Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі зьніклай Мэдлін Маккэн вырашылі перадаць яе цацкі ў Беларусь


Алена Струвэ Цацкі зьніклай ангельскай дзяўчынкі Мэдлін Маккэн будуць перададзеныя беларускім дзецям, якія ў выніку самых розных прычын пазбаўленыя шчасьлівага дзяцінства. Так вырашылі бацькі дзяўчынкі – Джэры і Кейт Маккэны, перадае ВВС.

Чатырохгадовая Мэдлін Маккэн была выкрадзеная ў часе адпачынку сям’і ў Партугаліі сёлета ў траўні.

З таго часу аднавяскоўцы, а таксама многія іншыя брытанцы, якія сымпатызавалі гэтай сям’і, сымбалічна прыносілі для дзяўчынкі на мэмарыял ў Лестэршыры шматлікія лялькі і цацкі.

Як сьведчаць сваякі Мэдлін, усе моляцца за тое, каб пошукі дзяўчынкі працягваліся і каб яна аднойчы вярнулася дадому. Тым ня менш Маккэны перакананыя, што ўсе гэтыя цацкі цяпер больш патрэбныя дзецям у пацярпелай ад Чарнобылю Беларусі.

Паводле бабулі Мэдлін Джэніт Кенэдзі, цяпер яна і сябры сям’і штодня пакуюць пасылкі для беларускіх дзяцей. У кожную скрынку разам зь лялькамі ды цацкамі кладзецца невялікае фота дзяўчынкі. Усяго ў Беларусь накіруюць каля 2 тысяч пасылак.

Тым часам экспэрты-крыміналісты па-ранейшаму называюць справу выкраданьня дзяўчынкі надзвычай загадкавай. Да апошняга часу партугальская паліцыя падазравала ў злачынстве як саміх бацькоў, так і іх сяброў. Днямі, пасьля таго як у рукі паліцыі трапіў здымак, зроблены ў Марока ў жніўні, у сьледзтва зьявілася новая дэталь у справе. Аднак у сьледчых па-ранейшаму адсутнічаюць дакладныя вэрсіі злачынства.
XS
SM
MD
LG