Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэту “Товарищ” сканфіскавалі, каб праверыць


Уладзімер Глод, Менск Сёньня раніцай супрацоўнікі Ленінскага райаддзелу ўнутраных справаў Менску сканфіскавалі каля 10 тысяч асобнікаў новага нумару грамадзка-палітычнай левай газэты “Товарищ”. Забралі ўсе асобнікі, якія знаходзіліся ў арандаваным рэдакцыяй офісе. Журналісты выданьня лічаць, што нумар сканфіскавалі, бо ён прысьвечаны “Сацыяльнаму маршу”.

Дзьмітры Яненка, намесьнік галоўнага рэдактара газэты, апавёў пра міліцыянтаў, якія рабілі ператрус:

“На падставе таго, што ў іх ёсьць апэратыўная інфармацыя пра тое, што наша газэта друкуецца не ў Смаленску, як гэта значыцца ў выходных зьвестках, яны затрымалі наклад нашай газэты, якая была прысьвечаная “Сацыяльнаму маршу”.

Мы паказалі міліцыянтам усе дакумэнты, якія пацьвярджаюць факт друкаваньня менавіта ў Смаленску. Але міліцыянты сказалі, што для іх апэратыўная інфармацыя важнейшая за дакумэнты, якія мы нібыта маглі падрабіць”.

Дзьмітры Яненка гаворыць, што кіраўніцтва “Товарища” цяпер рыхтуе скаргу ў Міністэрства ўнутраных справаў. Намесьнік рэдактара прагназуе:

“Мы ведаем з нашага ранейшага досьведу, што пройдзе “Сацыяльны марш” — і празь некалькі дзён нам вернуць наклад. Будзем чакаць. Дарэчы, з матэрыяламі гэтага нумару можна азнаёміцца на нашым сайце — www.camarade.biz. Там ужо стаіць гэты сьвежы нумар. І паглядзець, чаму затрымалі газэту”.

Міліцыянтамі ў рэдакцыі кіраваў капітан міліцыі Аляксандар Шчырэц. Ён гаворыць, што ня ведае, хто будзе весьці справу:

“Я толькі пратакол выманьня склаў. Я толькі забраў”.

Цікаўлюся ў капітана Шчырца, колькі часу можа заняць праверка:

“Дзён дзесяць. Я думаю, што ня больш. А можа, і менш — можа, тыдзень”.

Сакратар ЦК ПКБ Алена Скрыган называе канфіскацыю значнай часткі накладу газэты “сплянаванай уладамі акцыяй”:

“Вядома, што на 30 верасьня заяўлена каля 460 пікетаў на знак пратэсту супраць адмены сацыяльных гарантыяў. І толькі тры дазволілі. Але людзі ўсё роўна зьбіраюцца выйсьці на вуліцы.

Гэта спэцыяльны нумар газэты. Лічу, што ён цікавы, мне яго ўдалося прачытаць. Ён безумоўна выкліча зацікаўленасьць і да “Сацыяльнага маршу”.

Таму і вядзецца кампанія, каб ня даць магчымасьць людзям атрымаць інфармацыю, зьвязаную з гэтай акцыяй. Думаю, што газэту вернуць, але ўжо пасьля таго, як падзеі адбудуцца”, — мяркуе сакратар ЦК ПКБ Алена Скрыган.

• "Белпошта” й ”Белсаюздрук” адмовіліся распаўсюджваць “Товарищ”, 30.08.2006 • Міліцыя затрымала 200-тысячны наклад газэты “Товарищ”, 17.03.2006
XS
SM
MD
LG