Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лошыца: Крыж памяці ахвяраў рэпрэсій хочуць зьнесьці?


Ганна Соўсь, Менск У Грамадзкі камітэт дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій зьвярнуліся з Інстытуту гісторыі з просьбай абгрунтаваць знаходжаньне крыжа ў Лошыцкім Яры. Як стала вядома Радыё Свабода, адпаведны афіцыйны запыт быў зроблены раней у Аддзел ваеннай гісторыі Інстытуту гісторыі Акадэміі навук. Калі навуковага абгрунтаваньня існаваньня крыжа ня будзе дадзена, ёсьць верагоднасьць, што гэты мэмарыяльны знак памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій можа быць зьнесены.

Пра зварот з Інстытуту гісторыі сёньня Свабодзе паведаміў сакратар грамадзкага аргкамітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій Уладзімер Раманоўскі.

“Цікавіліся: калі, кім, паводле якога праекту быў усталяваны крыж у Лошыцы. Калі такіх няма, то ставіцца пытаньне аб зьнішчэньні гэтага крыжа. Гэта сыгнал з Інстытуту гісторыі, куды нібыта прыйшоў афіцыйны запыт наконт абгрунтаваньня існаваньня гэтага крыжа. Адкуль прыйшоў? Мы пастанавілі цяпер разабрацца, адкуль. Ці гэта зроблена на ўзроўні Менгарвыканкаму, ці адміністрацыі Ленінскага раёну”.

“Гэта месца, пра якое даўно вядома”

Сябры грамадзкага аргкамітэту ня выключаюць, што на месцы, дзе цяпер усталяваны крыж, плянуецца нейкае будаўніцтва. Як стала вядома Радыё Свабода, зварот паступіў у аддзел ваеннай гісторыі Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі. Паводле археоляга Валянціны Вяргей, афіцыйныя раскопкі ў Лошыцы не праводзіліся. Пра тое, што тут расстрэльвалі людзей, стала вядома ад сьведак. Працягвае палітык Вячаслаў Сіўчык:

“Гэта месца, пра якое даўно вядома. І ў нас, на вялікі жаль, у Менску, больш за 10 мясьцінаў, дзе сыстэма ЧК, ГПУ, НКВД, МГБ расстрэльвала людзей. Толькі ў некалькіх месцах ёсьць сьціплыя мэмарыяльныя знакі. І ўлада павінна была на ўсіх мясьцінах, дзе былі расстраляныя людзі, даўно сама ўсталяваць крыжы. Я ня ведаю, дзеля чаго сёньня спатрэбіўся гэты кавалак зямлі. Ясна, што цяпер у Беларусі працуюць грошы. Але сама пастаноўка пытаньня ўладамі абуральная для любога чалавека, які жыве на нашай зямлі”.

Калі стала вядома пра Лошыцкі Яр, то ўлады адразу зрабілі там гаражы

Крыж у Лошыцы быў усталяваны напачатку 1990 гадоў актывістамі Беларускага народнага фронту. З таго часу штогод на Дзяды ў Лошыцы ладзяцца жалобныя акцыі – шэсьце і мітынг. Традыцыйна іх арганізоўвае Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ. Намесьнік старшыні партыі Юрась Беленькі расказвае пра гісторыю гэтага месца.

“Ёсьць зьвесткі, што якраз у Лошыцкім Яры расстраляныя і беларускія навукоўцы, і беларускія пісьменьнікі. Хаця ня толькі там расстрэльвалі нашу нацыянальную эліту. Калі стала вядома пра Лошыцкі Яр, то ўлады адразу прынялі гнюсныя захады – яны проста гэтае месца засыпалі слоем грунту і зрабілі там гаражы, каб такім чынам проста схаваць гэтую страшную праўду”.

4 лістапада ў Лошыцы з нагоды Дня памяці продкаў плянуецца правесьці жалобны мітынг. Юрась Беленькі лічыць, што ўзяўшы ўдзел у гэтай акцыі людзі змогуць зрабіць рэальныя крокі дзеля захаваньня крыжа.

Як і многія знакі памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, Лошыцкі крыж спазнаў барбарства вандалаў. Каля шасьці гадоў таму ён быў паламаны, аднак пазьней крыж адрамантавалі. Той, хто яго адраманатаваў, пажадаў застацца невядомым.

Актывісты КХП БНФ ушанавалі памяць ахвяраў Лошыцкага яру (фота), 4.11.2006
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG