Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народ на “Свабодзе”


Радыё Свабода Пра што пісалі ў лістах, тэлефанавалі, паведамлялі праз СМС слухачы “Свабоды” на мінулым тыдні.

Пра кнігу Ўладзімера Арлова “Імёны свабоды”

Мікалай Куксо, настаўнік-пэнсіянэр, Валожыншчына: “Ад шчырага сэрца хачу падзякаваць Уладзімеру Арлову за энцыкляпэдычную кнігу “Імёны Свабоды,” дзе аўтар выканаў работу цэлага навукова-дасьледчага інстытуту. Дзякую таксама Радыё Свабода за спрыяньне ў выданьні гэтай унікальнай кнігі, якая будзе выхоўваць новых і новых змагароў за свабоду. Кніга ўшаноўвае памяць аб змагарах за свабоду Бацькаўшчыны і вучыць самааддана любіць Радзіму. Жыве Беларусь!”

Уладзімер Зьвернік: “Зь вялікім задавальненьнем я прысутнічаў на прэзэнтацыі кнігі Ўладзімера Арлова “Імёны Свабоды,” якую бліскуча правёў сам аўтар. Ня меншае задавальненьне я атрымаў, калі пачуў ад некалькіх выступоўцаў, а таксама ад самога спадара Ўладзімера пра тое, што разам са знакавымі асобамі беларускай гісторыі ў кнізе знайшлося месца і простым, але ж апантаным барацьбітам за нашу свабоду. Да іх ліку належыць і Вера Церлюкевіч, кранаўшчыца зь Менскага трактарнага. Я ня памятаю таго выпадку, каб на масавых акцыях не было Веры з нацыянальным сьцягам у руках. Мне ж пашчасьціла быць асабіста зь ёю знаёмым. Мне згадваецца адзін выпадак, мяркую, што нікому, акрамя мяне, не вядомы. Гэта было пасьля аднаго з судовых паседжаньняў, на якіх слухалася “справа” Міхала Чыгіра. Калі пасьля таго, як людзі, якія віталі спадара Чыгіра ля ганка суда, сталі разыходзіцца, да мяне нечакана падышла Вера. Яна лёгка кіўнула галавой у бок некалькіх маладых хлопцаў у чорных скураных куртках і спыталася, ці не пагаджуся я правесьці яе да тралейбуса, каб тыя хлопцы да яе не прычапіліся. Зразумела, я тут жа пагадзіўся, і мы зь ёю без перашкодаў прайшлі да прыпынку. Там мы цёпла разьвіталіся, і больш я Веру ня бачыў. А потым, у хуткім часе, сэрца моцна сьціснулася, калі я пачуў аб яе сьмерці. Я падтрымліваю прапанову аднаго з выступоўцаў на прэзэнтацыі кнігі аб тым, што, калі прыйдзе час, то імёнамі герояў кнігі варта назваць вуліцы ў беларускіх гарадах і мястэчках, у тым ліку і імем Веры Церлюкевіч”.

Пра “Дажынкі”

Сталы слухач: “У Гашка ёсьць вядомы твор, дзе Швэйк падчас знаходжаньня ў вёсцы пазнаёміўся зь дзяўчынай. Вадзіў яе па палях і расказваў ёй, вясковай дзеўцы, што гэта жыта, гэта пшаніца. Вось нешта такое, нават у горшым варыянце, было сёньня на “Дажынках,” калі паказвалі выступ Лукашэнкі. Горшага маразму я ня бачыў. Сабраў спэцыялістаў, перадавых людзей, і цягам двух ці трох гадзінаў расказваў ім, што такое сельская гаспадарка. Дзякаваў, казаў, што яны алімпійцы. Хлопцам адпачыць трэба, пасядзець, яны пазяхалі, глядзелі і пра сябе пасылалі яго куды падалей”.

Спадар: “У адрозьненьне ад жыхароў сталіцы правінцыйны люд гатовы доўга чакаць, каб пабачыць на цэнтральнай местачковай вуліцы праезд браніраванага аўто, нібы ад гэтага паболее шчасьця і здароўя. А калі ўжо дазволена ўсім хадзіць па галоўнай вуліцы, тупаючы па вуліцы, адна сталая жанчына казала: “Дзякуй усенароднаму Бацьку, бо заробкі плацяць і пэнсіі даюць”. Ёй можна было б дадаць: і калі падвышаюцца цэны на паслугі і тавары. Дык старым трэба шукаць месца на могілках, а маладыя хай рэляксуюць у астрогах. У тых цяпер паўсюль рэкляма”.

Спадар: “Што ж гэта за цывілізаваная, разьвітая краіна, у якой дарогі будуюць па загаду кіраўніка дзяржавы, як аб гэтым сказала сьпявачка Чапрага на мінулых “Дажынках”?”

Спадарыня: “Не магу прамаўчаць супраць той няпраўды, што кажуць па тэлебачаньні. “Дажынкі”. Але хто паглядзеў, як прайшлі гэтыя “Дажынкі”. Мы хвалімся, што добра зжалі. Паспрабуй прайсьці па полю і пабачыш, што ўжо паўторна расьце тое, што зжалі. Калі б Бог яшчэ адно лета даў, то яно б узышло зноў і можна было жаць. Гэта мы так хваліліся, што добра зжалі. Гэта хлусьня нашага прэзыдэнта і пахвальба! Ён ні на што не зьвяртае ўвагу, не глядзіць. Добра. Намалацілі. Але чаму ж падаражэў хлеб? Ды і якасьць таго хлеба якая? Калі б насамрэч усё было так добра, то нам бы ўсяго хапала. Ён кажа, што мы добра пражылі. Мы не пражылі, а прагаравалі. І гаруем далей. Так, чыноўнікі атрымліваюць па мільёну з гакам, а колькі атрымлівае бедны чалавек? А ці падумаў хто-небудзь пра яго?! Мы прагаравалі, прагаладалі і далей галадаем. Просяць, нараджайце, жанчыны. А куды нараджаць? На голад? На холад? Паўгнілыя памідоры на рынку – 3400. Лівэрная каўбаса, якую раней кату бралі, цяпер каштуе каля 3 тысяч. Ня кажучы пра нешта іншае. Я шматдзетная маці. На сябе і на дзяцей я атрымліваю толькі 130 тысяч пэнсіі інвалідзкай. Вось так мы жывем. Мы пакутуем”.

Пра Лукашэнку

Ціна: “Лукашэнка кажа свайму народу: “Я ж зусім адзін, калі ня ўлічваць міліцыю, АМАП, суды, пажарных, КДБ і шматлікіх бюракратаў. А вас, агалцелых крыкуноў, шмат. А да таго ж, калі вас добра патрэсьці, то знойдуцца грошы, каб заплаціць штрафы. Усім мірам зьбярыце. Знойдуцца грошы і на рэгістрацыю. Няхай скабе і штрафы. Я кіраўнік дзяржавы. Крычаць і гаварыць магу толькі я, а вы павінны мяне слухаць. Падыму кошты. Мне ж пэнсіянэраў карміць трэба. У мяне маці пэнсіянэрка. Хутка я буду пэнсіянэрам. Ня хутка, не дачакаецеся... Бедная дзяржава! Гаротная дзяржава! Чым напоўніць казну, калі ўсё праядаем, прапіваем! Ніякай самадзейнасьці, “Свабодных тэатраў”! Разьвялося вас, незарэгістраваных арганізацый! Усе павінны плаціць падаткі. Яны ў нас невялікія, толькі сымбалічныя. Выцягніце! Не працягнеце мне руку, выцягнеце ногі. Пояс патужэй зацягніце. Затое талія будзе. Будзеце прыгожыя, увесь час думаць пар каханьне. Думаць ня шкодна. Пра што яшчэ вам думаць, пакуль я жывы. Жывіце і насалоджвайцеся жыцьцём. Чым напоўніць казну? Вашымі грашыма, дармаеды, тым, што вы, танцуючы, заробіце. Народ у нас таленавіты, усе артысты народныя, дзяржаўныя. То бок, прыгажосьць пад кантролем у дзяржавы. І ўсё вам мала. Чым больш вам даеш, тым больш вам вінаваты”.

Спадарыня, Магілёў: “Абсалютна здароваму прэзыдэнту няма ніякай патрэбы хаваць зьвесткі пра стан свайго здароўя. А хворага прэзыдэнта, як бы ён ні імкнуўся хаваць свае хваробы, можна вылічыць па яго зьнешнасьці – колер твару, выраз вачэй, інтанацыя голасу, пастава, агульны выраз твару, аседлы лад жыцьця. Да таго ж, зусім здаровы прэзыдэнт любыя праблемы стараецца не накопліваць, а вырашаць”.

Пра пераемніка Лукашэнкі

Алесь Марціновіч, Баранавічы: “Праект “Пераемнік” – гэта найбольш аптымальны варыянт спакойнай пэнсійнай старасьці для Аляксандра Лукашэнкі. Каманда пераемніка будзе складацца з тых людзей, якіх патрыярх Лукашэнка сам выгадаваў і даў пуцёўку ў жыцьцё. Ён – іхны Дэн Сяопін.

Праект “Пераемнік” і ягоная рэалізацыя будуць, безумоўна, станоўчай зьявай для Беларусі, ейнага спэцыфічнага паводле мерак Усходняй Эўропы грамадзтва. У постлукашэнкаўскі пэрыяд народ без грамадзянскай супольнасьці, бяз цэмэнту нацыяналізму атрымае нейкую сілу дзеля стабілізацыі, якая возьме на сябе адказнасьць за краіну.

А нацыянал-патрыятызм Мілінкевіча – шкодны, і ня будзе запатрабаваны ні нэаалігархіяй, ні насельніцтвам. Пры гэтым любы пераемнік Лукашэнкі ўжо ніколі ня зможа быць такім банапартам, якім быў сам Лукашэнка. Гэта і на карысьць будучай беларускай дэмакратыі. Пераемнік бяз яркай харызмы непазьбежна будзе толькі першым сярод роўных мэнэджэраў – генэралаў эканомікі. Для беларускага простанародзьдзя гэта лепшы варыянт, чым той бардак, які быў у Расеі падчас першага прэзыдэнцкага тэрміну Ельцына.

Ясна, што беларускай нэаалігархіі патрэбна будзе незалежная Беларусь, але якая? Беларусізацыя ў прынцыпе будзе вечным фарсам безь сяброўства ў Эўразьвязе і НАТО, бязь візавага рэжыму з Масквой і культурнага сыходу ў англаамэрыканізм”.

Пра ўладныя ўстановы

Міхаіл Пятровіч, пэнсіянэр, Менск: “Учора сонечным восеньскім днём я праходзіў па вуліцы Карла Маркса побач з будынкам былога ЦК, а цяпер Адміністрацыі прэзыдэнта. І неяк сумны настрой апанаваў мяне. Навокал такая цішыня, быццам праходзіш не па цэнтральнай вуліцы і каля цэнтру гораду, а каля могілак позьнім вечарам. І рэдкія прахожыя хуценька імчацца па тратуары. А каля кожнага пад’езду важна шпацыруюць ахоўнікі ў пагонах з аховы прэзыдэнта. Відаць, улада баіцца простага люду. А просты люд не імкнецца сюды ісьці. Сумна стала на душы. Вось так і жывём”.

Пра чыноўнікаў

Ільля Копыл, Менск: “Замежным гасьцям. Прадстаўнікам замежных дэлегацый, якія наведваюцца ў Менск, беларускія тэлекарэспандэнты, як правіла, задаюць адное і тое ж пытаньне: “Якое ў Вас уражаньне ад Менску?” Усе адказваюць аднолькава: “Ваш горад вельмі чысты”. І ўсё. Чамусьці ім больш сказаць няма чаго. Дык, можа, гэта той максымум, што ўлада здольная рабіць – падмятаць вуліцы? Калі гэта так, сёньняшнія чыноўнікі без працы не застануцца”.

Пра афіцыйныя мэдыі

Васіль Цюхай, Беразіно: “На месцы Лукашэнкі я б ня стаў так часта друкавацца ў дзяржаўных газэтах, бо “Советскую Белоруссию” большасьць падпісчыкаў выпісваюць для гаспадарчых патрэбаў. Нешта загарнуць, недзе пасьцяліць… А там жа Лукашэнкаў твар амаль у кожным нумары і дзяржаўная сымболіка. Ён сам правакуе блюзьнерства. Лепш друкавацца ў незалежнай прэсе. Да яе стаўленьне ў людзей больш паважлівае, перафразуючы біблейныя словы, з адной і той жа паперы вырабляюцца газэты для нізкага і для высокага выкарыстаньня”.

