Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Класкоўская: “Нас хочуць выцягнуць у Беларусь і зрабіць там паказальны працэс”


Аляксей Знаткевіч, Прага Госьцяй “Начной Свабоды” 26 верасьня была журналістка Вольга Класкоўская. Яна вядомая чытачам па газэце "Народная воля", слухачам радыёстанцыяў "Нямецкая хваля" і "Эўрапэйскае радыё для Беларусі". Вольга цяпер жыве ў Польшчы, яна зьвярнулася да польскіх уладаў з заклікам абараніць яе ад беларускіх праваахоўных органаў, якія патрабуюць выдаць у Беларусь яе шасьцігадовую дачку Міраславу.

Класкоўская: “ Два гады таму я і мая дачка Міраслава атрымалі ў Польшчы статус палітычных уцекачоў, і празь 10 месяцаў Міраслава была скрадзеная з тэрыторыі Ўкраіны маім былым мужам і яшчэ невядомымі асобамі. Дзіця было вывезенае празь мяжу без якіхсьці дакумэнтаў, бяз пашпарту, і без майго дазволу на праезд за мяжу. Пасьля дзесяць месяцаў я ўвогуле ніякага кантакту ня мела зь дзіцём, і за гэты час у Менску супраць мяне прайшло шэраг справаў у судзе, мяне пазбавілі права апекі над дачкой. Праз пэўны час мая маці здолела знайсьці дачку ў Менску і перадаць яе мне ў Расеі. Мы паехалі ў Варшаву (даволі драматычнае было падарожжа, бо мы былі арыштаваныя на мяжы Расеі і Латвіі расейскімі спэцслужбамі, ФСБ, больш за суткі нас трымалі ў "абязьяньніку", выбівалі зь мяне паказаньні, што я працую на польскую разьведку). На сёньняшні дзень сытуацыя такія. Беларускі мінюст (дакумэнты таксама падпісаныя маім былым мужам) накіраваў запыт да польскіх судовых інстанцыяў з патрабаваньнем выдаць Міраславу беларускаму боку. Яшчэ раз нагадаю, што дзіця амаль два гады мае статус палітычнага ўцекача, гэта значыць знаходзіцца пад абаронай Жэнэўскай канвэнцыі. У фармулёўцы беларускага боку адзначана, што дзіця муціць быць вернутае менавіта Рэспубліцы Беларусь. Ня бацьку, не на Радзіму, так бы мовіць, а менавіта -- дзяржаве. Для мяне відавочна, што гэта палітычная помста, паказальны працэс з мэтаю публічна нас пакараць, каб іншым апазыцыянэрам паказаць іх месца, калі яны "здраджваюць рэжыму". Гэта ня першы выпадак, калі на апазыцыянэраў ціснуць праз дзяцей, дастаткова ўзгадаць працэс з апазыцыйнай актывісткай Крысьцінай Шацікавай. І яшчэ адна іх мэта -- нэўтралізаваць палітычна актыўную дыяспару ў Польшчы”.

Знаткевіч: "Вы сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Варшаве параўналі гэтую справу са справай Вікі Мароз. Але тут ёсьць адрозьненьне -- Віка Мароз сірата, а тут, дзякуй Богу, і маці ёсьць, і бацька. Бацька, Віталь Навумовіч, зь якім Вы былі ў шлюбе больш за два гады, аспрэчвае, што у справе ёсьць палітычная падаплёка:

Навумовіч: “Тут абсалютна нічога агульнага з палітыкай. Я ў прынцыпе і раней падзяляў ідэі БНФ, дый цяпер застаюся на гэтых пазыцыях. Але ў дадзеным выпадку адно другога ня тычыцца, разумееце? Яна цяпер зь мяне робіць, ня ведаю, ледзьве не кадэбэшніка, лукашэнкаўскага служку.

Палітыкі тут увогуле няма! На што яна спадзяецца? Я цяпер празь Міністэрства юстыцыі намагаюся вяртаньня дзіцяці. І ў гэтай сытуацыі, верагодна, у яе адзіны шанец — палітыку сюды прыплесьці. Таму што ўсе рашэньні суду на маім баку”. (Цалкам інтэрвію тут.)

Знаткевіч: “Як Вы пракамэнтуеце словы Вашага былога мужа?”

Класкоўская: “Дзякуй вялікі за гэты камэнтар, які я пачула. Па-першае, папраўлю, што не два гады, а чатыры (афіцыйна гэта зафіксавана ў паперах беларускага суду) мы пражылі разам. Рэч у тым, што калі мы эмігравалі зь Міраславай два гады таму, бацька ніякіх прэтэнзіяў не прад''яўляў. Ні мне, ні дачцэ. Вы самі разумееце, што перакрочыць праз беларуска-польскую мяжу і трапіць да Варшавы без дазволу бацькі мы ніякім чынам з чатырохгадовай дачкой не маглі. Значыць, гэта было добраахвотнае жаданьне бацькі, каб, калі называць рэчы сваімі імёнамі -- "ідзіце вы на ўсе чатыры бакі". Пытаньне: два гады мы ў эміграцыі, чаму менавіта цяпер паўстала гэтае пытаньне нейкай такой любові апантанай? Дзе быў бацька раней? Ці любоў ёсьць, ці яе няма. Чаму толькі праз два гады гэта такім чынам, прычым вельмі радыкальным, праяўляецца? Вось гэта мне вельмі незразумела. Па-другое, з самага пачатку жыцьця з Віталём я ведала, што гэты чалавек супрацоўнічае з беларускімі спэцслужбамі, і адна з нагодаў і прычынаў, чаму я падала на развод -- таму што ён прымушаў, каб я яму перадавала інфармацыю пра сябраў "Маладога фронту" і пра сваіх калегаў у "Народнай волі". Гэта другі момант. Па-трэцяе, дачка называе тату не інакш як "былы тата", яна ўвогуле не ўспрымае гэтага чалавека. Падчас нашага жыцьця разам гэта былі суцэльныя фізычныя, псыхалягічныя і іншага характару зьдзекі. Я проста не хачу зараз...”

Знаткевіч: “То бок, бацькоўскія пачуцьці зь ягонага боку Вы абсалютна выключаеце?”

Класкоўская: “Вы ведаеце, з пункту гледжаньня лёгікі калі прааналізаваць, дык чаму чалавек маўчаў два гады, калі гэта -- бацькоўскія пачуцьці? Чаму не было кантактаў? Чаму, ўлічваючы што ад Менску да Варшавы 500 кілямэтраў, чалавек проста ніколі не прыехаў, не наведаў і банальна не прывёз цукеркі для дачкі? Чаму менавіта праз два гады раптам гэтыя пачуцьці "абрынуліся"?

Знаткевіч: “Вольга, я яшчэ хацеў удакладніць, напачатку Вы сказалі, што дачка была скрадзеная з тэрыторыі Украіны. Гэта было рэальнае выкраданьне, ці Вы сустракаліся там з мужам, нё прасіў Вас дазволу сустрэцца з дачкой, ці гэта адбылося нейкім чынам на вуліцы, і ён яе забраў бяз Вашага дазволу?”

Класкоўская: “Я перакананая, што гэта крадзёж. Першапачаткова мы плянавалі з Міраславай проста сустрэцца з бацькам, і зноў жа, я сябе папракаю за свае пачуцьці шкадаваньня. Сталася шкада чалавека і захацелася, каб ён нарэшце ўбачыў дачку. Бо амаль год ніякага кантакту зь дзіцём не было. І зноў жа, вяртаючыся да гэтых пачуцьцяў, для мяне гэта непрымальна гэта ўсё абмяркоўваць. Калі мы сустрэліся на тэрыторыі Украіны, была такая дамова, што Міраслава пэўны час будзе з бацькам, і праз пэўны час вернецца да мяне у Варшаву. Але неўзабаве, вельмі раптоўна, дзіця з тэрыторыі Ўкраіны проста зьнікла. Я страціла кантакт і зь дзіцём, і з былым мужам. Шмат часу ўвогуле ня мела інфармацыі. Пасьля, натуральна, я зьвярнулася да польскіх праваахоўных ворганаў, да паліцыі, пракуратуры, яны пачалі займацца гэтай справай. І толькі ў верасьні я ўжо даведалася, што Міраслава ўжо ў Менску. Вядома, што я не разумею, якія могуць быць абвінавачваньні, калі на той момант дзіця знаходзілася пад абаронай Жэнэўскай канвэнцыі, з польскім пашпартам, і адна з нагодаў, чаму мы зьехалі зь Беларусі -- гэта быў менавіта ціск ў дачыненьні да мяне шляхам маёй дачкі. Вы разумееце, якія пачуцьці былі ў мяне, і ўвогуле, у якім я знаходзілася стане, калі я вывезла Міраславу менавіта з-за гэтага ціску, а пасьля даведалася, што яна невядомым чынам апынулася ў тым месцы, дзе яна ня мусіць быць”.

Знаткевіч: “І апошняе пытаньне: да таго моманту, як вы дамовіліся з мужам пра сустрэчу ва Ўкраіне, ён абсалютна не цікавіўся ні лёсам дачкі, ні тым, як вы ўладкаваліся ў Варшаве?”

Класкоўская: “Я думаю, адказ вельмі просты. Улічваючы, што чалавек мае вельмі шмат вольнага часу, і калі ён дэкляруе такую любоў да дачкі, -- проста за гэты час можна было элемэнтарна прыехаць да Варшавы, чаго не было зроблена. За 10 месяцаў ніякага абсалютна кантакту. І калі зараз усе гэтыя рэчы пачаліся, шчыра кажучы, было б сьмешна, калі б не было так сумна. Я перакананая, што гэта проста марыянэтка ў рукох рэжыму, бо падчас знаходжаньня Міраславы ў Менску шэраг судовых разьбіральніцтваў прайшлі ў дачыненьні да мяне. Па-другое, зь вялікім ціскам сутыкнулася мая сям’я, мая маці. Калі людзі з ворганаў, з КДБ выклікалі яе і адкрыта, наўпрост казалі, што Ваша дачка Вольга супрацоўнічае з польскай разведкай, з польскімі спэцслужбамі, а пры гэтым яе дачка знаходзіцца ў Менску калі ласка, пра гэта не забывайце. Усе гэтыя акалічнасьці, вядома, даюць падставу меркаваць пра тое, што гэта -- палітычная акцыя, заплянаваная супраць мяне, маёй сям’і з мэтаю выцягнуць нас у Беларусь і зрабіць там паказальны працэс”.

Гл. таксама:

Хто і ў каго скраў 6-гадовую Міраславу?

Класкоўская: другую Віку Мароз з маёй дачкі ня зробяць
XS
SM
MD
LG