Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец выйшаў на волю


Любоў Лунёва, Менск Павал Севярынец адбыў 17 сутак арышту за ўдзел у акцыі салідарнасьці з маладафронтаўцам Яраславам Грышчэнем. Грышчэню судзілі 10 верасьня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Паплечнікі й сябры Севярынца чакалі яго каля Баранавіцкай турмы.

Праз гадзіну пасьля заканчэньня тэрміну адбыцьця пакараньня Павал Севярынец патэлефанаваў сваім паплечнікам і паведаміў, што яшчэ ўначы яго перавезьлі ў Івацэвіцкі ізалятар часовага ўтрыманьня, а раніцай адпусьцілі.

Павал Севярынец сказаў “Свабодзе”, што супрацоўнікі турмы адмовіліся паведаміць, чаму яго перавозяць у Івацэвіцкі ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе звычайна трымаюць людзей, на якіх завялі крымінальныя справы.

“Нічога не было сказана. Ніякіх камэнтароў — колькі ні дапытваўся. Ні ў тых, хто мяне завозіў увечары, ні ў тых, хто прымаў, тлумачэньняў не было.

Перадачы я атрымаў. Вельмі ўдзячны тым, хто мне іх перадаваў, асабліва баранавіцкім хрысьціянскім дэмакратам. За шаснаццаць дзён у Баранавічах было каля дваццаці перадачаў. Гэта літаральна шакавала міліцыянтаў. Дарэчы, некаторыя з ахоўнікаў размаўлялі са мной толькі па-беларуску”.

Павал Севярынец пасьля выхаду з “хіміі” за апошнія два месяцы 47 сутак правёў за кратамі.

Умовы ўтрыманьня ў спэцразьмеркавальніках ды ізалятарах значна горшыя за турэмныя на так званых “зонах”.

Павал Севярынец запэўніў, што адчувае сябе добра. Ён падзякаваў усім за падтрымку.

Чаму пасьля таго, як ён выйшаў на волю, да ягонай пэрсоны не зьнікае цікавасьць ўладаў? Павал Севярынец адказаў:

“Хутчэй за ўсё, гэта робіцца дзеля таго, каб зьбіць хвалю салідарнасьці. Тое, што за апошнія два месяцы 47 дзён давялося праседзець на сутках, гэта сапраўды спроба ўдарыць у тую лінію абароны, якая ў нацыянальнага руху цяпер трымаецца. Гэта салідарнасьць, вера і патрыятызм. Сэрыя ўдараў менавіта ў гэтую аснову.

Баяцца салідарнасьці настолькі, што нават перавезьлі з Баранавічаў у Івацэвічы. Пакуль што беларуская вера і беларуская салідарнасьць пераадольваюць гэтыя рэпрэсіі”.

Мікола Статкевіч, сябры Паўла Севярынца, сярод якіх людзі з розных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, сустрэлі Паўла ў Івацэвічах.

Гаворыць Барыс Гарэцкі:

“Мы яшчэ зранку выехалі зь Менску. Праз гэты выпадак, зь перавозкай усёй, давялося праехаць дадатковых сто дваццаць кілямэтраў, каб сустрэць Севярынца. Сытуацыя зь перавозкай Паўла выглядае даволі сьмешнай, бо гэта ўжо зусім такая дробная помста рэжыму. Рэжым ня можа сур’ёзна змагацца, а дзейнічае такімі вось дробнымі нападамі”.

Павал Севярынец запэўніў, што выйдзе 14 кастрычніка на “Эўрапейскі марш” і ня будзе хавацца — нягледзячы на тое, што яму, як і дзясяткам іншых актывістаў дэмакратычнага руху, пагражае прэвэнтыўны арышт.

• Сёньня ля Баранавіцкай турмы сябры будуць сустракаць Паўла Севярынца, 27.09.2007 • Паўлу Севярынцу прысудзілі 17 сутак і 620 тысячаў штрафу, 10.09.2007 • Суд Маскоўскага раёну Берасьця прысудзіў Паўлу Севярынцу 15 сутак арышту, 22.08.2007
XS
SM
MD
LG