Давыдзенка Павал, Парычы: “Паважаная “Свабода,” я часам як пагляджу Беларускае Тэлебачаньне, то баліць душа з-за чыноўніцкай брахні і паказухі. Куды ідуць людзкія заробкі і пэнсіі працоўных, пэнсіянэраў і інвалідаў. Для бюракратычнай нажывы ўлады. У мястэчку Парычы рэстаран абшылі эўравагонкай. Цяпер перад “Дажынкамі” ўсё ламалі, білі. Так могуць рабіць толькі халуі ўлады, якія адчуваюць сябе беспакарана. Дзякую за ўвагу”.

Пра дэмакратыю і апазыцыю

Вітаўт Налепка, Полацк: “Дэмакратыя вашая беларускаму народу не патрэбна. Наш народ да гэтага не дарос, і ніколі не дарасьце. Беларускі люд пасіўны – таму спрыяе наша зямля, балота. Гэта я пішу ў адказ на кнігу Уладзімера Арлова “Імёны Свабоды”, якую толькі што выдала ваша радыё. Усе гэтыя героі – польска-беларуская шляхта, або іхныя духоўныя спадкаемцы.

А апазыцыі я раю зьехаць адсюль, каб не ствараць праблемаў сабе ды іншым. Яны кажуць: “Забіты, пабіты народ!” Не, паважаныя, народ жыве сваім чарачна-шкварачным жыцьцём. І няхай сабе жыве і славіць свайго Бацьку. А маленькім партызанам Паўла Севярынца скажу: “Хлопцы, не плямце сабе жыцьцё! Лепш атрымоўвайце прафэсію і – на Захад! Усё роўна ў вас нічога не атрымаецца. Просты люд вас не зразумее”. На жаль, беларускі народ застанецца на вякі вечныя савок саўком. Можа, гэта і не зусім дрэнна. Шалёнага нацыяналізму, як у прыбалтыйскіх рэспубліках, у нас ня будзе.

Тым, хто стаяў на Плошчы ў 2006-м годзе – мая пашана. Паважаю іхную мужнасьць. Але гістарычная трагедыя часта паўтараецца ў выглядзе фарсу. Якое параўнаньне пажыцьцёвай катаргі – і пятнаццаці сутак у турме; альбо некалькіх гадоў “хіміі” – і сьмяротнага пакараньня?

Ня думаю, што нават пасьля газавай вайны ў нас адбудуцца якія-небудзь зьмены”.

Ірыны Касмачова, Аршанскі раён: “Пашкадуйце апазыцыянэраў, ня лайце іх. Гэта – летуценьнікі, Дон Кіхоты. Рана ці позна дыктатура ў Беларусі разваліцца, але гэта зусім не азначае, што ўладу атрымае сёньняшняя апазыцыя. Якраз наадварот: усе цёплыя месцы імгненна захопяць разнастайныя начальнікі, якія хутчэй за іншых пасьпеюць перафарбавацца і пераканаць, што яны доўгія гады знутры падточвалі рэжым і заўсёды таемна былі ў апазыцыі да Лукашэнкі. Усё гэта ужо было на пачатку і ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Ці атрымала дэмакратычная апазыцыя ўладу пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму? Вось вам прыклад таго, як мяняецца ў нас улада. Рэжым назавуць па-іншаму, а людзі пры пасадах застануцца тыя ж, толькі крэсламі памяняюцца.

Так што трэба толькі паспачуваць нашым апазыцыйным лідэрам. Напэўна, яны і самі разумеюць, што рэальнай улады мець ніколі ня будуць”.

Віктар Бутто, Менск: “У мяне маецца невялікае пажаданьне да лідэраў з апазыцыі. Вам час навучыцца бачыць, чуць і разумець свой народ. Ужо не 1991 год, а, на вялікі жаль, ужо 2007 год. Не спрабуйце прыкрывацца патрыятызмам, Эўропай і іншымі гучнымі словамі. Такі падман ужо ня пройдзе пры існуючай кантрактнай сыстэме, пры незаконных звальненьнях з працы, пры схаваным беспрацоўі, пры адсутнасьці правасудзьдзя і справядлівасьці,... і з-за шматлікіх падобных рэчаў, якія, аднак, не заўважаныя многімі з тых, хто пазыцыянуе сябе як апазыцыю”.

Пра жыцьцё ў рэгіёнах

Аляксандр Карусевіч, в. Калгары Асіповіцкага р-на: “Вось у вёсцы Калгары Асіповіцкага раёна адключылі сьвятло. Пра гэта ніхто не паведаміў. Сёньня 25-га сяджу з раніцы галодны. Ужо 15 гадзіна. А сьвятло ўключаць каля 17.00. У сельсавеце кажуць, што старшыні патэлефанавалі і паведамілі пра адключэньне сьвятла, але яна не палічыла неабходным людзям пра гэта сказаць. Вось мы як быдла тут і сядзім. Галодны я сяджу з раніцы”.

Спадар: “Зьбіраюць па тры тысячы рублёў з кожнай арганізацыі, нібыта да Году дзіцяці, у імя дзяцей. З каго ж зьбіраюць? Зьбіраюць са шматдзетных, з усіх, хто бедны і мае дзяцей. Каму зьбіраюць гэтыя грошы, незразумела. Па тры тысячы з кожнага чалавека. Дабравольна-гвалтоўна. Калі не дасі тры тысячы, рыхтуйся перарваць кантракт”.

Аляксандр Магілёў: “Хачу паведаміць, як жыльлёва-камунальная гаспадарка атрымлівае дадатковыя грошы, на маю думку, незаконна. У верасьні прыслалі квіток аб дадатковай аплаце за падагрэў вады ад жніўня мінулага году па верасень бягучага. Кожны месяц за ўзгаданы тэрмін я своечасова аплачваў гэтую паслугу. Абапіраючыся на дадзеныя тарыфы разьлікова-касавага цэнтру. На пытаньне, чаму я павінен плаціць дадатковыя грошы, супрацоўніца РКЦ спаслалася на нейкую інструкцыю. У згаданым становішчы я не адзін, і можна ўявіць сабе, колькі дадатковых грошай пойдзе на латаньне дзірак у бюджэце краіны”.

Пра льготы донарам

Спадар: “Паважаная “Свабода,” я хачу выказаць сваё меркаваньне. Вельмі гуманна і разумна зрабіў Магілёўскі аблвыканкам, вярнуўшы льготы донарам. Вялікімі ім дзякуй, усім гэтым відным людзям, дэпутатам аблвыканкама. Яны выратавалі дзясяткі тысяч хворых людзей. Дзякую”.

Пра супрацоўнікаў МУС

Спадарыня: “Службовая этыка праваахоўных органаў хлусьні не забараняе. 26 верасьня ўвечары не ўзялі перадачы для Паўла Севярынца, параіўшы прыйсьці наступным днём ад сёмай раніцы, а самі ўжо рыхтавалі яго да адпраўкі ў Івацэвічы. 27-га ўдзень працаўнік гэтай установы ў прыватнай бяседзе пераконваў, што Севярынец яшчэ тут. Кожны ведае гісторыю пра Юду і яго трыццаць срэбранікаў. Ведае, а душы сваёй не шкадуе”.

Пра выступы ў М’янме

Спадарыня: “Сытуацыя ў М’янме – аналягічная сытуацыі ў Беларусі. Там ваенную хунту падтрымлівае і трымае ва ўладзе Кітай. Беларускага дыктатара трымае ва ўладзе Расея. Лукашэнка таксама абяцаў, што ў сытуацыі падобнай да сытуацыі ў М’янме, будзе страляць. Няма сумневу ў тым, што ён такое здольны. Даведзены да адчаю народ М’янмы, не вытрымаў і выйшаў на вуліцы супраць ваеннай дыктатуры. Цярплівасьць беларускага народу таксама не бязьмежная”.

Пра дабрабыт

Ларыса, Менск: “На Ракаўскім кірмашы назіраю, як людзі ўсіх узростаў ня столькі купляюць, а больш вывучаюць кошты. Каўбасаў шмат, розных вырабаў. Кошты напісаныя вялікімі літарамі, каб не пыталіся. Кошты нагадваюць тэлефонныя нумары. З прадаўцоў хто размаўляе па мабільніку, а хто, сабраўшыся па двое, сядзяць і абменьваюцца ўражаньнямі, як правялі выходныя. Вось такая карцінка. У мяне ўзьнікае пытаньне, куды потым ідуць гэтыя каўбасныя вырабы. Іх за прылаўкам сабралася вельмі шмат”.

Зацюканы Беларус: “У нас, як у тых дурняў, усё наадварот: чым больш будавалі камунізм, тым больш ён аддаляўся, чым болей зьбіраем ураджай ці надоі ад каровы, тым больш даражэе хлеб ды масла. Пэнсіі цяпер большыя на сем з паловай адсоткаў. Затое алей – больш чым на сто. Абрыдла ўсё гэта”.

Спадар: “Нашы падлічылі пражытачны мінімум. Трэба той мінімум даць таму, хто яго лічыў. Калі пражыве, дык яго занясём у Кнігу Гінэса”.

Пра перадачы Радыё Свабода

Спадар: “Добры дзень. У Вашай перадачы пачуў прыемную навіну, што старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч размаўляў на беларускай мове і што яна цяпер быццам бы будзе ахоўвацца, будзе пад абаронай. Я ў гэты момант падумаў, што можа старшыня Канстытуцыйнага суду рызыкуе, бо прэзыдэнтам наша мова неяк неафіцыйна аб’яўлена нон-грата. Дык ці ня будзе гэта мець для яго нейкіх непрыемных наступстваў? Ці гэта ўжо наш прэзыдэнт пераасэнсаваў падыход да сваёй роднай, нацыянальнай мовы? Дзякуй за ўвагу”.

Спадар: “Учора ў перадачы “Праскі акцэнт” з удзелам спадара Хадыкі і іншых суразмоўцаў прагучала такая вэрсія: аддаць пераемніка ў Кэмбрыдж або Гарвард вучыцца спачатку. Хачу зазначыць, што там, як мінімум, трэба ведаць ангельскую мову. А людзі такога кшталту, якія ведаюць толькі “кузькіну мову,” напрыклад, “блохі ўшывыя” і гэтак далей, ня здатныя ніколі навучыцца аніякай, акрамя “кузькінай мове”.

Алена, Менск: “Прывітаньне, “Свабода”! У адной зь перадачаў пачула такое меркаваньне, што калі б Віктар Лукашэнка паехаў вучыцца ў Сарбону ці Кэмбрыдж, то ў краіне маглі б адбыцца нейкія перамены. Стала неяк разам і сьмешна, і сумна. Бацька Віктара Лукашэнкі мае дзьве вышэйшыя адукацыі, адна зь іх – гісторыка. Тым ня менш, ён на ўсю краіну перад тэлекамэрамі распавядаў, што Францыск Скарына жыў і працаваў у Санкт-Пецярбурзе. Але ж усім вядома, што Санкт-Пецярбург быў пабудаваны амаль праз 150 гадоў пасьля сьмерці Францыска Скарыны. Так што сыны Лукашэнкі ўжо даўно і добра ўсьвядомілі: каб добра жыць і быць пры ўладзе, вышэйшая адукацыя – гэта толькі фармальнасьць. Як пісаў Рыгор Барадулін, “гарбатую сьпіну выправіць магіла, гарбатага душою – аніякая сіла”. Але ж пакуль ёсьць у Беларусі наша цудоўная моладзь, такія, як Севярынец, Дашкевіч, Фінькевіч, Хведарук, Палажанка, Азарка, Вячорка, іх шмат, усіх не пералічыць, будучыня ў Беларусі ёсьць. Жыве Беларусь!”

