Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Артур Фінькевіч: “Улада спрабуе пашырыць геаграфію рэпрэсій”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Як паўплываюць новая крымінальная справа супроць Зьмітра Дашкевіча ды справы іншых маладафронтаўцаў на рух маладзёвага супраціву? Генэральная пракуратура прадэманстравала, што не мяняе стаўленьня да справы Аляксандра Казуліна. Ужо праз тры дні Андрэя Клімава могуць адправіць ў калёнію строгага рэжыму.

На гэтым тыдні стала вядома пра завядзеньне новай крымінальнай справы супроць лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча, які адбывае пакараньне ў Шклоўскай калёніі. Зьмітра Дашкевіча абвінавацілі ў адмове ад дачы паказаньняў супроць актывістаў “Маладога фронту”.

Справу вядзе шклоўская раённая пракуратура. Адвакат актывіста Аляксандр Галіеў паведаміў журналістам, што нават яго не праінфармавалі пра новае абвінавачаньне, якое выставілі ягонаму падабароннаму.

Аднадумца Дашкевіча Артур Фінькевіч, які адбывае “хімію” ў Магілёве, кажа, што ўжо ведае і пра абвінавачаньне Зьмітру, і пра справы супроць актывістаў “Маладога фронту” ў Гомелі Жлобіне ды іншых гарадох. Вось як Артур пракамэнтаваў гэтыя справы.

“Людзі, якія там прымаюць рашэньні, вырашылі запалохаць нашых актывістаў на прыкладзе рэпрэсіяў супроць рэгіянальных кіраўнікоў. Яны выконваюць задачу як мага пашырыць геаграфію рэпрэсій”.

Пры гэтым Артур Фінькевіч мяркуе, што мэты рэпрэсій – спыніць маладзёвы супраціў – гэтыя людзі не дасягнуць.

Ужо некалькі тыдняў няма лістоў ад Аляксандра Казуліна. Нагадаю, былы кандыдат на прэзыдэнта асуджаны на 5, 5 гадоў зьняволеньня і адбывае пакараньне ў віцебскай калёніі. Дачка палітык Юля сказала “Свабодзе”:

“Мы напісалі тату некалькі лістоў, што чакаем ад яго паведамленьня наконт дня спатканьня, але пакуль адказу няма”.

І.Рынкевіч: “У пракуратуры падмяняюць законы”

Тым часам Генэральная пракуратура Беларусі вярнула “без разгляду” лісты вядомых палітыкаў, якія зьвярталі ўвагу на незаконны, як яны лічаць, прысуд Аляксандру Казуліну і прасілі прыняць захады для перагляду ягоную справу. Гэта былі лісты Аляксандра Мілінкевіча, Анатоля Лябедзькі, Юрыя Хадыкі, Анатоля Ляўковіча.

Генпракуратура спаслалася на тое, што аўтары лістоў “не ўваходзяць у катэгорыю асобаў, якія могуць зьвяртацца аб пераглядзе справы”.

Былы адвакат Казуліна Ігар Рынкевіч гэтак пракамэнтаваў пазыцыю пракуратуры Беларусі:

“Гэтыя чыноўнікі падмяняюць законы. Ім пішуць на падставе закону аб зваротах грамадзян, а яны адказваюць на падставе крымінальнага кодэксу. Гэта яшчэ раз сьведчыць пра палітызаванасьць справы Аляксандра Казуліна. Што да зваротаў грамадзян ў пракуратуру, то яны, безумоўна, маюць права выказваць свой неспакой адносна справы, якая тычыцца кандыдата на прэзыдэнта. Спадзяюся, улада ўсё ж адрэагуе на скаргі людзей і Аляксандр Казулін выйдзе на волю”.

2-га кастрычніка ў Менскім гарадзкім судзе будуць разглядаць скаргу Андрэя Клімава. Былы дэпутат дамагаецца адмены прысуду, які ў пачатку жніўня вынес яму Цэнтральны раённы суд Менска. Нагадаю, апазыцыянэра прызналі вінаватым у распаўсюджваньні празь інтэрнэт заклікаў супраць ўлады і пакаралі двума гадамі зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. Калі суд не задаволіць скаргу, Андрэя Клімава ў той жа дзень могуць адвезьці ў калёнію. Назіральнікі адзначаюць, што ўпершыню апазыцыянэра ў Беларусі пакаралі зьняволеньнем ва ўмовах строгага рэжыму.

Палітвязьні атрымалі лісты з Віцебску, 27.09.2007 Ці амністуюць палітвязьняў?, 10.09.2007 В.Казуліна і С.Скрабец просяць Эўразьвяз часьцей згадваць пра беларускіх палітвязьняў, 10.07.2007
XS
SM
MD
LG