Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Яраслава Еўдакімава “наехаў” Дзяржкантроль


Алесь Дашчынскі, Менск Камітэт дзяржкантролю і Генэральная пракуратура выявілі масавыя парушэньні зямельнага заканадаўства. Абодва ведамствы вядуць сумесныя праверкі берагоў рэк і азёраў, якія лічацца прыродаахоўнай зонай. Чаму дзяржаўныя структуры так актыўна пачалі наводзіць парадак на зямлі і што чакае ўладальнікаў незаконных пабудоваў?

Праверкі ладзіліся ў Менскай, Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласьцях. Да прыкладу, у Віцебскай вобласьці выяўлена больш за 120 фактаў самавольнага захопу зямельных участкаў ў водаахоўных зонах. А таксама больш за 170 – у прыбярэжных палосах вадаёмаў. Тут збудавана 9 катэджаў, 99 лазьняў, 13 альтанак і больш за 40 гаспадарчых будынкаў.

Ня меншыя маштабы ў Менскай вобласьці, у тым ліку ў раёне азёраў Нарач і Белае. Нейкая грамадзянка Асіповіч на самавольна занятым участку на беразе Раўбіцкага вадасховішча пабудавала тэнісны корт у 13 мэтрах ад вады.

Прозьвішчаў гаспадароў незаконных пабудоваў фігуруе ў мэдыях няшмат. Іх ня хочуць называць у дзяржаўных структурах. Паказальнай пэрсонай “незаконнага” захопу абраны вядомы сьпявак Яраслаў Еўдакімаў. Яго згадаў й старшыня Камітэту дзяржкантролю па Менскай вобласьці Уладзіслаў Цыдзік. Маўляў, спадар Еўдакімаў вызваліў 60 сотак самавольна захопленай зямлі ў Ждановічах-6. Як ставіцца да такіх абвінавачаньняў сьпявак?

Еўдакімаў: “Гэта не самавольны быў захоп, бо я гэта ўзгадніў з кіраўніцтвам. Але цяпер гэтага кіраўніцтва на сваіх месцах няма. Я проста не хачу іх здаваць. Там пацукі бегалі і мы спэцыяльна з суседзямі дамовіліся, што трэба зачыняць гэты сьметнік. Але так як яны цяпер “наехалі” на мяне, я зьнёс гэты плот і няхай там будзе сьметнік.

Там многія людзі, наогул, занялі вялізныя тэрыторыі і пасеклі дрэвы. Нанесьлі ўрон прыродзе. Мы ж, наадварот, захоўвалі гэта. І тым ня менш я застаўся вінаваты”.

Карэспандэнт: “А што будзе далей з вашым будынкам?”

Еўдакімаў: “Я буду прадаваць яго. Атмасфэра мне там не падабаецца і я вельмі расчараваўся”.

Прэсавы сакратар Генэральнай пракуратуры Беларусі Міхаіл Вавула сказаў, што некаторыя парушальнікі ня хочуць самастойна пакідаць захопленыя землі:

“Ну, будзе гэта зроблена з удзелам мясцовых выканаўчых органаў. А затым будзе спагнаны кошт працаў на знос самавольна ўзьведзеных будынкаў. У любым выпадку гаспадарам незаконных самавольных пабудоў давядзецца матэрыяльна адказваць. Таму лепш ім зрабіць гэта цяпер самім. Не чакаць, калі гэта будзе зроблена ў прымусовым парадку”.

Аднак у гэтую гісторыю трапілі і некаторыя прадстаўнікі мясцовых органаў улады. У Менскай вобласьці заведзены чатыры крымінальныя справы супраць старшыняў сельскіх саветаў. Камітэт Дзяржкантролю патрабуе адстаўкі старшыні Браслаўскага райвыканкаму Ўладзімера Лакамага. Паводле афіцыйных мэдыяў, пры гэтым чыноўніку каля вадаёмаў землі раздаваліся каму заўгодна і як заўгодна. Міхаіл Вавула сказаў:

“Не ў кампэтэнцыі пракуратуры вызваленьне тых ці іншых службовых асобаў, якія дапусьцілі парушэньне заканадаўства. Калі Камітэт Дзяржкантролю паставіць гэта пытаньне перад вышэйшай уладай, то гэта кампэтэнцыя толькі вышэйшай улады.

Цяпер органамі пракуратуры не здабыта падстаў для завядзеньня крымінальнай справы адносна гэтай службовай асобы”.

Нагадаем, што на пачатку 2006 года кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ адносна адбіраньня і прадстаўленьня зямельных участкаў. Ад гэтага часу і пачаліся масавыя праверкі.

На беразе Вілейскага вадасховішча на месцы былой вёсачкі Кучкі вырас элітны катэджны пасёлак. Мясцовы жыхар Рыгор дзеліцца назіраньнямі:

“Раней была такая вёсачка невялікая, а потым яе раскупілі на лецішчы. І аселі зь Менску ўсе такія багаценькія, харошанькія. Кажуць, да сарака тысяч даляраў даходзілі ўчасткі.

Там вёска Вязань, а Кучкі на другім беразе. Як хаткі стаялі, як паднялі ваду, дык вада да саміх хат дайшла па беразе. Дык гэтыя месцы першыя параскуплялі. А потым далей пачалі будавацца, там вуліцы зьявіліся. У некаторых, як у Вязані, дык лебедзі малых выводзяць у таку, у хляве. Людзям гэткім ёсьць, а іншым няма”.
XS
SM
MD
LG