Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвет абураны гвалтоўным здушэньнем пратэстаў у М''янме


Тацяна Поклад, Прага Вайсковы рэжым у М''янме (былой Бірме) узмацняе рэпрэсіі супраць дэманстрантаў, якія працягваюць штодзённыя акцыі пратэсту. Жорсткае здушэньне мірных дэманстрацыяў уладамі выклікала рэзкую крытыку міжнароднай супольнасьці і новыя санкцыі супраць вайсковай хунты, якія ўжо увялі Злучаныя Штаты.

Вайсковае кіраўніцтва М''янмы зброяй здушвае мірныя пратэсты, якія працягваюцца другі тыдзень.

Закрыты цэнтар найбуйнейшага гораду краіны Янгона (былы назоў – Рангун) і заблякаваныя ўсе дарогі ў горад. Мясцовыя жыхары цалкам пазбаўленыя доступу да інтэрнэту. Сілы бясьпекі занялі пяць галоўных будыйскіх манастыроў гораду, сотні манахаў арыштаваныя. Менавіта будыйскія манахі ўсталі на чале штодзённых дэманстрацыяў супраць вайсковай хунты і яе эканамічнай палітыкі.

Сёньня войскі зноў адкрылі агонь супраць дэманстрантаў на вуліцах Янгона. Але гэта не спыніла акцыі – сёньня на вуліцы Янгона выйшлі каля 2 тысяч чалавек. Паліцыя і войскі зноў зьбівалі людзей дубінкамі і арыштоўвалі дзясяткамі.



Амаль штодзённыя дэманстрацыі ў Бірме ў розных гарадах працягваюцца другі тыдзень, вайсковая хунта пачала разганяць іх два дні таму. За гэты час забітыя як найменей 13 чалавек, у тым ліку – японскі журналіст, сьмерць якога пацьвердзіла амбасада Японіі ў Янгоне. Улады пацьвердзілі 9 сьмерцяў у выніку разгону дэманстрацыяў.

Амбасадар Аўстраліі ў Янгоне Боб Дэвіс сёньня заявіў, што колькасьць забітых значна большая.

Асацыяцыя краінаў Паўдзённа-Ўсходняй Азіі (ASEAN), у якую ўваходзіць і М''янма (Бірма), выказала “агіду” з нагоды гвалту ў краіне, які прывёў да забойства людзей.

Дзевяць міністраў замежных спраў краінаў ASEAN выступілі з заявай, якую агучыў амбасадар Сынгапуру Джордж Ео (George Yeo). Ён паведаміў, у прыватнасьці, адносна пазыцыі міністраў:

“Паведамленьні аб тым, што ўжытая пальная зброя, у іх выклікала жах і яны запатрабавалі, каб урад М''янмы неадкладна спыніў гвалт супраць дэманстрантаў. Яны выказалі сваю агіду міністру замежных спраў М''янмы Ньян Уіну ў сувязі з гвалтам і забойствамі”.

Такая рэзкая заява з боку ASEAN – зьява надзвычай рэдкая, паколькі асацыяцыя базуецца на прынцыпах кансэнсусу і ўзаемнага неўмяшаньня. Міністар замежных спраў Францыі Бэрнард Куншэр вітаў гэтую заяву як важны посьпех:

“ASEAN – вельмі важная структура, і гэтая рэзкая дэклярацыя мае вялікае значэньне. Зь ёй абавязкова давядзецца лічыцца. І толькі краіны ASEAN могуць эфэктыўна уплываць на М''янму”.

Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс таксама ўхваліла “вельмі добрую заяву” дзевяці міністраў замежных спраў ASEAN. ЗША ўвялі новыя эканамічныя санкцыі супраць уладаў Бірмы – замарозілі ўсе банкаўскія актывы кіраўніцтва гэтай краіны.

Тым часам, вайсковы рэжым Бірмы згадзіўся ўпусьціць у краіну спэцыяльнага пасланьніка ААН Ібрагіма Гамбары. Яго прыезд у Янгон плянуецца ў суботу, заўтра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG