Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бірме забітыя 8 дэманстрантаў і журналіст


Кастусь Бандарук, Прага Дзясяты дзень запар у Бірме, якой з 1992 году кіруе вайсковая хунта, працягваюцца бурныя антыўрадавыя пратэсты, ініцыяваныя будысцкімі манахамі. Пасьля тыдня стрыманасьці ўлады ўжылі супраць дэманстрантаў зброю. Ёсьць ахвяры. Гэта выклікала асуджэньне з боку міжнароднай супольнасьці.

У Бірме адбываюцца самыя бурныя акцыі пратэсту ад таго часу, калі 20 гадоў таму вайсковая хунта жорстка расправілася з дэманстрантамі, забіўшы 3 тысячы чалавек. Гэтым разам ад куляў салдат загінулі 9 чалавек, у тым ліку японскі журналіст, яшчэ 11 чалавек параненыя. У часе рэйдаў на манастыры ў Янгоне і ў іншых гарадах Бірмы паліцыя арыштавала каля 700 будысцкіх манахаў і двух актывістаў апазыцыйнай Народнай лігі за дэмакратыю.

Дэманстранты патрабуюць спыніць дыктатуру, аднавіць дэмакратычныя свабоды, вызваліць з-пад хатняга арышту лідэра Нацыянальнай лігі за дэмакратыю Аун Сан Су Чжы. Штуршком да пратэсту сталася і рэзкае падвышэньне цэнаў: на газ у пяць разоў, а на бэнзын – амаль на 70%. Пратэсты ўзначалілі будысцкія манахі, якіх у краіне агулам 300 тысяч. Яны заўсёды выконвалі актыўную палітычную ролю, ці то ў гады брытанскага панаваньня, ці апошнія 45 гадоў дыктатарскіх рэжымаў. Гэтым разам яны першымі выступілі супраць хунты, якую з 1992 году ўзначальвае генэрал Тан Швэ.

Жорсткі разгон дэманстрацыяў асудзілі Эўразьвяз і ЗША. На брыфінгу ў Вашынгтоне пасьля прыняцьця сумеснай заявы, прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Том Кейсі заявіў:

“Эўразьвяз і Злучаныя Штаты выказваюць сваю салідарнасьць з народам Бірмы. Мы глыбока ўсхваляваныя паведамленьнямі пра тое, што сілы бясьпекі страляюць і атакуюць мірных дэманстрантаў, што арыштавалі многіх манахаў ды іншых людзей”.

Учора ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі супраць 14 прадстаўнікоў кіроўнай у Бірме хунты, забаранілі любыя фінансавыя зьдзелкі з гэтым рэжымам і замарозілі ўсе яго банкаўскія рахункі ў ЗША. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заклікаў Кітай дапамагчы Бірме ў мірным вяртаньні да дэмакратыі.

Кітай, Аўстралія ды іншыя краіны заклікалі хунту ў Бірме да стрыманасьці і дыялёгу з апазыцыяй. Рада Бясьпекіі ААН патрабуе ад уладаў Бірмы дазволу на прыбыцьцё ў краіну спэцыяльнага пасаланьнка ААН. Сваё пасярэдніцтва ва ўрэгуляваньні канфлікту прапанаваў ляўрэат Нобэлеўскай прэміі, былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса.

Аднак Рада Бясьпекі ААН ня здолела прыняць адмысловай рэзалюцыі ў справе падзеяў у Бірме, паколькі Кітай і Расея лічаць, што гэта ўнутраная праблема самой Бірмы, якая не пагражае міжнароднай бясьпецы і таму не падлягае мандату Рады.

• Рэвалюцыя манахаў у Бірме, 25.09.2007 • Гвалт супраць дэманстрацыі будысцкіх манахаў у Бірме, 26.09.2007
XS
SM
MD
LG