Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 28 верасьня


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускага сеціва

Блогер frontier18 у сваім ЖЖ-дзёньніку выказвае незадавальненьне тымі налепкамі, якія агітуюць за ўдзел у Эўрапейскім маршы. Ён піша: “Вы адчуваеце свабоду, гледзячы на змрочныя цёмна-сінія налепкі? Я ня бачу ў гэтай прапагандзе менавіта свабоды. Я не адчуваю яе. Свабода — гэта ня простае слова на каляровай паперцы, гэта нават ня 100€ і ня тысячы самых цудоўных абяцаньняў... Сябры-дэмакраты, калі вы так хочаце, дапамажыце людзям паверыць у яе, дапамажыце ім расправіць крылы, дапамажыце ім разарваць кайданы і адарвацца ад зямлі... Больш ад вас нічога не патрабуецца». Тут жа блогер дае прыклад уласнага варыянту налепкі.

Надзвычай эмацыйную дыскусію выклікаў артыкул «Партызаны забівалі мірных жыхароў?» Яўгена Валошына, зь якім можна азнаёміцца на сайце «Комсомольской правды» в Белоруссии». Аўтар артыкулу апавядае пра тое, як 14 красавіка 1943 году партызаны напалі на вёску Дражна Старадароскага раёну і без разбору стралялі, рэзалі і зажыва палілі мірных жыхароў, пра што і напісаў у кнізе «Кроў і попел Дражна» краязнаўца Віктар Хурсік. У камэнтарах да артыкулу бушуюць жарсьці.

Бяз подпісу: «Вельмі шкада, што «Комсомольская правда» дае слова такім нягоднікам, як Хурсік. Ягоная кніга пабудавана на доказах, атрыманых ад паліцэйскіх».

Ярык: «Па ўсёй Беларусі партызаны марадзёрнічалі, іх баяліся горш немцаў... Як казаў дзед — "рэштанты", якія да вайны нічога ня мелі і нідзе не працавалі, пайшлі ў партызанскія атрады... Горш за ўсё, калі ідэямі прыкрываецца адкрыты бандытызм — для іх гэта так і было... Дрэнна, што гэта ўзводзіцца ў дзяржаўную ідэалёгію... Дзякуй аўтарам артыкулу!»

Саша: «Вось бы пракуратуры і міліцыі і распачаць карную справу па фактах, выкладзеных у кнізе. І сьведкі ёсьць яшчэ пакуль. І тэрміну даўніны няма, мне здаецца».

Алег на сайце Менсктрансу задаецца такім вось пытаньнем: «Падкажыце, калі ласка, калі нас перастануць вазіць крымінальнікі (былыя, магчыма, будучыя, і тыя, хто ім спачувае)? Такое пытаньне ўзьнікае штораз, калі даводзіцца слухаць так званы "шансон" разам з кіроўцам транспартнага сродку, найперш таксі і маршруткі. Ці ёсьць нейкія палажэньні ці законы, якія абмяжоўваюць такія дзеяньні з боку кіроўцы?»

На сайце Менгарвыканкаму транспартная праблема – таксама адна з найбольш гарачых. Антон Сарока, напрыклад, сёньня піша: «Тралейбусны маршрут №2 патрэбны мінчанам. Няхай мудрацы з Упраўленьня транспарту паспрабуюць дабрацца з праспэкту Незалежнасьці на вул. Каліноўскага і прылеглыя вуліцы, жыхары якіх у выніку ліквідацыі найстарэйшага тралейбуснага маршруту акажуцца фактычна адрэзанымі ад цэнтра гораду. Вось бы вам паезьдзіць зь месяц з Каліноўскага на праспэкт і назад у гадзіну «пік»! Разумнікі!»

Партал “Тузін гітоў” паведаміў сёньня, што кліп «Капітал» гурту «Ляпіс Трубяцкой» увайшоў у лік пераможцаў міжнароднага фэстывалю музычнага відэа “ViMus-2007”, які адбыўся днямі ў Партугаліі. Ролік «Ляпісаў» быў адзінай працай з постсавецкай прасторы... Для конкурснай праграмы фэстывалю, што праходзіў у курортным мястэчку Павоа дэ Варзым, у 30 кілямэтрах ад Порту, было адабранае самае цікавае відэа, зьнятае за апошні год. Сюды трапілі кліпы «U2», «Green Day», «Pet Shop Boys», «Black Eyed Peas», «Scissor Sisters», Пола Макартні ды Джастына Тымбэрлэйка. Усе вышэйназваныя выканаўцы не атрымалі ніводнай узнагароды ад журы, якое ачольваў вядомы партугальскі рэжысэр Жазэ Пінэйра. У сямі міжнародных намінацыях перамаглі кліпы Бэка, Фэйст, гуртоў «Modest Mouse», «Yeah Yeah Yeahs», «Fonica» і «Ляпіса Трубяцкога» (рэжысэр Аляксей Церахаў).

І скончу агляд сёньняшняга беларускага Сеціва спасылкай на сайт прагнозу надвор’я. Згодна з прагнозам на бліжэйшыя выходныя дні, нас чакае цёплае, нетыповае для канца верасьня надвор''е. А калі вы пажадаеце зірнуць на Беларусь з вышыні палёту мэтэаспадарожніка, зайдзіце на гэты сайт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG