Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У цэнтры Горадні вуліцы Васіля Быкава быць ня можа”


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні забаранілі пераназываць вуліцы. Гэта датычыць нават увечненьня памяці тых людзей, якімі горад можа ганарыцца. З гэтай прычыны вуліца Васіля Быкава можа зьявіцца толькі на ўскраіне Горадні, у спальных раёнах.

У гарвыканкаме нічога пэўнага наконт магчымага зьяўленьня ў горадзе вуліцы Васіля Быкава мне не сказалі.

Тады я зьвярнуўся да дэпутата гарсавету мінулага скліканьня Сяргея Антусевіча, які рабіў намаганьні, каб неяк увекавечыць імя вядомага пісьменьніка ў горадзе, дзе той жыў і пісаў свае творы амаль чвэрць стагодзьдзя.

“Быў шэраг прапановаў, у тым ліку перайменаваньне бульвару Ленінскага камсамолу ў бульвар Васіля Быкава. Сабралі больш за чатырыста подпісаў тады, іх перадалі з суправаджальным лістом мне, як дэпутату гарадзкога савету, для перадачы ў гарвыканкам”, – апавёў Сяргей Антусевіч.

Пра вуліцу Васіля Быкава гаварылі і на сэсіі гарсавету.

“Сэсія прайшла, і пасьля яе я атрымаў стандартны адказ — што, на жаль, увекавечыць памяць шляхам перайменаваньня вуліцы немагчыма,таму што ёсьць забарона на гэта, якую прынялі яшчэ дэпутаты мінулага скліканьня. Пасьля гэтага ніякіх іншых захадаў не рабілася”, – згадвае былы дэпутат гарсавету Антусевіч.

Жыхары праспэкту 40 год Перамогі вельмі абураліся, што яму надалі імя Леаніда Кляцкова – былога першага сакратара абкаму КПБ.

“І пасьля гэтага гарадзкі савет дэпутатаў прыняў рашэньне аб замарожваньні, прыпыненьня перайменаваньня вуліцаў гораду. Новыя назвы можна надаваць толькі вуліцам там, дзе новабудоўлі, ці на ўскрайку гораду, у прыватнай забудове.

Але натуральна, што для такой постаці, як Васіль Быкаў, мяне, напрыклад, гэта зусім не задаволіла б — каб гэта была маленькая вуліца. А ўлады гаварылі, што могуць хоць цяпер назваць вуліцу Васіля Быкава дзе-небудзь у мікрараёне”, – кажа Антусевіч.

Праўда, гарвыканкам пастанавіў усталяваць мэмарыяльную шыльду Васілю Быкаву.

Справай заняўся скульптар Уладзімер Панцялееў, ён успамінае:

“Тады было проста рашэньне выканкаму, і мне далі гэтую справу прасоўваць. Але бегаў-бегаў, а на нейкім этапе зразумеў, што не мая гэта справа. Я павінен атрымаць замову і зрабіць працу — і ўсё. Але ніякіх зрухаў у гэтым пляне няма”.

Улады палічылі неабавязковым выконваць уласнае рашэньне аб мэмарыяльнай шыльдзе Васілю Быкаву.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG