Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні здымаюць дэтэктыў пра золата Напалеона


Сяргей Астраўцоў, Горадня Расейскія кінематаграфісты здымаюць на гарадзенскіх вуліцах і ў падворках новы сэрыял “Марго. Вогненны крыж”. Здымкі таксама адбываліся ў ваколіцах Горадні і, у прыватнасьці, на Аўгустоўскім канале. Размова ў фільме ідзе пра пошукі каштоўнасьцяў, якія Напалеону давялося затапіць ў балоце, калі ён адступаў з Расеі.

Расейская кінакампанія “Югра” з Ханты-Мансійска здымае ў Горадні сэрыял пра пошукі каштоўнасьцяў Напалеона. Мы знаходзімся на здымачнай пляцоўцы. Гэта падворак паміж вуліцамі Сацыялістычнай і Тэлеграфнай. Тут старыя камяніцы, напэўна яны прыцягнулі ўвагу здымачнай групы. На невялікім доме замянілі шыльду, цяпер на ім напісана па-расейску “Віно. Гарэлка”. Пакуль што адбываецца абед, з салдацкіх тэрмасаў жанчына накладае грэчную кашу. Перад самымі здымкамі пасьпелі паставіць толькі рэйкі для кінакамэры.

Мы размаўляем з рэжысэрам фільму “Марго. Вогненны крыж” Аляксандрам Глобіным. У Беларусі існуе шмат паданьняў пра тое, што золата Напалеона схавана недзе тут. Ці зьвязаныя геаграфічна зь Беларусьсю падзеі, што адбываюцца ў вашым фільме?

Глобін: “Мы не ўказваем канкрэтны адрас, у нас выдуманы горад Барыслаў, горад расейскі. Але гэта мяжы Расеі і Беларусі, дзе мог праходзіць Напалеон, дзе ён мог утапіць свой абоз. Для нас галоўнае ў нашым фільме тое, што ў гэтым абозе былі вывезеныя з Масквы Напалеонам скрыжалі д’ябла. Паводле жанру наш фільм — містычны дэтэктыў, і ўсё дзеяньне адбываецца вакол змаганьня за скрыжалі д’ябла”.

Карэспандэнт: “Апошнім часам Горадня прыцягвае ўвагу кінематаграфістаў, у тым ліку з Расеі. Чым прывабіў вас гэты горад, чым спадабаўся?”

Глобін: “Самае галоўнае: горад захаваў сваю гісторыю, у яго вельмі прыгожая цэнтральная гістарычная частка, касьцёлы, тут ёсьць рознастылёвасьць у гэтым горадзе. А паколькі ў нас дэтэктыў містычны, у горадзе якраз ёсьць некаторая казачнасьць, і яна нас прываблівае, мы спрабуем яе выяўляць у карцінцы”.

Карэспандэнт: “Цікава, а ці ўдзельнічаюць жыхары гораду ў масоўках?”

Глобін: “Рэч у тым, што масоўку мы выкарыстоўваем, але вельмі мала, таму што мы здымаем горад пуставаты, ён загадкавы, і мы ня хочам рабіць мітусьлівым такі вялікі горад, у ім ёсьць нейкая пустэча, нейкія цені, штось незразумелае, такі стыль фільму”.

Карэспандэнт: “Як бачым, гарадзенцы ўдзельнічаюць у гэтым фільме вельмі мала. Праўда, Аляксандар Глобін зазначыў, што ў фільме палова актораў —беларускія, і здымкі будуць працягвацца, патлумачыў рэжысэр”.

На здымках: абед на здымачнай пляцоўцы; усе ў руху — пачаліся здымкі.



XS
SM
MD
LG