Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэры панясуць сабраныя подпісы ў Палату прадстаўнікоў


Любоў Лунёва, Менск Сёньня ўдзельнікі сацыяльных пікетаў, якія сабралі подпісы грамадзянаў супраць скасаваньня льготаў неабароненым слаям насельніцтва, пойдуць у Палату прадстаўнікоў, каб перадаць подпісы дэпутатам. Апроч таго, яны прадэманструюць намер адклікаць некаторых дэпутатаў, якія ня выканалі сваіх перадвыбарчых абяцаньняў.

Сёньня ў Менску некалькі дзясяткаў актывістаў дэмакратычнага руху выйдуць на плошчу Незалежнасьці, каб перадаць сабраныя подпісы супраць скасаваньня ільготаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў пад час працы сэсіі.

Упершыню супраць некаторых дэпутатаў выбаршчыкі распачалі працэдуру адкліканьня. Старшыня аргкамітэту ў правядзеньні “Сацыяльнага маршу” Валеры Ўхналёў лічыць, што галоўнае ў гэтай справе – стварыць прэцэдэнт:

“Прэцэдэнту не было. Ніхто гэтага не рабіў, але ёсьць прапісаная працэдура, і мы пачынаем такое мерапрыемства, як адкліканьне дэпутата. Цяпер мы гэта робім у некалькіх акругах Рэспублікі Беларусь. Паглядзім, як адрэагуе на гэта ўлада. Мы павінны паказаць, што ня толькі яны там абраныя ці прызначаныя прэзыдэнтам, будуць сядзець у Палатцы і рабіць усё, што заўгодна, але і выбаршчык, які мае права іх адкліканьня, будзе нешта рабіць, каб адклікаць іх і выбраць туды новых”.

Працэдура адкліканьня дэпутата патрабуе ад ініцыятараў выкананьня нормаў выбарчага заканадаўства. Згодна зь імі, спачатку трэба сабраць 150 подпісаў. Потым зьвяртацца да мясцовых уладаў, каб тыя арганізавалі сустрэчу з дэпутатам, на якой мусіць быць ня менш за 300 чалавек. І толькі пасьля гэтага, зрабіўшы адпаведныя звароты ў розныя структуры, справу можна давесьці да канца.
”Выбаршчык, які мае права іх адкліканьня, будзе нешта рабіць, каб адклікаць іх і выбраць туды новых.”
Сярод дэпутатаў, якіх выбаршчыкі хочуць адклікаць з Палаты прадстаўнікоў, Леанід Козік, Ігар Катляроў з Пухавічаў і яшчэ некалькі чалавек. У ініцыятыўную групу ў справе адкліканьня Ніны Кабернік са Жлобіну ўваходзіць Валер Рыбчанка. Ён паведаміў “Свабодзе”:

“Яна абяцала ў сваім перадвыбарчым лісьце, што яна будзе адстойваць сацыяльна незабясьпечаных людзей, інвалідаў, маленькіх дзяцей. Асабліва шмат чаго казала пра жанчын, якія выхоўваюць маленькіх дзетак без мужоў... Яна ўсё гэта абяцала. Але цяпер усё гэта разыходзіцца. Чаму яна галасавала за адмену ільгот? Яна адказала, што шмат пра гэта думала, але, улічваючы цяжкае становішча ў краіне, прыняла рашэньне галасаваць за адмену ільгот”.

Сябры аргкамітэту ў правядзеньні “Сацыяльнага маршу” разьлічваюць, што людзей, якія сёньня панясуць сабраныя подпісы, ня будуць затрымліваць, бо гэта ня будзе масавай вулічнай акцыяй.

• Улада дапамагла арганізатарам “Сацыяльнага маршу”, 1.10.2007 • “Чорная метка” дэпутату Адашкевічу, 1.10.2007
XS
SM
MD
LG