Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сайце “Мартыралёг Беларусі” больш за тысячу новых біяграмаў ахвяраў


Ганна Соўсь, Менск Інтэрнэт-старонка “Мартыралёг Беларусі” папоўнілася больш чым тысяччу біяграмамі ахвяраў камуністычных рэпрэсій. У асноўным гэта сьпісы людзей, рэпрэсаваных у Менску і Віцебску. Да сьнежня 2008 году плянуецца выставіць каля 60 тысячаў біяграмаў. Праз старонку “Мартыралёгу Беларусі” можна шукаць прозьвішчы сваіх родных і знаёмых.

Ад 1 верасьня на сайце “Мартыралёг Беларусі” друкуюцца біяграмы ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў -- усяго каля 60 тысячаў імёнаў людзей, якія былі расстраляныя, зьняволеныя ў канцлягерах, высланыя зь Беларусі ў гады савецкага тэрору.

Цягам апошніх чатырох гадоў на сайце ў рубрыцы “Ахвяры” ўжо былі выстаўленыя больш за пяць з паловай тысячаў біяграмаў беларусаў, рэпрэсаваных у Архангельску, Карэліі, Комі АССР, Краснаярскім краі, Ленінградзе і Мурманску. Сярод іх асобна былі выстаўленыя сьпісы рэпрэсаваных дзеячаў культуры, узятыя з кнігі Леаніда Маракова.

Цяпер жа сайт папоўніўся больш чым тысыччу біяграмамі людзей, якія былі рэпрэсаваныя менавіта ў Беларусі. Пераважная большасьць зь іх гэта сяляне, многія з іх мелі толькі пачатковую альбо няскончаную пачатковую адукацыю, мелі аднаасобныя гаспадаркі, гэта значыць не ўступалі ў калгасы. Ураджэнцы заходніх раёнаў Беларусі найчасьцей былі асуджаныя як "польскія шпіёны".

Вось прыклад найбольш тыповай біяграмы.

“Эмілія Сабіна. Нарадзілася ў 1902 у вёсцы Трускоўшчына. З духоўнага саслоўя, непісьменная. У калгас не пайшла, мела гаспадарку на хутары Броды Лагойскага раёну. У 1937 годзе арыштаваная і асуджаная «тройкай» да вышэйшай меры пакараньня за садзеяньне агенту польскай выведкі. Расстраляная ў Менскай турме 28 верасьня 1937 году”.

Інтэрнэт-сайт “Мартыралёг Беларусі” зьявіўся ў сеціве ў 2003 годзе. Гэтая старонка апавядае пра злачынствы і ахвяраў камунізму ў Беларусі ў ХХ стагодзьдзі.

Штодня ад 1 верасьня да 10 сьнежня – Усясьветнага дня правоў чалавека – у эфіры “Свабоды” мы узгадваем адно імя, успамінаем пра адно жыцьцё, расказваем пра адзін лёс з сотняў тысячаў, абарваных камуністычным рэжымам.

Сьпісы ахвяраў - на сайце martyraloh.org - даступныя праз сайт svaboda.org.

Падрабязьней пра гэта – пазьней на нашым сайце і ў вечаровым эфіры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG