Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пераемнік Лукашэнкі ня зможа быць такім жа Банапартам, як папярэднік”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Ці рыхтуе Аляксандар Лукашэнка свайго сына Віктара на пасаду прэзыдэнта як пераемніка? Гэта пытаньне ў кантэксьце нядаўняга сыходу сьпікера Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Канаплёва абмяркоўвалі экспэрты “Свабоды” ў перадачы “Праскі акцэнт” 16 верасьня.

Мяркуючы па пошце, тэма цікавіць многіх нашых слухачоў. З аднаго з такіх допісаў і пачну сёньняшні агляд лістоў.

Наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў падзяляе меркаваньне, што праект “Пераемнік” ужо дзейнічае, і што размова ідзе ня толькі пра Віктара Лукашэнку, але пра цэлую каманду набліжаных да яго асобаў, якія ўжо да моманту перадачы ўлады будуць рэальна кіраваць краінай:

“Гэта найбольш аптымальны варыянт спакойнай пэнсійнай старасьці для Аляксандра Лукашэнкі. Каманда пераемніка будзе складацца з тых людзей, якіх патрыярх Лукашэнка сам выгадаваў і даў пуцёўку ў жыцьцё. Ён — іхны Дэн Сяопін.

Праект “Пераемнік” і ягоная рэалізацыя будуць безумоўна станоўчай зьявай для Беларусі, ейнага спэцыфічнага паводле мерак Усходняй Эўропы грамадзтва. У постлукашэнкаўскі пэрыяд народ без грамадзянскай супольнасьці, без цэмэнту нацыяналізму атрымае нейкую сілу дзеля стабілізацыі, якая возьме на сябе адказнасьць за краіну.

А нацыянал-патрыятызм Мілінкевіча — шкодны, і ня будзе запатрабаваны ні нэаалігархіяй, ні насельніцтвам. Пры гэтым любы пераемнік Лукашэнкі ўжо ніколі ня зможа быць такім Банапартам, якім быў сам Лукашэнка.

Гэта і на карысьць будучай беларускай дэмакратыі. Пераемнік бязь яркай харызмы непазьбежна будзе толькі першым сярод роўных мэнэджараў — генэралаў эканомікі. Для беларускага прастага люду гэта лепшы варыянт, чым той бардак, які быў у Расеі падчас першага прэзыдэнцкага тэрміну Ельцына.

Ясна, што беларускай нэаалігархіі патрэбная будзе незалежная Беларусь — але якая? Беларусізацыя ў прынцыпе будзе вечным фарсам безь сяброўства ў Эўразьвязе і НАТО, бязб візавага рэжыму з Масквой і культурнага сыходу ў англаамэрыканізм”.

Заўважу, спадар Марціновіч: рэальных прыкметаў таго, што праект “Пераемнік” пачаў ажыцьцяўляцца ў Беларусі, — амаль ніякіх. Аляксандру Лукашэнку яшчэ далёка да пэнсійнага веку, ды і да чарговых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі — чатыры гады, за гэты час многае можа зьмяніцца.

Відавочна, апісаны вамі варыянт перадачы ўлады — адзін з многіх магчымых. Хоць наўрад ці грамадзкая думка ў Беларусі з захапленьнем успрыме ідэю спадчыннай пераемнасьці ўлады і ўсталяваньня бестэрміновага ўладараньня ў Беларусі дынастыі Лукашэнкаў.

Аўтар наступнага ліста — краязнаўца з Барысава Алесь Шустоўскі. У сярэдзіне верасьня на хвалях “Свабоды” мы ня раз згадвалі пра падзеі верасьня 1939 году, калі ў выніку пакта Молатава — Рыбэнтропа Чырвоная Армія акупавала Ўсходнюю Польшчу, і такім чынам усходняя і заходняя часткі Беларусі былі ўзьяднаныя.

Адно з наступстваў тых падзеяў — масавыя расстрэлы ў 1940 годзе ў Катыні і ў іншых мясьцінах савецкім НКВД польскіх ваеннапалонных, сярод якіх было нямала і беларусаў.

Алесь Шустоўскі з нагоды пачутага піша:

“У вас пра тыя расстрэлы — толькі як пра факты, адна канстатацыя. А трэба было паразважаць над той трагедыяй ды іншымі падобнымі фактамі генацыду славянскага этнасу.

На маю думку, тут мэтазгодна зрабіць ідэалягічны ды псыхалягічны акцэнт на тым, што нельга здавацца ў палон як вайскоўцам, гэтак і цывільным людзям. Бо ворагі заўсёды зьнішчаюць фізычна, маральна і гэтак далей тых, хто супраць іх, хто ня іхнага роду-племені.

З ворагамі трэба змагацца да апошняга патрона, апошняга ўздыху, пакуль ёсьць сілы.

Зычу вам у далейшым засяродзіць на гэтым увагу. Нельга вечна плакаць у камізэльку ды канстатаваць: там нашых братоў, сясьцёр, бацькоў, матуль сьцерлі ў лягерны пыл, перастралялі сотні тысяч дзяцей нашых, замардавалі найлепшых прадстаўнікоў Бацькаўшчыны.

Вось у якім ключы трэба выхоўваць патрыётаў Беларусі ды тых, хто хоча ведаць нашу гісторыю без цэнзурных паправак”.

“Трапіў у палон — значыць, здраднік” — такім прынцыпам, спадар Шустоўскі, кіраваліся спэцслужбы ў сталінскім Савецкім Саюзе. І тысячамі расстрэльвалі альбо кідалі ў канцлягеры ўласных салдатаў, якія перажылі варожы палон і цудам выбраліся да сваіх.

Дзясяткі тысяч польскіх салдатаў і афіцэраў апынуліся ў савецкім палоне не таму, што не хацелі ваяваць. Проста да сярэдзіны верасьня 1939 году фашысцкая армія амаль цалкам акупавала Заходнюю Польшчу.

Было відавочна, што вайна прайграная, і не было сэнсу весьці баявых дзеяньнях, класьці галовы сваіх людзей яшчэ і на ўсходзе. Польскае камандаваньне аддало загад не аказваць супраціву Чырвонай Арміі. Быў разьлік на тое, што былых салдат проста адпусьцяць дахаты, ці хоць бы абыдуцца зь імі ў адпаведнасьці зь міжнароднымі канвэнцыямі аб ваеннапалонных.

І ім абяцалі вызваленьне. Мая бабуля да свайго апошняга дня захоўвала адзіны ліст з бальшавіцкага палону, з канцлягеру ў горадзе Асташкаве Калінінскай вобласьці ад дзядулі Ўладзіслава Саковіча.

Ён пісаў, што хутка вернецца, што абяцаюць усіх адпусьціць... Яна так і не даведалася, што на пачатку траўня 1940 году яго, як і тысячы іншых ваеннапалонных, расстралялі ў сутарэньнях калінінскага НКВД.

Ніякіх судоў не было. Была пісьмовая просьба Берыі расстраляць ваеннапалонных як “закаранелых ворагаў савецкай улады”. І подпісы на гэтай просьбе Сталіна, Варашылава, Молатава і Мікаяна. Камуністычныя правадыры адной гэтай паперкай паслалі на сьмерць больш як 20 тысяч ні ў чым не вінаватых людзей.

На тэму моўнай сытуацыі ў Беларусі — электронны ліст ад наведніка сайту “Свабоды”, які падпісаўся як Вітэк. Да ліста ён прыклаў выявы ўпаковак некаторых тавараў, што вырабляюць беларускія заводы, — у прыватнасьці, цукерак кандытарскай фабрыкі “Камунарка” і кансэрваў вяршкоў Рагачоўскага малочнага камбінату. Упакоўкі аформленыя па-расейску і па-ангельску. Вітэк піша:

“Вось і доказы таго, што Беларусь сапраўды зьўляецца краінаю дзьвюхмоўнай. На этыкетках бачым мовы расейскую і ангельскую.

Расейская мова на налепцы Рагачоўскага заводу нават дарэвалюцыйная, у чым відаць любоў да царскае ўлады. А цукеркі “Сталічныя” фабрыкі “Камунарка” паказваюць любоў да ЗША, бо выкарыстаны амэрыканскі варыянт ангельскай мовы. Зыходзячы з гэтага, можна з упэўненасьцю гаварыць пра імкненьне Беларусі не да сучаснае Расеі, а да імпэрыі, як і да ўзьяднаньня з Амэрыкай”.

Нейкая частка цукерак, якія вырабляе “Камунарка”, накіроўваецца на экспарт у Злучаныя Штаты — верагодна, якраз гэтым і тлумачыцца выкарыстаньне амэрыканскага варыянту ангельскай мовы.

А вось чаму на ўпакоўках няма дзяржаўнай беларускай мовы, хоць большая частка прадукцыі і гэтых, і іншых беларускіх прадпрыемстваў харчовай галіны ідзе на ўнутраны рынак — гэта пытаньне да ўлады, якая абавязаная гарантаваць роўнасьць дзьвюх дзяржаўных моваў.

Праблемай дыскрымінацыі беларускай мовы заклапочаны і даўні сябар “Свабоды” Ільля Копыл зь Менску:

“Калі слухаеш “Свабоду”, зьяўляецца ўпэўненасьць, што наша мова ня зьнікне, што яна жыве і будзе жыць. Прыемна, што пры апытаньнях на вуліцы многія людзі даюць адказы на беларускай мове.

Але ўпэўненасьць зьнікла, калі я 1 верасьня папрысутнічаў на дзьвюх школьных лінейках. Не пачуў ніводнага беларускага слова — ні ад настаўнікаў, ні ад бацькоў, ні ад вучняў.

Адзінае, што крыху нагадала пра Беларусь — гэта калі першаклясьнікам раздалі кніжку на беларускай мове “Мая Радзіма — Беларусь”. Настаўнікі ўзьнёсла абвесьцілі, што гэта падарунак ад прэзыдэнта.

Сьмешна казаць, але атрымліваецца, нібы прэзыдэнт гэтым змагаецца супраць бацькоў і настаўнікаў за беларускую мову. Ды толькі вынік гэтага “змаганьня” варты жалю…

8 верасьня паехаў у сваю вёску па асабістых справах. Зайшоў у хату, дзе жыве маладая сям’я. Старэйшая з трох дзетак сёлета пайшла ў першую клясу. Хадзіць трэба ў суседнюю вёску, за два кілямэтры. Раней была свая добрая школа. Яе спачатку зачынілі, а калі людзі сталі абурацца, дык разабралі на бярвеньні.

Запытаўся ў бацькоў пра вучобу. Якім было маё зьдзіўленьне, калі яны пачалі скардзіцца, што вучыцца цяжка, бо выкладаньне вядзецца на беларускай мове. І гэта — у глухой вёсцы, 115 кілямэтраў ад Менску і 170 — ад Віцебску. Трасянка дабралася і туды…”

Свой ліст Ільля Копыл прынес у рэдакцыю сам. А разам з допісам пакінуў пачастунак — мяшэчак беларускіх цукерак. Мы падарылі даўняму сябру кнігу “Імёны Свабоды”, якая толькі што выйшла ў бібліятэчнай сэрыі нашага радыё. Дзякуй вам, спадар Копыл, і за вашы цікавыя лісты, і за ўвагу да нашага радыё, і за мілы гасьцінец.

Мы ўдзячныя ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG