Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ідзе падрыхтоўка да Сацыяльнага маршу?


Іна Студзінская, Менск У рамках падрыхтоўкі “Сацыяльнага маршу”, які заплянаваны на 4 лістапада, у канцы верасьня – на пачатку кастрычніка ў Беларусі меркавалася правесьці сотні пікетаў з сацыяльна-эканамічнымі патрабаваньнямі. Першыя акцыі былі заплянаваныя на 30 верасьня. Па ўсёй краіне было заяўлена 458 пікетаў у 60 гарадах. Зь іх дазволена толькі тры: два ў Берасьці і адзін у Наваградку.

27 верасьня толькі ў Горадні сябры абласной філіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі атрымалі 21 адмову з гарвыканкаму — менавіта столькі заявак яны падавалі на правядзеньне пікетаў супраць адмены сацыяльных ільготаў.

Беларускі незалежны прафсаюз “Гродна-Азот” падаваў заяўку на правядзеньне 2 кастрычніка пікету супраць прыняцьця новага закону “Аб прафэсійным пэнсійным страхаваньні”. Гаворыць старшыня пярвічнай арганізацыі Сяргей Антусевіч:

“Фактычна гэта пазбаўленьне пэнсіяў людзей, якія адпрацавалі ў шкодных умовах. На сёньняшні дзень гэта 300 тысяч рублёў, грошы па беларускіх мерках немалыя. Тым больш, яны сумленна, законна заробленыя пакладзеным здароўем у шкодным умовах. Менавіта з гэтых прычынаў і зьбіраліся ў дзень адкрыцьця сэсіі ладзіць пікет. Аднак улады чагосьці сапраўды палохаюцца, баяцца”.

Пікет меркавалася правесьці каля абласнога савету прафсаюзаў, што на пешаходнай вуліцы Савецкай. Учора Сяргей Антусевіч быў выкліканы ў міліцыю, дзе яго вымусілі падпісацца пад пісьмовай перасьцярогай:

“Як мне паказалі копію рашэньня гарвыканкаму, нам было адмоўлена таму, што гэтае месца не пазначанае сярод тых, дзе могуць праводзіцца масавыя мерапрыемствы. Насамрэч дзіўная сытуацыя, таму што і раней, калі мы падавалі заяўкі на пікеты, у 99% выпадкаў былі адмовы, і часьцей за ўсё, менавіта з гэтых прычынаў. Але ніколі раней не было позваў у міліцыю і афіцыйных пратаколаў аб уручэньні перасьцярогі ў выпадку правядзеньня пікету. Такое ўражаньне, што сапраўды вельмі палохаюцца і міліцэйскія начальнікі, і выканкамаўскія”.

Гарадзкія ўлады Наваполацку таксама не дазволілі правесьці падобны пікет супраць прыняцьця Закону аб прафэсійным пэнсійным страхаваньні незалежнаму прафсаюзу “Паліміра”. Прычым, старшыню пярвічкі Івана Сьвятоху неаднаразова выклікалі ў выканкам і папярэджвалі, што ягоны прафсаюз напаткае лёс Свабоднага прафсаюзу Наваполацкай ЦЭЦ, дзе ў 2004 годзе былі звольненыя лідэры, а бальшыня сяброў прафсаюзу пад моцным уціскам былі вымушаныя пакінуць арганізацыю.

Цікава, што ўсе адмовы ў розных рэгіёнах Беларусі маюць аднолькавую фармулёўку: “Прызначанае вамі месца правядзеньня пікету не ўваходзіць у пералік месцаў, зацьверджаных гарвыканкамам”.

Чаму ўлады так баяцца даволі нешматлікіх пікетаў? Старшыня аргкамітэту “Сацыяльнага маршу” Валеры Ўхналёў выказаў такое меркаваньне:

“Тое, што сёньня кажа афіцыйная прапаганда – гэта адно. А тое, што сёньня кажуць людзі, слухаючы тую ж афіцыйную прапаганду – гэта зусім іншае. Ва ўладаў сёньня – ні наверсе, ні ўнізе, на месцах – няма больш-менш прыстойнага адказу на тыя пытаньні, якія сёньня задаюць людзі. Таму яны і блякуюць з усіх бакоў, каб людзі не маглі выказаць тое, што ў іх набалела”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG