Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТБМ распачало грамадзкае абмеркаваньне законапраекту аб правапісе


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня ў сядзібе Таварыства беларускай мовы адбыўся круглы стол, прысьвечаны праекту Закона “Аб зьменах у беларускім правапісе і пунктуацыі”. Удзел у ім узялі навукоўцы, палітыкі, юрысты, супрацоўнікі дзяржаўных структураў. Запрошаныя да абмеркаваньня прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, а таксама дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу мерапрыемства праігнаравалі. Тым ня меней, арганізатары спадзяюцца, што дыскусія стане пачаткам шырокага грамадзкага абмеркаваньня пытаньняў мовы.

Новы законапраект мае быць разгледжаны ўжо на восеньскай сэсіі Палаты прадстаўнікоў, а зацікаўленая грамадзкасьць амаль ня ведае ягонага зьместу. Таму і зьявілася ідэя распачаць шырокі дыялёг, – кажа ініцыятар абмеркаваньня Алег Трусаў:

“Спадзяемся, што гэта толькі пачатак, што беларускае грамадзтва ўважліва аднясецца да меркаванага закона”.

Як заяўляюць у Таварыстве беларускай мовы, паводле міжнароднай практыкі мова замацоўваецца юрыдычна, калі яна на высокім узроўні разьвіцьця і выкарыстаньня. У Беларусі цяпер сытуацыя адваротная. Аднак прысутны на сустрэчы дырэктар дзяржаўнага Інстытуту мовазнаўства Аляксандр Лукашанец заявіў пра патрэбу законапраекту:

“Зараз мы маем разнабой у правапісе. Я лічу, што ў гэтым пытаньні трэба паставіць кропку”.

Навукоўцы нагадваюць: паводле апошняга перапісу, 72% жыхароў краіны назвалі беларускую мову роднай, а размаўляюць на ёй каля 30%. Аднак новы законапраект не скіраваны на паляпшэньне гэтага становішча. Больш за тое, ён таксама мае мноства хібаў, – заявіў удзельнікам абмеркаваньня мовазнаўца і палітык Вінцук Вячорка:

“На жаль, у той рэдакцыі правапісу, якую мы сёньня разглядаем, збольшага захоўваюцца ўсе тыя хібы і няма адказу на тыя выклікі, перад якімі стаяла нашая правапісная рэальнасьць у 1980-я гады”.
В.Вячорка: "У той рэдакцыі правапісу, якую мы сёньня разглядаем, няма адказу на тыя выклікі, перад якімі стаяла нашая правапісная рэальнасьць у 1980-я гады”.
Новы законапраект, сярод іншага, прадугледжвае забарону ўжываньня так званай “тарашкевіцы”, з выкарыстаньнем мяккага знаку, а таксама абавязковае напісаньне слова “прэзыдэнт” зь вялікай літары.

Навуковец Уладзімер Содаль мяркуе, што сучасная беларуская мова сапраўды патрабуе ўпарадкаваньня. Але якія мэты мае гэты законапраект – невядома, кажа ён:
У.Содаль: "Якой ёсьць гэтая задума – ці гэта мэта ўпарадкаваць, ці паўплываць на недзяржаўныя мэдыі, каб празь сілу закона закрыць гэтыя газэты? Невядома....”
“Ёсьць у нашай мове рэчы, якія даўно вартыя ўнармаваньня. А тое, што будуць пісаць прэзыдэнт зь вялікай літары – гэта на мову не ўплывае. Так што разгадаць, якой ёсьць гэтая задума – ці сапраўды гэта мэта ўпарадкаваць, ці гэта паўплываць на недзяржаўныя мэдыі, каб празь сілу закона паралізаваць, закрыць гэтыя газэты? Невядома....”

Па выніках круглага стала ў пытаньнях законапраекту “Аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі” ягоныя ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю, у якой заклікалі ўлады надрукаваць праект закону ў дзяржаўных СМІ, правесьці навуковую канфэрэнцыю з удзелам зацікаўленых навукоўцаў, прадстаўнікоў грамадзкасьці і ўлады.

Дэпутаты ўзяліся за беларускую арфаграфію і пунктуацыю, 31.07.2007 Перайсьці на новыя правілы артаграфіі і пунктуацыі хочуць у 2010 годзе, 27.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG