Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мартыралёг Беларусі”: кожны пяты прысуд — расстрэл


Ганна Соўсь, каардынатар “Мартыралёгу Беларусі”, Менск На інтэрнэт-старонцы “Мартыралёг Беларусі” зьявілася больш за тысячу новых біяграмаў ахвяраў камуністычных рэпрэсій. Пераважна гэта сьпісы людзей, рэпрэсаваных у Менску і Віцебску. Да сьнежня 2008 году плянуецца выставіць каля 60 тысяч біяграмаў. Праз старонку “Мартыралёгу Беларусі” можна шукаць прозьвішчы сваіх родных і знаёмых.

Сёлета ад 1 верасьня на сайце martyraloh.org друкуюцца біяграмы ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў — разам каля 60 тысяч кароткіх гісторый людзей, якія былі расстраляныя, зьняволеныя ў канцлягерах, высланыя зь Беларусі ў гады савецкага тэрору.

Цягам апошніх чатырох гадоў на сайце ў рубрыцы “Ахвяры” ўжо выставілі больш за пяць з паловай тысячаў біяграмаў беларусаў, рэпрэсаваных у Архангельску, Карэліі, Комі АССР, Краснаярскім краі, Ленінградзе і Мурманску. Выставілі таксама сьпісы рэпрэсаваных дзеячаў культуры, узятыя з дасьледаваньняў Леаніда Маракова.

Пераважная большасьць ахвяраў — гэта сяляне

Цяпер жа на сайце зьявілася больш як тысяча біяграмаў людзей, якія былі рэпрэсаваныя менавіта ў Беларусі.

Сьпісы з архіваў КДБ здабыў і апрацаваў для сайту каардынатар “Мартыралёгу Беларусі” Сяргей Дубавец.

“Найпершая адметнасьць у тым, што гэта вельмі шмат народу — тысячы і тысячы людзей. Ёсьць там і прафэсары, і міністры, і пісьменьнікі, але пераважная большасьць — гэта сяляне, гэта аднаасобныя гаспадаркі, таму што найбольшыя рэпрэсіі прыпадалі на пэрыяд калектывізацыі. Але зьдзіўляе тое, што было і вельмі шмат калгасьнікаў”.

За антысавецкія выказваньні й тэрарыстычныя намеры — расстрэл

Сяргей Дубавец зьвяртае ўвагу на тое, што прыблізна кожны пяты выпадак у гэтых сьпісах заканчваецца прысудам — вышэйшая мера пакараньня.

“Калі браць 1937—1938 гады, то гэта, як правіла, вышэйшая мера пакараньня. Мы нават ведаем, што на той час даваліся разнарадкі на расстрэльныя справы.

Скажам, нехта Апанас Фёдараў з Гарадка, 64 гады яму было ў 1938 годзе. Арыштаваны і асуджаны “тройкай” за антысавецкія выказваньні і тэрарыстычныя намеры да вышэйшай меры пакараньня. Пажылы чалавек, селянін расстраляны за выказваньні”, — кажа Сяргей Дубавец.

Амаль усе “шпіёны” тады былі польскімі

Сьпісы сьведчаць, што найчасьцей людзей тады судзілі за антысавецкую агітацыю, контрарэвалюцыйную дзейнасьць і шпіянаж. Дарэчы, амаль усе “шпіёны” тады былі польскімі.

Сяргей Дубавец кажа, што яго найбольш уражвалі гісторыі рэпрэсаваных дзяцей.

“Напрыклад. цэлая сям’я Дубініных, трое дзяцей. Адна зь іх, Тамара Дубініна, нарадзілася ў 1946 годзе, і ў гэтым жа годзе на яе завялі крымінальную справу, і яна была на пяць гадоў высланая ў Краснаярскі край як член сям’і здрадніка радзіме. Дзіця да году мела ўжо сваю крымінальную справу паводле палітычных матываў”.

Нават у расcтрэльных справах чэкісты не надавалі значэньня дакладнасьці фактаў

Вельмі ўражвае таксама неахайнасьць, зь якой чэкісты вялі дакумэнтацыю, кажа Сяргей Дубавец.

“Часам яны проста ня ведаюць даты нараджэньня ахвяры, часам нават даты расстрэлу не фіксуюць. Я ўжо не кажу пра страшэнную неахайнасьць у напісаньні беларускіх населеных пунктаў, у напісаньні прозьвішчаў. Адчуваецца, што лёсы вырашаліся проста нейкімі нелюдзямі, якія нават ведучы страшныя расстрэльныя справы, не надавалі значэньня дакладнасьці фактаў”.

Сьпісы ахвяраў рэпрэсіяў на старонцы “Мартыралёг Беларусі” ўвесь час папаўняюцца. Да 1 лістапада плянуецца выставіць яшчэ больш за тысячу біяграмаў.

Інтэрнэт-сайт “Мартыралёг Беларусі” зьявіўся ў сеціве ў 2003 годзе. Гэтая старонка апавядае пра злачынствы і пра ахвяраў камунізму ў Беларусі ў ХХ стагодзьдзі.

Штодня ад 1 верасьня да 10 сьнежня — Усясьветнага дня правоў чалавека — у эфіры “Свабоды” мы згадваем адно імя, успамінаем пра адно жыцьцё, расказваем пра адзін лёс з сотняў тысяч абарваных камуністычным рэжымам.


Сьпісы ахвяраў — на сайце martyraloh.org — даступныя праз сайт svaboda.org.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG