Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Будаўніцтва ГЭС на Нёмане: плюсы і мінусы


Сяргей Астраўцоў, Гародня Сёлета плянуеца пачаць будаўніцтва Гарадзенскай ГЭС на рацэ Нёман — прыблізна за дзесяць кілямэтраў перш, чым рака трапляе ў горад, які яна падзяляе на дзьве часткі. Мяркуецца, што моцы ў сямнаццаць мэгават хопіць, каб забясьпечыць электрычнасьцю ўсё гарадзкое жытло. Другую электрастанцыю думаюць пабудаваць бліжэй да мяжы зь Літвой. Якая небясьпека можа пагражаць гарадзенцам, калі абедзьве станцыі пабудуюць?

Гарадзенскі навуковец кандыдат біялягічных навук Валянцін Лучко ведае пра пляны пабудовы дзьвюх ГЭС на Нёмане і пастаянна цікавіцца экалягічным бокам гэтай праблемы.

Лучко: “Я скептык адносна гэтага праекту, падкрэсьліваю, не праціўнік, а скептык. Па адной простай прычыне, што рака раўнінная, хоць і хуткаплынная, хоць берагі Нёману высокія і дазваляюць стварыць пэўны перапад вады, каб можна было выпрацоўваць энэргію з дапамогай сілы вады, але сутнасьць у тым, што асноўныя праблемы, на мой погляд, будзе цяжка вырашыць. Першая праблема: вобласьць вельмі сельскагаспадарчая, і ў Нёман трапляюць стокі з палёў і фэрмаў і пакуль што яны сыходзяць ў Літву. Пры будаўніцтве вадасховішча непазьбежна запаволіць сток вады і створыць рэзэрвуар, і гэтая ўся арганіка застанецца перад Горадняй, ці, яшчэ горш, калі будзе пабудаваная другая плаціна, — у межах самога гораду”.
Вадасховішча запаволіць сток вады, і ўся гэтая арганіка застанецца перад Горадняй, ці, яшчэ горш, калі будзе пабудаваная другая плаціна, — у межах самога гораду.
У выніку створыцца сытуацыя гэтак званага анаэробнага катла, у якім на дне будуць ісьці працэсы, блізкія да балотных, зазначае Валянцін Лучко. І ў горадзе можа непрыемна пахнуць. Тым жа часам спадар Лучко зазначае, што электраэнэргія патрэбна гораду, але ГЭС доўга акупляюцца, і сам ён прыхільнік сучасных атамных станцый. А ці не паменшае ў Нёмане рыбы — пасьля будаўніцтва станцыі, як перасьцерагаюць некаторыя?

Лучко: “Парадокс біялягічны заключаецца ў тым, што чысьціня вады і колькасьць рыбы бываюць рэчамі супрацьлеглымі. У дастаткова насычаных арганікай азёрах і рэках рыбы, канешне, больш. Самае чыстае возера Гарадзенскай вобласьці Сьвіцязь, яно зьяўляецца самым бязрыбным возерам. Таму адназначна: калі пабудаваць вадасховішча, то рыбы ў нас пабольшае. Пытаньне: наколькі больш бруднай стане наша рака — вось і ўсё”.

Спадар Лучко зазначае, што праектаваньнем ГЭС займаюцца спэцыялісты і ён ня думае, што яны хочуць горшага. Але існуе іншая небясьпека.

Лучко: “Вельмі часта пэўная эканамічная выгада бярэ верх, асабліва калі мы пачынаем эканоміць, асабліва ў такіх умовах, калі нас зьнешнія абставіны, асабліва з усходу, прымушаюць эканоміць. І вось гэтая сытуацыя энэргетычнага напружаньня, яна можа стварыць нам большыя праблемы менавіта невыкананьнем альбо залішне эканомным выкананьнем тых праектаў, якія закладзеныя спэцыялістамі ў гэтыя гідратэхнічныя збудаваньні”.
XS
SM
MD
LG