Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вакол Віктара Лукашэнкі зьбіраюцца маладыя чыноўнікі?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Агляд недзяржаўных СМІ Беларусі за 28 верасьня.

Якая групоўка ў атачэньні Аляксандра Лукашэнкі мае лепшыя шанцы прыбраць да рук найбольш важныя кіруючыя пасады? “Народная воля” прапануе аналіз і прагноз сытуацыі, зроблены палітолягам Юрыем Барончыкам. Аўтар не выключае прыходу маладога пакаленьня палітыкаў і нават называе імёны.

“Мяркую, што галоўнымі ўдзельнікамі новай каманды стануць Уладзімер Макей, Натальля Пяткевіч, Уладзімер Мацюшэўскі, намесьнік старшыні Нацыянальнага банку, Усевалад Янчэўскі і Віктар Лукашэнка. Менавіта такая канфігурацыя зь людзей дастаткова маладога ўзросту, у межах 35-40 гадоў, выявілася ва ўладзе і, магчыма, прыйдзе на замену цяперашнім кіраўнікам. Тым больш трэба ўлічыць адстаўку Ўладзімера Канаплёва”.

Што можа стаць наступствам добра адзначанага сьвята гораду? У Слуцку пасьля гэтага мерапрыемства абмежавалі продаж алькагольных напояў, паведамляе пра незвычайную ініцыятыву гарадзкая газэта Інфа-кур’ер Віно і гарэлку ня будуць прадаваць пасьля 9 вечара і раней за 8 раніцы. Такім чынам праз тое вырашылі палепшыць крымінальную сытуацыю ў горадзе. Экспэрымэнт працягнецца да 20 кастрычніка. Аднак рэдактар газэты Сяргей Станкевіч сумняецца, што такая кароткатэрміновая кампанія дасьць станоўчы вынік.

“На такія напоі існуе павышаны попыт, а тое, чым крамы не гандлююць ўвечары, выдатна прапануюць бабулькі. За невялічкі навар гарэлку ўсё роўна можна здабыць. А потым пойдзе ў абарот і самагонка”.

Ці вераць жыхары Берасьця афіцыйным заявам, што рост платы за “камуналку” будзе невялікім? На чым будуць эканоміць? Журналісты Брестской газеты правялі апытаньне на вуліцах абласнога цэнтру. Чаканьні шарагоўцаў аказаліся далёкімі ад аптымістычных, зазначае журналістка Жана Сідарук:

"Мяркуюць, што эканоміць на транспарце немагчыма, таксама немагчыма эканоміць на харчаваньні і адзеньні. Абураюцца рэзкім пад''ёмам коштаў на малочныя вырабы і алей ды кажуць, што ў нашай краіне, дзе сабралі такі добры ўраджай хлеба, падымаць на яго кошты катэгарычна нельга".
XS
SM
MD
LG