Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З карупцыяй змагаюцца, а яна квітнее?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Беларусь — адна з найбольш карумпаваных краінаў сьвету. Паводле ўзроўню карупцыі яна займае 150-е месца сярод 180 краінаў. Гэта вызначылі ў арганізацыі “Transparency International”, якая вывучае праблему. Чаму Беларусь ніяк ня дасьць рады карупцыі?

Працягвае расьці міжнародны рэйтынг карумпаванасьці Беларусі. Калі ў 2004 годзе міжнародная арганізацыя “Transparency International” вызначала, што Беларусь займае ў сьпісе 74-ты радок, то вынік гэтага году — 150-е месца сярод 180 краін сьвету.

Патлумачу, што высокія радкі ў гэтым сьпісе займаюць краіны, дзе карупцыю прызналі мінімальнай.

Сёлета найменш карумпаванымі прызналі Данію, Фінляндыю і Новую Зэляндыю. Дарэчы, яны былі ў лідэрах і тры гады таму. А вось Беларусь апынулася ў кампаніі такіх краінаў, як Кенія, Таджыкістан, Зымбабвэ. Індэкс карупцыі ў іх 2,1 бала — адзін з самых небясьпечных.

Між тым, улады Беларусі штогод згадваюць барацьбу з карупцыяй сярод сваіх прыярытэтаў.

Паводле кіраўніка прэс-цэнтру Генэральнай пракуратуры Міхаіла Вавулы, найбольш праяваў карупцыі ў наступных галінах:

“Лідэрам паводле карумпаванасьці зьяўляецца сфэра транспарту і камунікацыяў. Потым ідзе прамысловасьць, сельская гаспадарка і харчаваньне ды іншыя галіны”.

Я нагадаў супрацоўніку пракуратуры, што нядаўна ў Менску прадухілілі спробу даць рэкордна высокі хабар — некалькі мільёнаў даляраў. Гэтак спрабавалі падкупіць чыноўнікаў, каб атрымаць зямлю пад будаўніцтва.

Паводле зьвестак пракуратуры будаўніцтва — найменш карумпаваная галіна. І ўвогуле барацьба з карупцыяй, кажа спадар Вавула, мае станоўчыя паказчыкі:

“Сёлета за восем месяцаў колькасьць злачынстваў, зьвязаных з карупцыяй, скарацілася на 8,5% у параўнаньні з гэтым пэрыядам мінулага году”.

Міжнародная арганізацыя “Transparency International” вызначае рэйтынг карупцыі, кіруючыся ня толькі крымінальнымі паказчыкамі, але і меркаваньнем экспэртаў. Да ўвагі бяруць і ўмовы для прадпрымальніцтва.

Лідэр аб’яднаньня беларускіх прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка мяркуе, што вырашыць праблему карупцыі немагчыма, пакуль адны законы супярэчаць другім:

“У нас на мітынгу быў лёзунг: “Нестабільнае заканадаўства — кармушка для чыноўнікаў”. Яшчэ можна нагадаць славутую фразу “Пакараць нельга памілаваць” — у залежнасьці ад чаго тут чыноўнік паставіць коску? У залежнасьці ад свайго разуменьня закону ці памеру кішэні?”

Экспэрты заўважаюць, што ў групу найбольш карумпаваных краінаў трапілі якраз тыя, дзе ўзровень дэмакратыі самы нізкі.

Ці ёсьць палітычны складнік у сытуацыі з карупцыяй у Беларусі?

Вядомы праваабаронца Алесь Бяляцкі бачыць тут простую сувязь. Паводле Бяляцкага, добрыя паказчыкі барацьбы з карупцыяй ня сьведчаць пра перамогу над ёй:

“Абсалютную большасьць людзей, якія займаюць гаспадарчыя пасады і займаюцца прадпрымальніцтвам, можна прыцягваць да адказнасьці за тыя ці іншыя злоўжываньні. І працэнт прыцягнутых да адказнасьці залежыць ад таго, якія мэты цяпер ставіць улада. Таму лічбы павышэньня ці паніжэньня ў барацьбе з карупцыяй ня маюць нічога агульнага з сыстэмай татальнай карумпаванасьці, якая склалася ў Беларусі”.

• Лічба дня: 350 чыноўнікаў-карупцыянэраў, 3.10.2006 • Freedom House адзначае пагаршэньне сытуацыі ў Беларусі, 14.06.2006 • Якіх маштабаў дасягае карупцыя ў Беларусі, 25.10.2005
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG