Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Р.Сітніца: “Дзяржава рана ці позна павернецца тварам да нацыянальнай культуры”


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 30 верасьня).

Нядаўна ў курортным мястэчку Ніда, што на Куршскай касе ў Балтыйскім моры, адбыўся міжнародны літаратурна-мастацкі пленэр. У ім бралі ўдзел паэты й мастакі з Польшчы, Літвы й Беларусі. Сярод творцаў, што прадстаўлялі Беларусь, быў і мастак Рыгор Сітніца.

Мастак Рыгор Сітніца

“Ніда – узор таго, як людзі павінны ставіцца да сваёй старасьвеччыны”

Міхась Скобла: “Рыгор, пленэр працягваўся шэсьць дзён. Паводле Старога Запавету, за гэткі ж час быў створаны сьвет. А што было створана на пленэры паэтамі й мастакамі з трох сумежных краінаў?”

Рыгор Сітніца: “Мы таксама стварылі свой маленькі ўтульны сьвет, сьвет сумоўя, сяброўства, дабразычлівасьці. Сапраўды, творцам быў зладжаны цудоўны прыём, паклапаціўся пра ўсё Саюз пісьменьнікаў Літвы, а фінансаваўся пленэр літоўскім урадам.

Уражаньні ад Ніды – самыя найлепшыя. Увогуле, Ніда – узор таго, як трэба ставіцца да сваёй гістарычна-культурнай спадчыны. Дзе ні бываю, я прыглядаюся да таго, як людзі ставяцца да сваёй старасьвеччыны. На вялікі жаль, гэтыя параўнаньні не на нашу карысьць. Ніда – колішняе рыбацкае паселішча, а цяпер там запаведнік. Гэта пяшчаныя выдмы, сосны, тамтэйшы пэйзаж часам нагадвае нейкі ішаплянэтны краявід. Там дамкі настолькі ўпісаныя ў ляндшафт! Бачна, што прафэсійны мастак распрацаваў адзін стыль і сказаў: усё ў Нідзе павінна гэтаму стылю адпавядаць. І таму там усё ў адной каляровай гаме. І калі ты хочаш збудаваць на касе супэрсучасны будынак, то будзь ласкавы – прытрымлівайся гэтага стылю. Прыкладам, у Нідзе стаіць сучасны касьцёл надзвычай дасканалай формы, стоадсоткава ўпісаны ў ляндшафт. Я прыгледзеўся – а ён накрыты чаротам”.

Скобла: “У нас такі касьцёл накрылі б мэталёвай дахоўкай”.

Сітніца: “У нас і накрываюць. Касьцёл сьвятога Язэпа, адзін з самых старых будынкаў у Менску, які калісьці быў накрыты натуральнай дахоўкай, цяпер накрылі мэталёвай, зрабілі “красіва”. Мала таго, з яго зьбіраюцца зрабіць гатэль пяцізоркавы. Ну, я аналягаў у сьвеце ня ведаю, тут мы паперадзе плянэты ўсёй”.

“Літоўцы прасілі прачытаць вершы па-беларуску й разумелі нашых паэтаў без перакладу”

Скобла: “Калі зірнуць на геаграфічную карту, то Куршская каса, дзе адбывааўся пленэр, нагадвае па форме шаблю, якую волат-каваль з накавальні кінуў гартавацца ў марскія хвалі. Сапраўды, і беларусаў, і літоўцаў, і палякаў можна назваць братамі па зброі, паколькі раней мы жылі ў адной дзяржаве й супольна абараняліся ад ворагаў, і без праблемаў разумелі адзін другога. А як на пленэры – ці паразумеліся тры розныя мовы, тры розныя культуры?”

Сітніца: “Я бываў у розных краінах на самых розных мастацкіх імпрэзах. І пленэр у Нідзе мне надзвычай спадабаўся сваёй цеплынёй, шчырасьцю. Сабраліся людзі практычна незнаёмыя, але, як аказалася, блізкія сябры. Ад кожнай краіны было па дзесяць чалавек – па пяць літаратараў, і па пяць мастакоў – агулам трыццаць чалавек удзельнікаў. Беларускую літаратурную дружыну прадстаўлялі Ўладзімер Някляеў, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, а таксама віленскія беларусы Тацяна Сапач і Алег Аблажэй. Мастацкі бок – Аляксей Марачкін, я, Генадзь Драздоў, Кацярына Сумарава. З іншых краінаў былі таксама прадстаўнічыя дэлегацыі. Дастаткова згадаць, што ў пленэры браў удзел старшыня Саюзу пісьменьнікаў Польшчы Марэк Ваўжкевіч.

На пленэры мне ўвесь час думалася: тое, што вельмі цяжка ўдаецца палітыкам, элемэнтарна ўдаецца творцам. І ніякіх праблемаў не ўзьнікае, нічога мы не дзялілі, усё ў нас было агульнае. Падчас пленэру мы былі ў гасьцях у тамтэйшага старога мастака. Дарэчы, чалавека вельмі цікавага лёсу. Па Другой усясьветнай вайне ён адседзеў шмат гадоў у гулагу і ў сваёй творчасьці занатаваў усе пакуты пекла, праз якое прайшоў. Ягоны дом – выдатны музэй этнаграфіі й архэалёгіі. Мастак пачаставаў нас нечуванай для нас бурштыновай гарэлкай (між іншым – выдатны напой), а пасьля папрасіў нас пачытаць вершы па-беларуску. І я прачытаў верш. І яго без перакладу зразумелі й палякі, і літоўцы. Вось толькі адзін штрых, які паказвае, што на пленэры панавала ўзаемапаразуменьне”.

“Хваліць сваю родную нацыю – ніколі ня сорамна”

Скобла: “Я так зразумеў, што творчы працэс адбываўся непасрэдна на месцы: мастакі хадзілі на эцюды, паэты перакладалі адзін другога. З беларускага боку ў пленэры бралі ўдзел паэты, якія карыстаюцца традыцыйным вершам. У той час, як літоўцы з палякамі ледзь не пагалоўна перайшлі на вольны верш – вэрлібр. Розныя творчыя манэры не заміналі пры перакладах?”

Сітніца: “Гэта рухала ўсю справу ў станоўчы бок. Бо нашы творцы, нашы перакладчыкі толькі паляпшаюць арыгінал, я ў гэтым неаднойчы пераконваўся. Тое самае адбылося і ў Нідзе. Пагадзіся, калі перакладае Ўладзімер Някляеў, то ягоная энэргетыка перадаецца й таму аўтару, якога ён перакладае, і якому, магчыма, някляяеўскай энэргетыкі, акурат і не стае. Так што беларускія пераклады пайшлі на карысьць нашым польскім, і, асабліва, літоўскім калегам”.

Скобла: “Ох і любяць беларусы самі сябе пахваліць”.

Сітніца: “А чаму ж не пахваліць, калі ёсьць чым хваліцца? Ну, хай паспрабуюць літоўцы перакласьці някляеўскую паэму “Палянэз” – зь ейнай рытмікай, рыфмоўкай, энэргетыкай. Гэта вельмі складана”.

Скобла: “А яшчэ кажуць, што беларусы – сьціплыя… Я размаўляў з некаторымі ўдзельнікамі міжнароднага літаратурнага фэстывалю “Месяц аўтарскага чытаньня”, які сёлета адбыўся ў чэскім горадзе Брно. Дык яны ў адзін голас: “Мы, беларусы, зьдзівілі чэхаў сваімі талентамі…” А калі ўсё ж абысьціся без самаўсхваленьня: чым у Нідзе літоўцы й палякі зьдзівілі беларусаў?”

Сітніца: “Буду працягваць хваліцца. Гэта прыемна. Тым больш -- хвалю не сябе, а сваю родную нацыю. Гэта рабіць ня сорамна. Калі мы ў Нідзе зьбіраліся на вечаровыя сустрэчы зь лёгкімі напоямі, то ўрэшце даходзіла да сьпеваў. Вось у сьпевах беларусам і насамрэч роўных няма! Літоўцы яшчэ так-сяк тры-чатыры песенькі ўспомнілі, палякі – адну-дзьве. Ну, а беларускіх песьняў хапіла ледзь не на ўсю ноч! Прычым, з камэнтарамі. “Вось песьня “Волы” – гэта нашы прадзеды едуць у Крым па соль. А песьня “Купалінка” сьпявалася на Купальле…” Усім гэтым мы ня проста зьдзівілі, а проста ашаламілі й літоўцаў, і палякаў! І нас кожнага разу прасілі паўтарыць праграму. Што мы з задавальненьнем і рабілі. Зрэшты, дзе ні бываю, гэты “цьвік” праграмы я стараюся выкарыстоўваць на ўсе сто адсоткаў. Гэта называецца – ведай нашых!”

“Ладзіць мастацкія пленэры павінна дапамагаць дзяржава”

Скобла: “Ты штогод удзельнічаеш у мастацкіх пленэрах за мяжой. І там гэта – адна з яскравых праяваў культурнага жыцьця. Ці часта ладзяцца падобныя пленэры ў Беларусі, і чым яны адрозьніваюцца ад замежных?”

Сітніца: “На жаль, у нас пленэры ладзяцца зусім нячаста. Найчасьцей, мне даводзіцца бываць у Польшчы – там штогод праводзяцца дзясяткі, калі ня сотні самых розных пленэраў. Яны ладзяцца ў кляштарах, у другіх незвычайных месцах. Напрыклад, усясьветна вядомы рэжысэр Кшыштаф Занусі праводзіць прыватны пленэр на сваёй віле пад Варшавай. А што ў нас? У нас ёсьць пленэр імя Язэпа Драздовіча, які штогод ладзіць на Віцебшчыне суполка мастакоў “Пагоня”. Ладзіцца яшчэ адзін салідны пленэр імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі на Магілёўшчыне. Ён ладзіцца на дзяржаўныя сродкі, і ён -- беларуска-расейскі: адбываецца на Магілёўшчыне і ў Расеі, на Акадэмічнай дачы. Гэты пленэр мае добрае фінансавае забесьпячэньне, і дзякуй Богу, што дзяржава лічыць патрэбным яго падтрымаць. Я хацеў бы, каб падобныя пленэры ладзіліся і ў гонар Напалеона Орды, Валенція Ваньковіча, Віталя Цьвіркі. Гэта маглі б быць магутныя пленэры. Але тут павінна дапамагаць дзяржава”.

Скобла: “Віктар Карамазаў, які вельмі шмат зрабіў дзеля ўшанаваньня памяці Бялыніцкага-Бірулі, расказваў, што некаторыя замежныя мастакі пакідаюць магілёўскі пленэр на знак пратэсту супраць афіцыёзу, які там пануе. Разам з дзяржаўнай дапамогай на пленэр прыходзіць афіцыёз. Як тут быць?”

Сітніца: “Ды вельмі проста. Дзяржава (якая б ні была, яна – наша) павінна станавіцца больш культурнай. І той кіраўнік пленэру, які прызначаецца дзяржавай, павінен быць адукаваным, культурным чалавекам. Дзяржава павінна дбаць пра свой нацыянальны прэстыж”.

“Паварот да нацыянальных каштоўнасьцяў – адзіная магчымасьць захаваць і дзяржаву, і саміх сябе”

Скобла: “Рыгор, я прыгадваю адну тваю графічную працу: крыж з абгарэлых галавешак на прыступках станцыі мэтро “Няміга”. І напісана яна была за гадоў пяць да трагедыі, калі на тых самых прыступках загінулі 53 чалавекі. Ты нібы прадбачыў бяду. У сувязі з гэтым пытаньне. Днямі ўключаю БТ – а там рэклямуецца часопіс “Дзеяслоў” – прытулак неляяльных да ўлады пісьменьнікаў. Праз пару дзён па тым жа БТ – выдатны канцэрт беларускай песьні на словы Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча, Уладзімера Някляева. І гэтым разам – з пазначэньнем аўтараў, чаго звычайна не бывае. Зноў жа – днямі прынята рашэньне аб наданьні менскім вуліцам імёнаў Льва Сапегі й Янкі Брыля. Вы верыце, што гэтая ўлада нарэшце павернецца тварам да нацыянальнай культуры?”

Сітніца: “Я перакананы, што дзяржава рана ці позна павернецца тварам да нацыянальных каштоўнасьцяў, бо гэта адзіны разумны шлях. Гэта адзіная магчымасьць захаваць і дзяржаву, і саміх сябе – як нармальных цывілізаваных людзей. Мяне вельмі цешыць, што зьявяцца вуліцы, якія будуць насіць імёны нашых славутых нацыянальных дзеячаў. Але гэтыя вуліцы не павінны быць у Малінаўцы ці Шабанах. Ды гэта асобная гаворка.

Даўно ўжо дзяржаўным СМІ варта зьвярнуць увагу на самы лепшы літаратурны часопіс краіны – “Дзеяслоў”, хай сабе ён і не дзяржаўны. Дзяржаўныя зь яго прыклад павінны браць.

Што да песьняў... Ну як можна не назваць аўтара песьні “Янка Купала” – Уладзімера Някляева? Гэта ж гімн нацыянальнай паэзіі! Як можна не назваць Генадзя Бураўкіна – аўтара дзясяткаў песенных хітоў?! Часам чалавек, які доўга не галіўся, хадзіў зарослы, раптам паголіцца, то ўсе адразу заўважаюць перамену – гляньце, чалавекам стаў! Так можа быць і з нашай дзяржавай. Але нічога дзіўнага тут няма. Гэта – норма”.

Сувязь з аўтарам перадачы: m.skobla@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG