Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве дэмакраты прапанавалі гарвыканкаму правесьці круглы стол


Радыё Свабода, Магілёў Магілёўскія дэмакраты зьбіраюцца абмеркаваць з Магілёўскім гарвыканкамам прапановы Эўразьвязу дзеля наладжваньня стасункаў з афіцыйным Менскам. Заяўку старшыню гарвыканкаму Віктару Шорыкаву з прапановай правесьці круглы стол перадалі сёньня ў аддзел ідэалягічнай працы.

Магілёўскія дэмакраты сваю ініцыятыву аргумэнтуюць патрэбай паведамляць грамадзтву пра прапановы Эўразьвязу. Сярод удзельнікаў круглага стала яго ініцыятары хочуць бачыць прадстаўнікоў апазыцыі, улады ды сродкаў масавае інфармацыі.

Народ мусіць ведаць, што Эўропа яму ня вораг і што альтэрнатывы наладжваньня стасункаў з Эўразьвязам у Беларусі няма, паведаміў “Свабодзе” адзін з заяўнікаў, кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Акрамя яго заяўку падпісалі дэпутат Магілёўскага гарсавету дэпутатаў Аляксандар Агееў ды грамадзкі актывіст, кандыдат эканамічных навук Пётар Мігурскі.

Пастанову пра зварот дэмакратычнай супольнасьці да гарвыканкаму прынялі ўчора на нарадзе грамадзкіх актывістаў — дакумэнт называецца “Беларуская эканоміка і прамысловасьць ва ўмовах падвышэньня коштаў на энэрганосьбіты. Пабудова дачыненьняў Беларусі з краінамі Эўразьвязу й Расеі”.

• У Магілёве плянуюць правесьці пікеты напярэдадні “Эўрапейскага маршу”, 26.09.2007
XS
SM
MD
LG