Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Трусаў: “БНР магла б выратаваць Эўропу”


Радыё Свабода Што магло б быць, калі б гісторыя склалася іначай? Уявім сабе: Беларуская Народная Рэспубліка перамагла ў 1918 годзе. Краіна рыхтуецца да 90-х угодкаў Дня Волі. Дзеяньне адбываецца ў першыя тры месяцы 2008 году... Пра гэта мы прапануем нашым слухачам напісаць нам у рамках новага конкурсу “Свабоды” – "Адзін дзень у БНР-2008". Конкурс прымеркаваны да 90-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. А пакуль – на нашыя пытаньні адказвае гісторык, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

Шупа: Сп. Трусаў, Вы - археоляг...

Трусаў: Дакладней - архітэктурны археоляг...

Шупа: Ці можна ў рамках Вашай спэцыяльнасьці гаварыць пра археалёгію БНР?

Трусаў: Справа ў тым, што існуе археалёгія ХХ стагодзьдзя. Гэта, напрыклад, раскопкі нейкіх будынкаў, якія загінулі ў Першую, Другую сусьветную вайну. А ў нас у Беларусі археалёгія - гэта Курапаты. І там і ляжаць многія з заснавальнікаў БНР...

Шупа: Ці любіце Вы літаратуру ў жанры альтэрнатыўнай гісторыі, утопіі, антыўтопіі?

Трусаў: Я заўжды цікавіўся фантастычнай літаратурай, і мае любімыя пісьменьнікі ­ той жа мой зямляк са Смаленшчыны Айзэк Азімаў, Абэ Коба, Рой Брэдбэры, Стругацкія, Яфрэмаў. Фантастыка - цудоўны жанр літаратуры.

Шупа: Ці Вы сам калі-небудзь фантазіравалі ў такой стылістыцы пра Беларусь? Што магло б быць, калі б гістарычныя сьцежкі некалі скіраваліся ў іншы бок?

Трусаў: Калі мы ў 1989 годзе абвясьцілі, што Беларусь будзе незалежнай, дык з нас усе сьмяяліся. Асабліва сьмяяліся з маёй перадвыбарнай плятформы, дзе я абяцаў за пяць гадоў СССР ператварыць у канфэдэрацыю. А яго ўзяла ды за два гады здарылася...

Шупа: Жыцьцё часам больш нечаканае, чым фантастычная літаратура... А ці сам Вы зьбіраецеся ўдзельнічаць у такім конкурсе?

Трусаў: Ведаеце, я магу даць толькі жанр для тых, хто хоча пісаць. Называю тэму: “Урок геаграфіі ў БНР”. Якой бачылі б БНР географы. Я б напрыклад бачыў яе ў межах ад Смаленску да Вільні, ад Дзьвінску да Чарнігава, і насельніцтва было б, канешне, мільёнаў 40-50, мы б даўно былі ў Эўразьвязе і ўяўлялі б прыкладна тое, самае, што цяпер Польшча. Мы бачым, што тая самая Ўкраіна, якая захавала сваю этнічную тэрыторыю амаль цалкам, разьвіваецца намнога лепей, чым мы.

Што да таго, каб БНР засталася, тут вельмі цікава было б – як бы мы ўдзельнічалі ў вайне. Можа быць, і Другой сусьветнай вайны б не было, калі б была БНР. Бо тады б быў буфер паміж Польшчай і Савецкай Расеяй.

Шупа: Тут узьнікае й шмат іншых пытаньня, бо сама БНР у 1918-м магла б быць рэальнай, калі б даўжэй пратрымалася Нямеччына...

Трусаў: Я згодзен. Але дапусьцім, каб Нямеччына пратрымалася яшчэ гады два і прызнала БНР – як Літву, а потым распалася б, то сытуацыя на мапе Эўропе была б зусім іншая. БНР была б тым санітарным кардонам, які б аддзяляў Польшчу і Нямеччыну ад Савецкага Саюзу. І ці адбыўся б падзел БНР зь немцамі – калі тут палякі? А яшчэ калі незалежная Ўкраіна – яна ж таксама магла застацца. Так што тут усё магло б памяняцца. І хутчэй за ўсё гэтай жахлівай Другой сусьветнай вайны магло б і ня быць – БНР магла б выратаваць Эўропу.
XS
SM
MD
LG