Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ правялі талаку ў Курапатах. Таксама з ініцыятывы Грамадзкага камітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій адбыліся жалобныя цырымоніі ў парку Чалюскінцаў і ва ўрочышчы Курапаты.

У Год памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі грамадзкі камітэт праводзіць шэраг акцый. Яны прымеркаваны да 70-годзьдзя кульмінацыі сталінскіх рэпрэсій у краіне. Сёньня а 15-й гадзіне каля дзесяці чалавек усклалі кветкі і запалілі сьвечкі каля крыжа ў менскім парку Чалюскінцаў. Гэта адно зь вядомых месцаў расстрэлу ахвяраў рэпрэсіяў. Сябра грамадзкага камітэту Ўладзімер Раманоўскі сказаў:

“Менавіта 29 чысла было самае пікавае зьнішчэньне людзей. У гэтыя суткі былі зьнішчаны выбітныя людзі краіны. У гэтай сувязі было прынята рашэньне зрабіць 29 чысла мэмарыяльным днём памяці ахвяраў сталінскага рэжыму. Гэта самы страшны пэрыяд”.

Штомесяц грамадзяне наведваюць парк Чалюскінцаў і ўрочышча Курапаты, а 29 кастрычніка яны плянуюць адзначыць Дзень памяці.

“Такім чынам, цягам гэтага году шанавалі памяць тых, хто загінуў. Гэта, практычна, нашых бацькоў і мацярок”.

Уладзімер Раманоўскі сказаў, што камітэт зьвяртаўся да ўладаў, каб яны падтрымалі ідэю шанаваньня памяці ахвяраў сталінскага рэжыму:

“Пазыцыя такая – а навошта вам шавяліць гэтыя косткі?! Уяўляеце амаральнасьць адносінаў да такіх пытаньняў? Памяць мы абавязаны захаваць, тым больш што нашы бацькі і дзяды былі пакутнікамі, ахвярамі. Ня ўласнай сьмерцю памерлі, а іх зьнішчылі”.

Удзельнікі жалобнай цырымоніі каля крыжа ў парку Чалюскінцаў прасьпявалі гімн “Магутны божа” і накіраваліся ва ўрочыша Курапаты, дзе таксама ўсклалі кветкі.

Адна з удзельніц акцыі, Любоў Сакалоўская, сказала:

“Мы ня першы раз сюды прыходзім. Гэта 70 год як пачаліся самыя зьверскія сталінскія рэпрэсіі. І вось мы ходзім сюды ўшаноўваць памяць гэтых бязьвінных ахвяраў сталінізму. І ў Курапаты, і ў іншыя месцы па ўсёй Беларусі. Нам неабыякавыя гэтыя ахвяры. І хоць мы ў гэтай краіне іх успомнім”.

Працягваецца падрыхтоўка да адзначэньня дня памяці 29 кастрычніка. Кіраўнікі грамадзкага камітэту па ўшанаваньню памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў накіравалі старшыні КДБ Беларусі ліст з просьбай дазволіць ім ускласьці кветкі да будынку ўнутранай турмы КДБ у Менску. На гэтым месцы ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году расстралялі каля 100 чалавек.

Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ падае заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне з нагоды Дня памяці продкаў шэсьця і жалобнага мітынгу ва ўрочышчы Курапаты, які мяркуецца правесьці 28 кастрычніка.











29 кастрычніка ў Курапатах усталююць новы мэмарыяльны знак, 26.09.2007 М.Чарняўскі дасьледуе гісторыю паваеннага антыкамуністычнага супраціву, 24.09.2007
XS
SM
MD
LG