Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лябедзька: “Гэта самая лепшая акцыя апазыцыі”


Любоў Лунёва, Менск У Менску ад раніцы на цэнтральных плошчах і на прылеглых да праспэкту Ф.Скарыны вуліц зьявіліся аўтазакі і міліцэйскія аўтобусы са спэцназаўцамі. На месцах, дзе раней плянавалася праводзіць інфармацыйныя пікеты, дзяжурылі супрацоўнікі міліцыі ў форме і ў цывільным. Міліцыянты наведваліся на кватэры апазыцыянэраў. Нягледзячы на ўсе гэтыя меры, апазыцыі ўдалося правесьці інфармацыйную кампанію пра маючы адбыцца 4 лістапада “Сацыяльны марш” і сабраць подпісы грамадзянаў.

Супрацоўнікі міліцыі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. На менскіх вуліцах і плошчах да 8 вечара знаходзяцца аўтазакі і аўтобусы са спэцназаўцамі. Каля плошчы Бангалор за раздачу газэты “Товарищ” былі затрыманыя старшыня аргкамітэту ў падрыхтоўцы правядзеньня “Сацыяльнага маршу” Валеры Ўхналёў, а таксама Генадзь Шарыпкін і Зьміцер Яненка. Больш за гадзіну іх пратрымалі ў міліцыі Савецкага раёну Менску. Валеры Ўхналёў апавёў “Свабодзе”, што ў міліцыі яму зрабілі вымову, паводле якой ён “раздаваў газэту мінакам з асаблівым цынізмам “.

Гаворыць Валер Ухналёў:

“Мы сёньня па ўсёй рэспубліцы раздалі больш за 15 тысяч экзэмпляраў газэты “Товарищ”, больш за 40 тысяч улётак пра “Сацыяльны марш”. Не магу пакуль назваць канкрэтную лічбу, але лічу, што сёньня мы сабралі каля 50-60 тысяч подпісаў грамадзянаў да дэпутатаў Палаты”.

Кватэру Анатоля Лябедзькі двойчы наведалі спэцназаўцы. Лідэр АГП лічыць, што ўлады, спрабуючы спыніць распаўсюд інфармацыі пра акцыі апазыцыі, сваімі дзеяньнямі толькі зрабілі дадатковую рэкляму.

“Тое, што адбылося – гэта адна з найлепшых акцый апазыцыі за час існаваньня сувэрэннай Беларусі. Я яшчэ больш пераканаўся, што, калі нейкія тэхналёгіі не спрацоўваюць, то трэба іх мяняць. У нас канфіскавалі частку накладу газэт, канфіскавалі ўлёткі, але зрабілі добрую кампэнсацыю. Сваімі неразумнымі дзеяньнямі ўлады толькі прарэклямавалі і тое, што сёньня мусіла адбывацца, і тое, што будзе 14 кастрычніка і 4 лістапада – менавіта “Эўрапейскі” і “Сацыяльны” маршы”.

Актывістка АГП Валянціна Палевікова мае намер падаць скаргу на міліцыянтаў, якія абышлі па кватэрах яе суседзяў і задавалі ім пытаньні, якія, на думку сп.Палевіковай, кампрамэтуюць і абражаюць яе як асобу.

“Абышлі больш за 400 чалавек міліцыянты і супрацоўнікі КДБ. Завалі вельмі цікавыя пытаньні. Іх цікавіла зь кім я жыву, на якія сродкі... Трэба падаваць у суд”.

У Менску плянавалася правесьці каля сотні пікетаў. На тых месцах і тую гадзіну, якія былі ўказаныя ў заяўках, стаялі міліцэйскія патрулі. Але людзі правялі акцыі ў іншых месцах і ў іншы час. Сябры аргкамітэту падлічылі, што амаль усе інфармацыйныя матэрыялы пра “Сацыяльны марш” , які мае адбыцца 4 лістапада ў Менску, раздалі мінакам. Апроч таго, удалося сабраць некалькі тысяч подпісаў грамадзянаў для перадачы іх дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, каб тыя не дапусьцілі скасаваньня льготаў неабароненым слаям насельніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG