Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ падазрае А.Цянюту ў дзейнасьці ад імя “Маладога фронту”


Радыё Свабода, Гомель Гомельская ўправа КДБ падазрае арыштаванага нядаўна на 10 сутак моладзевага актывіста Андрэя Цянюту ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”.

“Пакуль я сядзеў у ізалятары часовага ўтрыманьня, супрацоўнікі КДБ правялі ў кватэры, дзе я жыву з бацькамі, ператрус. Яны сканфіскавалі кампутар і некаторыя дакумэнты пра “Малады фронт”, якія я знайшоў. Я цікаўлюся гісторыяй гэтага руху”, – сказаў Цянюта карэспандэнту БелаПАН.

У пратаколе вобшуку, які праводзіў старшы лейтэнант УКДБ Уладзімер Відаліс, апрача сканфіскаваных бел-чырвона-белага сцяга, значка “Радзіма! Свабода!”, згадваюцца два асобнікі “Праграмы рэгіянальнага разьвіцьця “Маладога фронту” ў Гомельскай вобласці”, лісток “Кансьпірацыя па-маладафронтаўску”, “Агульныя палажэньні Рэзалюцыі Рэгіянальнай Рады “Маладога фронту” Гомельшчыны”, кнігі Паўла Севярынца “Лісты зь лесу” ды іншае.

20-гадовы Андрэй Цянюта – студэнт-завочнік сельскагаспадарчай акадэміі ў Расеі. 14 верасьня каля ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны, паводле сьведчаньня некаторых яго кіраўнікоў, Цянюта расклейваў улёткі ў падтрымку адлічанага з гэтай навучальнай установы актывіста, выдатніка матэматычнага факультэту Зьмітра Жалезьнічэнкі.

Прарэктар Сяргей Ханеня затрымаў маладзёна, завёў ва ўнівэрсытэт, дзе яго некаторы час утрымлівалі. Урэшце Андрэя зьвінавацілі ў дробным хуліганстве, выклікалі міліцыю, і Цэнтральны суд пакараў хлопца 10 суткамі арышту.

• Гомель: моладзевы актывіст Андрэй Цянюта арыштаваны на 10 сутак, 18.09.2007 • Гомель: ці перакваліфікуюцца прарэктары ў міліцыянтаў?, 17.09.2007
XS
SM
MD
LG