Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Тбілісі – дэманстрацыі ў падтрымку арыштаванага міністра


Сяргей Абламейка, Прага Арыштаванаму ў чацьвер былому міністру абароны Грузіі Іраклію Акруашвілі выставілі абвінавачаньне. Пракуратура Грузіі лічыць, што ён вінаваты ў вымаганьні і адмываньні грошай, а таксама ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Сёньня ў цэнтры Тбілісі на дэманстрацыю пратэсту супраць арышту былога міністра сабраліся некалькі тысяч прыхільнікаў апазыцыйных партыяў.

Грузінскія пракуроры маюць намер патрабаваць папярэдняга арышту Акруашвілі на два месяцы. Намесьнік Генэральнага пракурора Грузіі Ніка Гварамія заявіў, што падчас знаходжаньня на пасадзе міністра абароны Акруашвілі з дапамогай службовага становішча ўчыніў шматлікія карупцыйныя дзеяньні, якія нанесьлі дзяржаве сур’ёзную шкоду.

Іраклі Акруашвілі нарадзіўся ў 1973 годзе ў Цхінвале – сталіцы сэпаратысцкай сёньня Паўдзённай Асэтыі. Ён вывучаў міжнароднае права і стаў адвакатам. Падчас “Рэвалюцыі ружаў” у 2003 годзе стаў вядомы і ўвайшоў у каманду новага прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі.

Акруашвілі займаў пасады Генэральнага пракурора Грузіі і міністра абароны. На пасадзе міністра ён быў вядомы сваімі рэзкімі антырасейскімі і антысэпаратысцкімі выказваньнямі. Гэта менавіта ён, падчас крызісу вакол грузінскага віна ў Расеі, заявіў, што расейцы купяць усё, што заўгодна, нават фэкаліі. Ён таксама абяцаў сустрэць новы 2007 год ў Цхінвале.

У лістападзе летась прэзыдэнт Саакашвілі перавёў яго на пасаду міністра эканамічнага разьвіцьця. Гэты перавод зьвязвалі з рэзкімі заявамі міністра абароны і з абвінавачаньнямі ў карупцыі шэрагу яго супрацоўнікаў. Акруашвілі, аднак, працаваць міністрам эканамічнага разьвіцьця не захацеў і праз тыдзень падаў у адстаўку.

Напярэдадні арышту ў чацьвер 27 верасьня на пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода, ці гатовы ён прадставіць дакумэнтальныя доказы сваіх абвінавачаньняў на адрас Міхаіла Саакашвілі, Іраклі Акруашвілі адказаў:

Акруашвілі: “Як я сказаў, усё павінна адбыцца ў належны час. Цяпер я маю намер рабіць станоўчыя рэчы замест таго, каб працягваць вайну кампраматаў. Але, калі гэта будзе тое, чаго хоча ўрад, то я буду гатовы”.

Станоўчых крокаў Акруашвілі зрабіць не ўдалося, бо хутка ён быў арыштаваны.

У Грузіі яго затрыманьне ўспрынялі неадназначна. Большасьць апазыцыйных партыяў Грузіі паставіліся да арышту былога міністра абароны адмоўна. Некаторыя лідэры заявілі, што гэта пачатак новай хвалі рэпрэсіяў і пачатак агоніі рэжыму Саакашвілі. Аналітыкі заяўляюць, што ўлічваючы папулярнасьць нацыяналістычных ідэяў у краіне, арышт Акруашвілі сапраўды можа выклікаць сур’ёзны грамадзкі пратэст. Бо ягоная прэс-канфэрэнцыя на гэтым тыдні пачалася не з абвінавачаньняў на адрас Саакашвілі, а з абвяшчэньня аб стварэньні новага Руху за аб’яднаную Грузію. Іншыя назіральнікі зьвяртаюць увагу на тое, што скандальная прэс-канфэрэнцыя адбылася пасьля таго, як стала вядома, што пракуратура рыхтуе матэрыялы на Акруашвілі.

15 верасьня на прэсавай канфэрэнцыі Іраклі Акруашвілі заявіў, што калі ён быў міністрам абароны, прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі ня раз прапаноўваў яму забіць сваіх палітычных апанэнтаў.
XS
SM
MD
LG