Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя арыштавала тыраж газэты “Вольны горад”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Увечары 28-га верасьня супрацоўнікі Крычаўскай раённай міліцыі арыштавалі тыраж двух нумароў газэты “Вольны горад”, які быў надрукаваны ў тыпаграфіі ў Смаленску і перавозіўся ў Крычаў.

Пра арышт тыражу газэты “Вольны горад” “Свабодзе” паведаміў рэдактар газэты Сяргей Няроўны. Паводле яго словаў, апэрацыяй кіраваў чалавек у цывільным. Спадар Няроўны не выключае, што гэта быў супрацоўнік КДБ.

Паводле словаў рэдактара, спачатку міліцыянты пераканаліся, што абодва нумары газэты надрукаваныя тыражом меней за 300 экзэмпляраў, што дазволена законам, і ўжо зьбіраліся прапусьціць рэдакцыйны аўтамабіль, але чалавек у цывільным загадаў арыштаваць тыраж.

Прычынаў арышту тыражу газэты Сяргею Няроўнаму не патлумачылі. Ён мяркуе, што напярэдадні дня гораду ўлада спрабуе пазбавіць гараджан зьвестак пра сапраўднае становішча ў рэгіёне.

“Вельмі шмат праблемаў. Мясакамбінат амаль збанкрутаваў. Нават на Цэмэнтна-шыфэрным камбінаце справы ідуць дрэнна., асабліва па ўводзе трэцяй печы. Я ўжо не кажу пра стан на Заводзе гумавых вырабаў. Там жах, людзі зьвярнуліся ў адміністрацыю прэзыдэнта са скаргай на дырэктара. Пішуць, што іх абражаюць, заробкі плацяць малыя, умовы працы дрэнныя. І мы пра гэта ўсё пішам”.

Газэта “Вольны горад” выходзіць з 1998 году. У Беларусі газэту не рэгіструюць і не дазваляюць друкавацца ў мясцовай друкарні, з-за чаго “Вольны горад” вымушаны друкавацца ў Смаленску.
XS
SM
MD
LG