Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апытаньне “Свабоды”: ці можна перамагчы карупцыю?


Іна Студзінская, Менск Як змагацца з карупцыянэрамі? Ці магчыма перамагчы такую зьяву, як карупцыя? Гэтыя пытаньні нашая карэспандэнтка задавала на вуліцах Менску.

Спадар: “Карупцыю перамагчы? Я лічу, гэта немагчыма. Таму што карупцыя — адна з формаў дыскрымінацыі. Яна заўсёды існуе там, дзе ёсьць хаця б адзін начальнік і адзін падначалены”.

Спадарыня: “Немагчыма яе перамагчы. Карупцыя ва ўладзе пачынаецца. А ўлада ніколі сама не сыходзіць”.

Спадар: “Калі гэта карупцыя ў вышэйшых эшалёнах улады, яе не перамагчы. Калі яна дзесьці ўсярэдзіне, я думаю, што магчыма. Самі людзі павінны не ствараць умоваў для карупцыі”.

Дзядок: “Можна перамагчы. Усім разам узяцца і пераадолець”.

Спадар: “Нельга перамагчы карупцыю, таму што ўсё вышэйшае начальства, уся ўлада замяшаная ў карупцыі”.

Дзядок: “Усё залежыць ад кіраўніцтва. Рыба псуецца з галавы”.

Спадар: “Трэба садзіць усіх іх на Валадарку”.

Карэспандэнтка: “Ці магчыма перамагчы такую зьяву, як карупцыя?”

Дзяўчына: “Можа, і магчыма перамагчы. Але ўсё залежыць ад сумленнасьці людзей”.

Юнак: “У кожнай краіне сьвету ёсьць такая зьява, як карупцыя. І нават самыя разьвітыя і дэмакратычныя дзяржавы ня могуць з гэтым даць рады. А нам наагул далёка”.

Спадарыня: “Вельмі складана перамагчы. Карупцыя — гэта грошы, гэта сувязі”.

Спадар: “Карупцыю можна перамагчы, калі ўсе будуць аднолькава матэрыяльна забясьпечаныя. Калі ёсьць частка багатых, якія жывуць не на свае грошы, карупцыя будзе разьвівацца, квітнець, і змагацца зь ёй цяжка”.

Спадар: “Карупцыянэру трэба галаву адсякаць з другога разу! Першы раз трапіўся — не зразумеў, на другі раз — адсякай галаву, і ўсё”.

Спадарыня: “Ніколі не пераможаш. Таму што ў міліцыі займаюцца карупцыяй”.

Спадар: “Гэта было, ёсьць і будзе. Выкараніць яе немагчыма, таму што так пабудаваная сыстэма”.

Спадарыня: “Ну што вы! Чым далей, тым яна мацнее”.

Спадар: “Мабыць, сама ўлада і ёсьць карупцыяй”.

Юнак: “Не пераможам ніколі мы карупцыі”.

Спадар: “Вось калі мы ня маем улады, думаем: “Так, карупцыя — гэта вельмі дрэнна”. Як толькі мы самі дарвемся да ўлады, адразу ж пралічым: “А можа, і мне тут якім бокам што-небудзь адломіцца”. І самі станем карупцыянэрамі”.

Юнак: “Вельмі вялікая спакуса. Мо і магчыма перамагчы карупцыю, але вельмі цяжка, таму што патрэбна, каб вельмі сумленныя, адданыя, сьвядомыя людзі былі на пасадах”.

• З карупцыяй змагаюцца, а яна квітнее?, 19.04.2007
XS
SM
MD
LG