Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І ў Наваполацку пікетаў не дазволілі


Радыё Свабода, Наваполацак У Наваполацку 30 верасьня плянавалі тры пікеты. Дзьве заяўкі падалі мясцовыя актывісты і адну Незалежны прафсаюз адкрытага акцыянэрнага таварыства “Палімір”. Пікетаў не дазволілі.

Фармальнай нагодай для забароны сталіся хібы ў афармленьні заявак, да якіх “не прыклалі абавязацельстваў у пісьмовай форме арганізатараў па арганізацыі і правядзеньні масавых мерапрыемстваў”.

Да таго ж, як сказана ў прысланым з гарвыканкаму лісьце, 30 верасьня ў горадзе адзначаецца Дзень людзей сталага веку, і таму правядзеньне іншых мерапрыемстваў улада лічыць немэтазгодным.

Кіраўніцтва паліміраўскага Незалежнага прафсаюзу мяркуе, што забарона пікетаў — крок непрадуманы. У прафсаюзе сёньня блізу васьмісот чалавек. Гэта пераважна рабочыя цэхаў са шкоднымі ўмовамі працы.

Многія зь іх выйшлі на пэнсію, але працягваюць працаваць. Цяпер працоўным пэнсіянэрам зьбіраюцца скасаваць пэнсіі за стаж працы ў шкодных умовах, і гэта непакоіць паліміраўцаў.

Гаворыць старшыня Незалежнага прафсаюзу “Паліміру” Іван Сьвятоха:

“Нам адказалі ўлады, што мы нібыта няправільна падалі заяўку. А яшчэ спаслаліся на тое, што мы не далі абавязацельства ўпарадкаваць тэрыторыю. Будзем прымаць меры. Загадзя нічога пакуль што казаць не хачу”.
XS
SM
MD
LG