Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Варшаўскім стадыёне больш не гандлююць


Аляксей Дікавіцкі, Варшава Скончыўся гандаль на найбуйнейшым кірмашы Эўропы – Варшаўскім стадыёне Дзесяцігодзьдзя, куды цягам апошніх амаль 20 гадоў па тавары прыяжджалі тысячы беларусаў. У нядзелю на стадыёне пабываў карэспандэнт Свабоды.

Спадарыня Тацяна – з заходняй Беларусі, на стадыёне гандлюе каля 5 гадоў. Яна просіць сваю суседку-армянку папільнаваць тавар – штучнае футра, а сама ідзе набыць круху касмэтыкі:

«Мне яшчэ трэба пайсьці там... замовіла бляск для вуснаў, памаду...»

Тацяна ня хоча, каб размова запісвалася, пагаджаецца сказаць толькі некалькі слоў – яна шкадуе, што гандлю на стадыёне ўжо ня будзе:

«Усе гандлявалі, ехалі, і ўсім добра было – і нам, і ім».

Улады Варшавы і шмат хто з жыхароў польскай стаіцы, аднак, лічаць іначай – стадыён, які знаходзіцца зусім недалёка ад цэнтру гораду, выглядае вельмі брыдка з намётамі і сьмецьцем, але перадусім – у Польшчы і ва Ўкраіне праз 5 гадоў адбудзецца футбольны чэмпіянат Эўропы, і тут будзе пабудаваны новы сучасны стадыён.

«Гэта праект, ад якога шмат чакаюць, і новы нацыянальны стадыён павінен быць пабудаваны, нягледзячы на тое, што, можа, і ня ўсё атрымаецца зрабіць да чэмпіянату Эўропы», – заявіла міністар спорту Польшчы Эльжбета Якубяк.

Замест стадыёну гандляры атрымаюць магчымасьць ад наступнай вясны гандляваць у іншым месцы – на вуліцы Радзыміньскай, але гэта, як яны кажуць, ужо ня тое.

Разьвітвацца з адным з сымбаляў пачатку эканамічных пераменаў ва Ўсходняй Эўропе, месцам, дзе ад сярэдзіны 50-х адбываліся найважнейшыя мерапрыемствы камуністычных уладаў, а потым пачаў гаспадарыць рынак, дзе гандляры разумеюць мовы ўсіх усходніх суседзяў Польшчы, крыху сумна.

Магчыма таму ў нядзелю, апошні дзень гандлю на стадыёне часта ўключалі вядомы польскі шлягэр 30-х гадоў – танга «Апошняя нядзеля»...

Варшава, 30.09.2007. Варшаўскі стадыён: гандаль працягваецца Варшаўскі стадыён: гандаль працягваецца

Варшава, 30.09.2007. Варшаўскі стадыён: гандлёвыя шэрагі Варшаўскі стадыён: гандлёвыя шэрагі

Варшава, 30.09.2007. Варшаўскі стадыён: панарама Варшаўскі стадыён: панарама
XS
SM
MD
LG