Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах міліцыянты палявалі за ўлёткамі і газэтамі


Алесь Дашчынскі У рэгіёнах пікеты супраць адмены сацыяльных ільгот былі дазволены ўладамі толькі ў Берасьці й Наваградку. У іншых месцах актывісты спрабавалі распаўсюдзіць лістоўкі і нумар газэты “Товарищ”, прысьвечаны Сацыяльнаму маршу.

У Сьветлагорску плянавалася правесьці 11 сацыяльных пікетаў, аднак усе яны былі забаронены ўладамі. Таму актывісткі ПКБ Сьвятлана Міхальчанка і Вольга Янкоўская пайшлі на “Маладзёжны” рынак, каб раздаць лістоўкі зь інфармацыяй пра адмену льгот. Вольга Янкоўская пасьпела раздаць толькі некалькі лістовак, як да жанчын падышлі міліцыянты і адвялі іх у апорны пункт. Там яны дагледзелі рэчы і адабралі больш за 300 лістовак. Потым выклікалі сьледчага і правялі вобыск на кватэры, дзе жывуць спадарыні С.Міхальчанка і В.Янкоўская і знайшлі яшчэ сем лістовак. Спадарыня Міхальчанка сказала:

“Яны адчынялі шафы, падымалі кнігі, паглядзелі ўсе пакоі, усе шафкі, тумбачкі, нават антрэсолі, усё, што можна было адчыніць. Усюды, па ўсіх пакоях паглядзелі. Там дзе кнігі ляжалі, газэты, яны прагарталі гэтыя кнігі”.

Адзін з удзельнікаў вобыску адмовіўся тлумачыць па тэлефоне свае дзеяньні карэспандэнту Свабоды. Міліцыянты склалі пратаколы і сышлі.

Паводле С.Міхальчанкі, яе і Вольгу Янкоўскую вінавацяць у адміністрацыйным правапарушэньні, у распаўсюдзе незарэгістраванай друкаванай прадукцыі. Аднак лістоўкі мелі выходныя дадзеныя.

У Пухавічах на Мар’інагорскім цэнтральным рынку міліцыянты затрымалі, а потым адпусьцілі актывіста ПКБ Сяргея Абразоўскага. Ён распаўсюджваў газэту “Товарищ”. Пэўны час яго пратрымалі ў Пухавіцкай міліцыі:

“Яны там доўга хадзілі, раіліся. Потым мне прынесьлі акт аб канфіскацыі газэты, нібыта для таго, каб высьветліць яе паходжаньне. Пасьля гэтага мяне адпусьцілі. Калі я выйшаў, тэлефон у мяне быў адключаны. Цягам гадзіны я нікому ня мог патэлефанаваць і мне не маглі таксама. Можа, трэба на “Вэлкам” у суд падаваць?!”

У Жлобіне сем пікетаў былі забаронены ўладамі. А сёньня актывістам ПКБ міліцыянты не дазволілі раздаваць улёткі супраць адмены льготаў. Валеры Рыбчанка сказаў, што абышлося без затрыманьняў:

“Крыху пасьпелі штук 500 раздаць па розных месцах. Калі прыйшлі на міні-рынак “Сонечны”, крыху ўжо раздалі і тут зьявіліся КДБшнікі, участковы. Потым мы налічылі вакол рынку каля 20 пераапранутых міліцыянтаў. З адным я паразмаўляў і ён сказаў, што ў нас ёсьць загад не даваць магчымасьці раздаваць улёткі. І мы гэты загад будзем выконваць”.

Пасьля гэтага актывісты й спынілі раздачу лістовак.

У Берасьці толькі адзін пікет быў дазволены ўладамі – на стадыёне “Лякаматыў”. Сабралася некалькі дзесяткаў чалавек. Яны трымалі лёзунгі “Дзецям, інвалідам, студэнтам пэнсіянэрам – захаваньне сацыяльных гарантый”, “Рукі прэч ад сацыяльных гарантый дзецям, студэнтам, пэнсіянэрам”. Падчас пікету праходзіў збор подпісаў, актывісты раздавалі газэту “Товарищ” і лістоўкі “У пяці мільёнаў беларусаў адабралі грошы і права на абарону”.
XS
SM
MD
LG