Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы не напісалі раман ХХ стагодзьдзя?


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае літаратуразнаўца Пятро Васючэнка. Эфір 27 верасьня 2007 году.

“Майстар працаваў у ўбогай каморцы, так бы мовіць, кватэры, дадзенай яму Саўнаркамам. Нагадвала яму тая кватэра камэру ў турме, у якой ён сядзеў у 1938 годзе. Бруд, цемень, вокны глядзяць у цёмны трохкутнік высозных муроў. “Жыву, як апошняе пакідзішча”, -- скардзіўся пісьменьнік сябрам, што пыталіся ў яго: “Як маесься?”. Сам ён таксама дайшоў, можна сказаць, да апошняе мяжы: балела сэрца, ногі апухлі да каленяў. Ведама, у турме паклаў сваё здароўе. Сілы пакідалі яго. А яны былі патрэбны хаця б для таго, каб паліць у печы, цягаць ваду, красьці дровы. Іначай, ня выжывеш.

А Майстру трэба было ня проста выжыць, а зрабіць тое, дзеля чаго ён быў пакліканы Госпадам на гэты сьвет. І ён рабіў – пісаў упарта, зацята, гэтаксама, як і адзін зь ягоных герояў Леапольд Гушка апантана і цярпліва ўзорваў камяністы цалік.

І нарэшце надышоў той дзень, калі пісьменьнік паставіў апошнюю кропку ў рукапісе, пазначыў дату: 22 лістапада 1944 году. І ён прамовіў: “Дзякаваць Богу, я зрабіў гэта. Я выканаў клятву “ўзвышэнца” – напісаў твор, якому зьдзівяцца вякі і народы. Вось ён -- раман ХХ стагодзьдзя”. Чорны яшчэ ня ведаў, што жыць яму заставалася палову гадзіны”.

Вячаслаў Ракіцкі: “Такім мог быць апошні дзень клясыка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага. А насамрэч, як было?”

Пятро Васючэнка: “Усё сталася амаль гэтак, амаль усё – праўда. Толькі не дапісаў Кузьма Чорны свой раман стагодзьдзя. Ён паставіў кропку ў дзёньнікавым запісе, у якім зьмяшчаўся крык адчаю: “Божа, напішы за мяне мае творы!..”

Ракіцкі: “Талент, геній Кузьмы Чорнага не выклікаюць сумненьня. Але раман стагодзьдзя – гэта занадта высокая мэта. Ці сапраўды здатны быў Кузьма Чорны ажыцьцявіць яе?”

Васючэнка: “На маю думку, Кузьма Чорны быў мастаком, якому ад Бога было дадзена звыш меры, і ягоная драма была драмай, якую я назваў бы драмай няпоўнай самарэалізацыі. Калі Кузьма Чорны пачынаў пісаць, здавалася, што ў літаратуру прыйшоў пісьменьнік-мадэрніст, імпрэсіяніст, пісьменьнік, абсалютна чуйны да літаратурных навацыяў. Высьветлілася, што яшчэ ён і глыбокі псыхоляг, вучань і спадкаемца Дастаеўскага. Ягоныя раньнія і крыху пазьнейшыя творы былі сапраўднымі мастацкімі адкрыцьцямі. Прыкладам, першы інтэлігенцкі раман “Сястра”. Ягоная аповесьць “Лявон Бушмар” перагукаецца з раманам Альбэра Камю “Чужаніца”, бо ў ёй адкрыты “біялягічны чалавек”, хаця пісьменьнік пра гэта ня ведаў. Ён думаў і мысьліў плянэтарна. Сьведчаньнем таму і задума ягонага рамана “Млечны шлях” – паказаць беларускага чалавека побач зь ягонымі эўрапейскімі суседзямі на фоне другой усясьветнай вайны. Пачатак твору паказвае, што гэта раман-парабала: бык, які адбіўся ад статку і заблукаў у лесе, і людзі розных нацыянальнасьцяў, якія на яго палююць. На жаль, раман застаўся незавершаным, як і некаторыя іншыя раманы творцы, такія, як “Ідзі, ідзі”, альбо “Вялікі дзень”.

Ракіцкі: “Натуральна, што турма, нялюдзкія ўмовы жыцьця заміналі Кузьму Чорнаму. Але мы ведаем з гісторыі ўсясьветнай літаратуры, што часам менавіта турма, галеча, страшныя псыхалягічныя перажываньні якраз зьяўляюцца рухавіком напісаньня вялікіх твораў. Дык што ж перашкодзіла Кузьму Чорнаму ажыцьцявіць свае задумы?”

