Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: ці можна перамагчы карупцыю?


Іна Студзінская, Менск Як змагацца з карупцыянэрамі? Ці магчыма перамагчы карупцыю? Гэтыя пытаньні нашая карэспандэнтка задавала людзям на вуліцах Менску.

Cпадар: “Я думаю, перамагчы карупцыю немагчыма. Таму што трэба мяняць усю сыстэму, а гэта проста немагчыма”.

Дзяўчына: “Усё залежыць ад саміх людзей, ад іх сумленнасьці, маральнасьці — ці зможа чалавек штосьці перабудаваць, пераламіць у сабе”.

Спадарыня: “Вельмі складана перамагчы карупцыю. Карупцыя — гэта вялікія грошы, сувязі”.

Спадар: “Не. Мы бралі, наша пакаленьне бярэ, але моладзь вучыцца ад нас”.

Спадарыня: “Што вы, немагчыма! Чым далей, тым карупцыя мацнее. Сумленнасьці, прыстойнасьці ў людзей павінна быць больш”.

Спадар: “Дзе ёсьць улада, там і карупцыя. Мне здаецца, сама ўлада карумпаваная”.

Юнак: “Не пераможам мы ніколі карупцыі”.

Карэспандэнтка: “Ці магчыма перамагчы карупцыю, як змагацца зь ёй?”

Спадар: “Я ведаю толькі адзін сродак: у чыноўнікаў павінны быць высокія заробкі. То бок, калі чалавек будзе працаваць на адным месцы, у яго будзе добры заробак, ня трэба будзе нічога браць”.

Спадар: “Супраць карупцыі можна змагацца толькі сумленнасьцю”.

Спадарыня: “Я разумею карупцыю мэнталітэту і карупцыю, так бы мовіць, у фізычным пляне, калі людзі падманваюць адзін аднаго і нажываюцца коштам іншых. Усё робіцца зь ведама ўраду. Калі хтосьці будуе вялізныя дамы, катэджы, і ўрад заплюшчвае на гэта вочы — што значыць меркаваньне народу?”

Спадар: “Карупцыю перамагчы можна. Трэба прымаць законы, дырэктывы, падтрымліваць парадак. Але ў нас пакуль гэтага ня робіцца. Можа, дапаможа зьмена ўлады”.

Карэспандэнтка: “Але ёсьць жа закон аб барацьбе з карупцыяй...”

Спадар: “Законы ёсьць, але яны не выконваюцца”.

Дзяўчына: “Самае галоўнае — не прапаноўваць хабару. Калі ніхто ня будзе даваць, ня будзе чаго браць”.

Спадар: “Мне здаецца, што гэта магчыма, усё залежыць ад дзяржавы, ад унутраных органаў. Я ня ведаю, ці дастаткова яны змагаюцца, але ў нашай краіне карупцыя ёсьць”.

Юнак: “Карупцыя ёсьць, зь ёй змагаюцца слаба, на многае заплюшчваюць вочы. Камусьці, відаць, гэта выгадна. Канечне, павінна быць дасканалае заканадаўства, захады павінны быць больш жорсткія”.

Спадар: “Немагчыма перамагчы карупцыю. Наш чалавек, колькі б грошай ён ні атрымоўваў, яму хочацца больш, больш, больш”.
XS
SM
MD
LG