Пра моладзь

Спадар: “На жаль, мала ў нас пакуль на Беларусі прагрэсіўнай, дэмакратычна настроенай моладзі. Большая яе частка, на жаль, абірае піць піва і іншае нізкаякаснае і таннае пойла. Прычым наша “доблесная” міліцыя іх не чапае. Няхай сьпіваюцца. Наша міліцыя нацягнутая на тое, каб ганяць маладафронтаўцаў і іншых апазыцыянэраў. І пра тое, хто такі Павел Севярынец, Зьмітрок Дашкевіч ці Наста Азарка, у гэта часткі нашай моладзі няма ніякага панятку. Вось такая моладзь і патрэбная нашаму цяперашняму рэжыму, таму што такімі прасьцей кіраваць. Такімі можна кіраваць па прынцыпу “статку баранаў” – куды іх пагоняць, туды яны і пабягуць. Прычым усё вышэй сказанае тычыцца ня толькі нашай моладзі, але і людзей больш сталага веку”.

Пра злачынствы НКВД у Катыні

Алесь Шустоўскі, Барысаў: “У вас пра тыя расстрэлы – адна канстатацыя фактаў, і толькі. А трэба было паразважаць над той трагедыяй ды іншымі падобнымі фактамі генацыду славянскага этнасу.

На маю думку, тут мэтазгодна зрабіць ідэалягічны ды псыхалягічны акцэнт на тым, што нельга здавацца ў палон як вайскоўцам, гэтак і цывільным людзям. Бо ворагі заўсёды зьнішчаюць фізычна, маральна і гэтак далей тых, хто супраць іх, хто ня іхнага роду-племені. З ворагамі трэба змагацца да апошняга патрона, апошняга ўздыху, пакуль ёсьць сілы.

Зычу вам у далейшым засяродзіць на гэтым увагу. Нельга вечна плакаць у камізэльку ды канстатаваць: там нашых братоў, сясьцёр, бацькоў, матуль сьцерлі ў лягерны пыл, перастралялі сотнямі тысяч дзяцей нашых, замардавалі лепшых прадстаўнікоў Бацькаўшчыны. Вось у якім ключы трэба выхоўваць патрыётаў Беларусі ды тых, хто хоча ведаць нашу гісторыю без цэнзурных паправак”.

Пра моўную дыскрымінацыю

Валер Грыцук, Менск: “Я, паляшук, вымушаны змагацца за беларускую мову для беларусаў ад 1982-га году, калі зь ініцыятывы Міколы Купавы далучыўся да патрабаваньня навучаньня на беларускай мове.

Пазьней патрабаваў выконваць Канстытуцыю і ад судзьдзяў. Але вось які быў адказ зь Міністэрства юстыцыі ў 2000-м годзе: “У Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы..... Нарматыўныя дакумэнты адносна кваліфікацыі судзьдзяў НЕ ПАТРАБУЮЦЬ ад судзьдзі валоданьня беларускай мовай”. Я падаў у суд на намесьніка старшыні Вярхоўнага суду Пятра Міклашэвіча, бо палічыў гэта абразай. Але суды і Ленінскага раёну, і Фрунзенскага пабаяліся распачаць справу.

Зараз я убачыў моладзь , якая хоча і змагаецца за свае правы. Дзякуй за мужнасьць, спадар Сяргей Сямёнаў! Дзякуй спадару Васілевічу, у якога прачнуліся сумленьне і абавязак судзьдзі.

Адзін са слухачоў “Свабоды” напісаў, што бэтон галявой не праб’еш. Праб’еш, калі галава моцная і, асабліва, калі бэтон – састарэлы.

Я вельмі добра ведаю намэнклятуру. Ёсьць сярод іх і сапраўдныя Беларусы, але яны яшчэ больш баяцца дыктатара.

Чаму не змагаліся мае калегі, сябры БНФ, за мову? Тая ж хвароба. У беларусаў вельмі высокая мяжа гультайства дзеля змаганьня за грамадзкія справы і вельмі нізкая мяжа страху. Такія ўжо ў нас усе палахлівыя. А я лічу, што расейская прымаўка “один в поле не воин” – няслушная. І адзін у полі ваяр. Спадар Сяргей Сямёнаў гэта яшчэ раз пацьвердзіў. Трэба заваліць суды справамі аб абароне сваёй, нашай годнасьці!”

Ільля Копыл, Менск: “Калі слухаеш Свабоду, зьяўляецца ўпэўненасьць, што наша мова ня зьнікне, што яна жыве і будзе жыць. Прыемна, што пры апытаньнях на вуліцы многія людзі даюць адказы на беларускай мове. Але ўпэўненасьць зьнікла, калі я 1-га верасьня папрысутнічаў на дзьвюх школьных лінейках. Не пачуў ніводнага беларускага слова – ні ад настаўнікаў, ні ад бацькоў, ні ад вучняў. Адзінае, што крыху нагадала пра Беларусь – гэта калі першаклясьнікам раздалі кніжку на беларускай мове “Мая Радзіма – Беларусь”. Настаўнікі ўзьнёсла абвясьцілі, што гэта – падарунак ад прэзыдэнта. Сьмешна казаць, але атрымліваецца, нібы прэзыдэнт гэтым змагаецца супраць бацькоў і настаўнікаў за беларускую мову. Ды толькі вынік гэтага “змаганьня” варты жалю…

8-га верасьня паехаў у сваю вёску па асабістых справах. Зайшоў у хату, дзе жыве маладая сям’я. Старэйшая з трох дзетак сёлета пайшла ў 1-ы кляс. Хадзіць трэба ў суседнюю вёску, за два кілямэтры. Раней была свая добрая школа. Яе спачатку зачынілі, а калі людзі сталі абурацца, дык разабралі на бярвеньні.

Запытаўся ў бацькоў пра вучобу. Якім было маё зьдзіўленьне, калі яны пачалі скардзіцца, што вучыцца цяжка, бо выкладаньне вядзецца на беларускай мове. І гэта – у глухой вёсцы, 115 кілямэтраў ад Менску і 170 – ад Віцебску. “Трасянка” дабралася і туды…”

Вітэк: “Сапраўды, Беларусь зьўляецца краінаю двьвюхмоўя. На этыкетках беларускіх тавараў бачым мову расейскую і ангельскую. Расейская мова на налепцы Рагачоўскага малочнага камбіната нават дарэвалюцыйная, у чым бачна любоў да царскае ўлады. А цукеркі “Сталічныя” фабрыкі “Камунарка” паказваюць любоў да ЗША, бо выкарыстаны амэрыканскі варыянт ангельскай мовы. Зыходзячы з гэтага, можна з упэўненасьцю гаварыць аб імкненьні Беларусі не да сучаснае Расеі, а да імпэрыі, як і да ўзьяднаньня з Амэрыкай”.

Пра архітэктурную спадчыну

Юрась Навіцкі, Менск: “У многіх мясьцінах Беларусі руйнуюць архітэктурныя ды гістарычныя помнікі. “Дык і што,– чуецца наўкола.– Няхай у нас няма сваіх Калізэяў, затое вуліцы – прыгожыя і чыстыя”. Для прыкладу скажу, што мне даводзілася шпацыраваць па бруку, па якім праходзілі маршам рымскія легіёны. І што цікава: нікому навокал не прыходзіла ў галаву выкалупваць той несучасны брук і клясьці замест яго бэтонную плітку, прыгажосьці якой хопіць на год. І ніхто не разбурае нават чужых кляштараў і могілак, каб на іх месцы пабудаваць гатэль, паркінг, басэйн, шынок ці надта ужо прыгожы лядовы палац. Бэтонная вежа замест старажытнай застанецца мёртванароджанай. Чужой і непрывабнай”.

Пра турызм

Спадар: “У Беларусі ўжо каля дзесятку збудаваных Лядовых палацаў, столькі ж “аддажынкаваных” райцэнтраў. А ў колькі разоў болей раскідана па нашай зямлі гістарычных зруйнаваньняў, палацаў, маёнткаў. Улада ня ўмее альбо ня хоча рэстаўраваць іх і тым самым зарабляць валюту. Але ж мясцовыя адроджаныя збудаваньні дапамаглі б разьвіцьцю і агратурызму. Бо ў турызьме галоўным лічыцца пабачыць гістарычную мінуўшчыну, літаральна дакрануцца да яе, каб адчуць повязь часоў. А як у нас? Хіба што застаецца везьці іншаземцаў на “Лінію Джугашвілі”. Там яны фоткаюцца для экзотыкі побач з ваеннай зброяй. А потым дома распавядаюць пра міралюбівую Беларусь зь яе рахманым кіраўніком”.
XS
SM
MD
LG