Васючэнка: “Турма таксама не была для яго санаторыем. Ён піша, што ў 1938 годзе яму пад пазногці іголкі заганялі, зьбівалі дручкамі на каменнай падлозе, раўлі ў вушы праз папяровыя трубы. Але пісьменьніку яшчэ спадарожнічала пісьменьніцкая драма. Ён быў аблытаны сацыяльнымі замовамі. Трэба было пісаць пра калгасную вёску. Ён пісаў твор за творам, а часу бракавала. І вось у дзёньніку зьяўляецца яшчэ адзін запіс адчаю: пару-тройку такіх вось твораў напішу, каб заткнуць глоткі дурням і брахунам, а потым вазьмуся за тое сапраўднае, запаветнае. Гэта была ілюзія: чалавек думаў жыць вечна, ці прынамсі вельмі доўга, а жыцьця не хапіла”.

Ракіцкі: “Першая палова ХХ стагодзьдзя была часам, калі суседзі беларусаў, сярэднеэўрапейскія народы, сапраўды спазналі росквіт у літаратурным працэсе. Гэта быў час, калі многія народы стварылі свае раманы стагодзьдзя, эпічныя раманы. Хто яшчэ, акрамя Кузьмы Чорнага, з вашага гледзішча, мог напісаць той самы беларускі раман, які б чытала ўся плянэта?”

Васючэнка: “Беларускія аўтары набліжаліся да напісаньня такога раману перадусім праз хронікі. Гэтак наблізіўся Максім Гарэцкі, калі задумаў “Камароўскую хроніку”. Але вёска ўжо выходзіла зь літаратурнага побыту. Патэнцыйны раман стагодзьдзя перабраўся пераважна ў горад. Дый жыцьця не хапіла таму ж Гарэцкаму, каб напісаць раман стагодзьдзя. Маштабную “Палескую хроніку” задумаў і Іван Мележ. Зноў жа жыцьця не хапіла. Дый надлом жыцьця ў калгаснай вёсцы, які ён адлюстроўваў у творы, не зусім адпавядаў тым рысам, якія мае ўвабраць у сябе раман стагодзьдзя. А гэта -- эпічны раман, які паказвае рух жыцьця ў яго няспыннай плыні, а ня толькі ў асобна ўзяты драматычны момант. Набліжаўся да напісаньня эпічнага інтэлектуальнага раману Вацлаў Ластоўскі, які на пачатку стагодзьдзя стварыў свае славутыя “Лябірынты” – твор, які сёньня можна параўноўваць з творамі Умбэрта Эка. “Лябірынты” сталі правобразам інтэлектуальнага раману. І зноў гэты твор застаўся незавершаным. Якуб Колас таксама наблізіўся да гэтай задумы ў сваё паэме “Новая зямля”. Яна была, безумоўна, глябальным тварэньнем. “Новая зямля” зноў жа паказвала жыцьцё вёскі. Але гэты твор напалову патанае ў ХІХ стагодзьдзі, бо гэта сядзібная літаратура. Гэта працяг такіх твораў, як, прыкладам, “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча. І зноў жа гэта не раман, а паэма”.

Ракіцкі: “Вы сьцьвярджаеце, што менавіта вёска замінала стварэньню эпічнага раману. А мне ўзгадваецца эстонскі эпас – раманы Тамсаарэ, дзе якраз адлюстраваныя зломы ў вясковым жыцьці. Эстонцы стварылі свой раман ХХ стагодзьдзя. Дык, з вашага гледзішча, унікальныя беларускія абставіны ці ўнівэрсальныя абставіны мінулага стагодзьдзя сталі прычынай таго, што беларускі раман склаўся запозна, а раман стагодзьдзя беларусы так і не напісалі?”

Васючэнка: “Сапраўды, вёска як прадмет адлюстраваньня не замінае напісаньню эпічнага раману. Але нечага яшчэ не хапала беларускім аўтарам, каб стварыць раман стагодзьдзя, які вы слушна назвалі эпасам. Эпас пішацца на падставе нейкай маленькай падзеі. Прыкладам, недзе пад Трояй пабіліся грэкі з траянцамі. А потым з гэтага робіцца міт – падзея ўзбуйняецца, але каб яна ўзбуйнілася, каб вырас эпас, патрэбны працяглы час. Патрэбна, так бы мовіць, роўнядзь гістарычнага і нацыянальнага жыцьця. Грэкі мелі час, каб стварыць свой эпас. А вось беларусы такой раскошы гістарычнай роўнядзі ня мелі. У гэтым сэнсе яны шмат у чым унікальныя”.

Ракіцкі: “Разумею вас, што бясконцыя войны, рэпрэсіі, палітычныя зьмены, якія спазнала Беларусь, заміналі літаратурнаму працэсу. Але ў ХХ стагодзьдзі ўсё ж Беларусь мела і пэрыяды, калі можна было не сьпяшацца, падумаць, паразважаць. Маю на ўвазе хрушчоўскую адлігу і брэжнеўскі застой. Хіба гэтая, безумоўна, заганная, але і, безумоўна, стабільная пара не давала пісьменьніку шанцаў на спакойнае пісьмо?”

Васючэнка: “Паўнавартаснага нацыянальнага жыцьця беларусы ня ведалі і за тым часам, ужо нават таму, што беларускія школы закрываліся. І ўсё ж слушна – менавіта ў тую пару Васіль Быкаў напісаў свае аповесьці, вельмі падобныя на кароткія раманы, якія таксама пры пэўных умовах маглі б стаць раманамі стагодзьдзя. У той жа час, хацеў бы заўважыць, што жыцьцё ў тую пару было толькі вонкава спакойным. Насамрэч яно віравала: усялякія кукурузныя кампаніі, пабудова камунізму і таму падобнае, пра што слушна кажа герой п’есы Андрэя Макаёнка “Лявоніха на арбіце”: куды вы ўвесь час гоніце мяне, дайце раздумацца, агледзецца. Увесь час адбываецца нешта новае, а ён хоча крыху ўкаранець, паглядзець -- што ж будзе далей? Такога спакою беларусы ня мелі і тады”.

Ракіцкі: “Такім чынам, адвечны беларускі рух, паводле формулы, зададзенай яшчэ філёзафам Ігнатам Абдзіраловічам, як бы зачыняе шлях да стварэньня нацыянальнага эпасу”.

Васючэнка: “Хацеў бы заўважыць, што раманы ХХ стагодзьдзя дастаткова часта ствараюцца не паводле абставінаў, а насуперак ім. Яны ня столькі адлюстроўваюць свой час, сваю эпоху, колькі пераствараюць яе, супраціўляюцца ёй. І ў гэтым пляне ў ХХІ стагодзьдзі зьяўленьне беларускага раману стагодзьдзя вельмі нават верагоднае. Я нават гатовы прадбачыць, што гэта будзе за раман. Гэта будзе раман, у якім недахоп стабільнасьці кампэнсуецца стабільнасьцю ўнутры самога твору. Гэта будзе раман пра шчасную сучаснасьць або будучыню Беларусі. Калі хочаце, гэта будзе раман-утопія. І ня выключана, што нейкі Майстар ХХІ стагодзьдзя цяпер, у гэтую хвіліну якраз, і завяршае працу над такім творам”.

Ракіцкі: “А што было б, калі б у ХХ стагодзьдзі той самы Чорны ці хтосьці з тых, хто быў побач зь ім, стварылі рэалістычны раман стагодзьдзя? Што-небудзь кардынальна зьмянілася б у руху нацыі ці літаратурнага працэсу?”

Васючэнка: “Прадбачу тры варыянты. Першы – раман патануў бы ў спадчыне Кузьмы Чорнага і ня быў бы знойдзены, быў бы пахаваны пад грудаю рукапісаў. Другі варыянт – калі гэты твор знаходзіцца, дык ён падзяляе лёс “Майстра і Маргарыты”, які ў свой час скалануў эпоху, зрабіў літаратурнае і палітычнае надвор’е. Трэці варыянт – калі гэты твор сапраўды мяняе жыцьцё (а літаратура многа ў чым перастварае жыцьцё) і стварае новую парадыгму беларускага існаваньня. Самы, так бы мовіць, удзячны варыянт, калі б толькі ён яго стварыў”.

“Майстра сядзеў на паддашку лецішча, атрыманага колісь праз Саюз пісьменьнікаў БССР, не адрываючыся ад ноўт-бука. Ягоныя пальцы ліхаманкава барабанілі па клявіятуры, якая, здавалася, распалілася дабяла, бы палоска жалеза ў кузьні. На суседнім лецішчы банкетавалі: гарлалі песьні, але Майстру гэта не замінала: “Вось яна, апошняя кропка, пастаўленая 27 верасьня 2007 году – апошняя кропка беларускага раману ХХІ стагодзьдзя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG