Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>“Добраахвотна пакідаць пасаду – не ў расейскай традыцыі”</B>


Віталь Цыганкоў, Менск Уладзімер Пуцін вырашыў узначаліць выбарчы блёк «Адзінай Расеі» на парлямэнцкіх выбарах. Пуцін таксама ня выключыў, што можа ўзначаліць расейскі ўрад. Што азначаюць гэтыя крокі, ці можна сказаць, што Ўладзімер Пуцін вырашыў заставацца пры ўладзе? Аглядальнік Свабоды Віталь Цыганкоў гутарыць з палітолягам Віталем Сіліцкім

Цыганкоў: “Ці азначае гэты крок, што нарэшце знойдзены шлях, як Уладзімеру Пуціну застацца пры ўладзе, не застаючыся прэзыдэнтам?”

Сіліцкі: “Магчыма. Бо, ідучы на такі крок, Пуцін стварае сабе звышлегітымнасьць. Відавочна, што ён прывядзе “Адзіную Расею” да “элегантнай перамогі” – з перавагай 50-60 працэнтаў. Гэта стварае палітычны капітал Пуціну.

Як ён ім скарыстаецца? Тут два варыянты. Першы – сьпікер у Дзяржаўнай Думе. Але гэта азначае заўчасную адстаўку напрыканцы году, і таму – малаверагодна. Другі варыянт – ракіроўка з Зубковым і прэм’ерства пры сыстэме адказнага ўраду, што запатрабуе пэўнай канстытуцыйнай рэформы. Гэта стварае своеасаблівую сытуацыю вакол пераемніка, бо ўсім будзе зразумела, што ён стаў прэзыдэнтам толькі таму, што яго прызначыў Пуцін. Можа, тут робіцца разьлік на слабога альбо старога, як Зубкоў, прэзыдэнта з пэрспэктывай для Пуціна вярнуцца праз 4 гады”.

Цыганкоў: “Але тут, у гэтых варыянтах, застаецца загадка – ці можа Расея існаваць з двума кіраўнікамі? Няхай сабе адзін фармальны, а іншы – духоўны, аўтарытэтны. Каму прысягаць? Такога ў гісторыі гэтай краіны неяк не прыгадваецца. Ці не прывядзе гэта да хаосу?”

Сіліцкі: “Калі адзін чалавек падкрэсьлена слабы – то можа быць.

Але вы маеце рацыю. Я расклаў задумку. А што зь ёй здарыцца на наступны дзень пасьля таго, як Пуцін перастане быць прэзыдэнтам, я прагназаваць не бяруся. Зубкоў хаця і стары, але паказаў, што зубы ў яго ёсьць, даруйце за калямбур”.

Цыганкоў: “Іншае пытаньне: навошта Пуціну чакаць чатыры гады? Чаму б праз тры месяцы таму ж Зубкову ня выбачыцца перад народам за дрэннае здароўе і не пайсьці ў адстаўку? А на новых дэмакратычных выбарах выйграе Пуцін...”

Сіліцкі: “Цалкам магчыма, але ў тым спэцыфіка Расеі, што там трошкі дбаюць пра імідж, асабліва міжнародны. Людзі блізкія да Пуціна, калі я зь імі размаўляў, казалі: для нас гэта важна, каб падтрымліваць статус Расеі як сусьветнай дзяржавы.

Калі ж будзе варыянт ракіроўкі (прэм’ер-прэзыдэнт) і канстытуцыйнай рэформы, то там і ня будзе патрэбы чакаць. Ствараецца такі партыйны маналіт, і прэм’ер ім цалкам кіруе”.

Цыганкоў: “Пуцін сказаў, што дзеля аднаго чалавека ня будзе мяняць канстытуцыю. Зь іншага боку, такая рэформа падмывае расейскія традыцыі – адзінага цара, вярхоўнага кіраўніка. Прэм’ер-міністар пры прэзыдэнцка-парлямэнцкай рэспубліцы – неяк не па-расейску...

Сіліцкі: “Так, традыцыі падмываюцца. Але давайце ўзгадаем, што добраахвотна пакідаць пасаду – таксама не ў расейскіх традыцыях. Нават у рэжыме кіраванага пераходу напаўдынастычнага ў Расеі да Ельцына кіраўнікі добраахвотна з пасады не сыходзілі...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG