магчыма, і тры праекты. Першы зь іх – праект аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі, падрыхтаваны для разгляду ў першым чытаньні. Працу над гэтым законам мы вялі і вядзем у вельмі адкрытай форме. Ён надрукаваны на сайце міністэрства адукацыі. І кожны чалавек можа зь ім пазнаёміцца і даслаць свае заўвагі на адрас камісіі. Дарэчы, мы ўжо шэраг лістоў атрымалі з прапановамі. І частку зь іх палічылі вельмі слушнымі”.
”Узначаліць Палату чалавек, які ўжо мае пэўны досьвед кіраваньня такім органам.”
Сёньня ж дэпутаты зьбіраюцца абраць новага старшыню Палаты замест Уладзімера Канаплёва, які падаў у адстаўку са спасылкай на дрэнны стан здароўя. Цікаўлюся ў спадара Здановіча, ці не зьбіраецца ён вылучыць сваю кандыдатуру – закон не забараняе самавылучэньня?

“Я лічу, што цяпер знаходжуся менавіта там, дзе я павінен знаходзіцца, працуючы над заканадаўствам у галіне адукацыі. Гэта – маё. У кожнага чалавека ёсьць такая праца, якая яму пасуе.

А ўзначаліць Палату, я думаю, чалавек, які ўжо мае пэўны досьвед кіраваньня такім органам”.

У цяперашнім складзе толькі адна асоба мае такі досьвед – Вадзім Папоў кіраваў Палатай папярэдняга скліканьня. На спробу даведацца нешта ў самога спадара Папова, я пачуў наступнае:

“Бэз камэнтароў. Да мяне ў гэтым пытаньні не зьвяртайцеся”.

Сяргей Скрабец у Палаце папярэдняга скліканьня чатыры гады працаваў пад кіраўніцтвам Вадзіма Папова. Вось ягоныя ўражаньні:

“Было шмат пытаньняў, зь якімі мы зьвярталіся да Папова. І пераважна ён адказваў, што гэтае пытаньне ён не вырашае альбо раіў зьвярнуцца да Канаплёва, які ў той час быў ягоным намесьнікам”.

• Перайсьці на новыя правілы артаграфіі і пунктуацыі хочуць у 2010 годзе, 27.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG