Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2 кастрычніка беларускія прадпрымальнікі маюць намер страйкаваць


Іна Студзінская, Менск Рашэньне аб правядзеньні 2 кастрычніка агульнанацыянальнага аднадзённага папераджальнага страйку было прынятае на ўстаноўчай канфэрэнцыі рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” 10 верасьня. Прадпрымальнікі выступаюць супраць прэзыдэнцкага ўказу №760, згодна зь якім ад новага году індывідуальныя прадпрымальнікі ня могуць прыцягваць да працы наёмных работнікаў (за выключэньнем членаў сям’і і сваякоў). Да таго ж, пачасьціліся праверкі, штрафныя санкцыі, арышт тавараў.

Старшыня арганізацыйнага камітэту Віктар Гарбачоў заяўляе, што адназначна аднадзённы страйк прадпрымальнікаў сёньня адбудзецца:

“Цягам апошніх двух-трох дзён ідзе вельмі моцны ўціск на актывістаў: каго ў пракуратуру выклікаюць, каго судзяць. Усіх нашых заснавальнікаў, сяброў Савету паціху “даціскаюць”. Да таго ж, па ўсіх рэгіёнах ідзе “ўкідваньне” інфармацыі – маўляў, “страйк адменены, ня слухайце, ня верце”, пачынаюць бегаць правакатары ў сваіх шэрагах, збоку, заблытваюць народ. Але ў апошні дзень страйк ніхто ніколі не адмяняе. Машына запушчаная”.

Паводле арганізатараў страйку, у ім возьмуць удзел 30-40 тысяч прадпрымальнікаў з 32 гарадоў Беларусі. Але на месцах улады робяць усё, каб запалохаць і нават пасварыць прадпрымальнікаў, каб у іх не было моцнай кансалідаванай структуры. У Салігорску, калі адстойвалі стары рынак, была адна Рада прадпрымальнікаў, але пры пераезьдзе на новы некаторыя сябры сталі супрацоўнічаць з уладамі. Прадпрымальнікі абралі іншую Раду, пачаліся сваркі, дайшло нават да суду. Але сябра аргкамітэту грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” з Салігорску Аляксандар Цацура кажа:
”У апошні дзень страйк ніхто ніколі не адмяняе. Машына запушчаная.”
“Рынак будзе страйкаваць, і часткова кіёскі (і я ў тым ліку, у мяне таксама кіёск). Бальшыня кажа, што будзе страйкаваць, ня выйдуць на працу. Я зрабіў, здаецца, усё магчымае, каб страйкавалі”.

Але страйк, які праводзяць стваральнікі аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”, не падтрымлівае рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне “Пэрспэктыва”. Яго лідэру Анатолю Шумчанку вельмі не спадабалася ўлётка – заклік да страйку:

“Калі гэта заклік да страйку, чаму тут не агавораныя патрабаваньні? Чаму тут не сказана, хто гэта робіць? Выбачайце, тут гаворка ідзе пра аднадзённы папераджальны адпачынак”.

У сваю чаргу, Віктар Гарбачоў падкрэсьлівае, што сёньняшні страйк павінен стаць штуршком да далейшага яднаньня ўсіх прадпрымальніцкіх структур:

“Толькі кансалідацыя прадпрымальнікаў дасьць ім магчымасьць далей працаваць, існаваць. Ня будзе кансалідацыі – ня будзе й вынікаў”.

• Прадпрымальнікі патрабуюць сустрэчы з Лукашэнкам, 10.09.2007 • Ці абгрунтаваныя ўсе патрабаваньні прадпрымальнікаў?, 10.09.2007
XS
SM
MD
LG