Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адказалі ўлады на прапанову апазыцыі пачаць дыялёг?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: намесьнік старшыні Партыі БНФ Юры Хадыка і намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Рынкевіч.

25 верасьня затрымалі намесьніка старшыні Партыі БНФ, старшыню аргкамітэту для падрыхтоўкі “Эўрапейскага маршу” Віктара Івашкевіча і сакратара ЦК Партыі камуністаў беларускай, сустаршыню “Сацыяльнага маршу” Валера Ўхналёва.

Як ацаніць гэтыя дзеяньні ўлады ў кантэксьце прапановаў апазыцыі пачаць дыялёг? Ці здымаецца гэтая тэма з парадку дня Аб’яднаных дэмакратычных сілаў? Ці правільна ацаніла апазыцыя палітычную тэндэнцыю?

Навошта затрымалі Івашкевіча і Ўхналёва?

Валер Карбалевіч: “Лідэры апазыцыі, арганізатары “Эўрапейскага маршу” падчас падрыхтоўкі гэтай апазыцыйнай акцыі асабліва падкрэсьлівалі, што яны імкнуцца не да канфрантацыі, а да дыялёгу з уладамі.

Накіравалі адмысловы ліст намесьніцы кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Пяткевіч з адпаведнымі прапановамі. Адным з падпісантаў гэтага ліста зьяўляецца ўдзельнік перадачы спадар Хадыка.

Старшыня аргкамітэту “Эўрапейскага маршу” Віктар Івашкевіч нават заяўляў, што ў цяперашніх умовах патрабаваньне адстаўкі кіраўніцтва дзяржавы будзе расцэньвацца як прарасейскія дзеяньні.

Ці можна разглядаць затрыманьне Івашкевіча і Ўхналёва як адказ уладаў на прапанову апазыцыі пачаць дыялёг?”

Юры Хадыка: “Даволі даўно гавораць пра існаваньне ў кіроўнай касьце дзьвюх груповак: “каршуноў” і “галубоў”. Першыя імкнуцца да сілавых мэтадаў разьвязаньня праблемаў. Другія больш лагодна ставяцца да кантактаў з апазыцыяй. “Галубы” нядаўна страцілі свой брэнд і галаву ў зьвязку з адстаўкай Канаплёва і крыху разгубіліся. А “каршуны”, атрымаўшы перамогу ў змаганьні за рэсурсы, вырашылі адбіць небясьпеку, умоўна кажучы, вэстэрнізацыі Беларусі.

Затрыманьні Івашкевіча і Ўхналёва на руку імпэрскім колам у Крамлі. Таму можна сказаць, што гэтыя падзеі ёсьць пэўнай рэакцыяй на ініцыятыву апазыцыі”.

Ігар Рынкевіч: “Я расцэньваю гэта як правакацыю спэцслужбаў супраць кіраўнікоў аргкамітэтаў для правядзеньня маршаў. Лічу, што гэта сапраўдны адказ уладаў на прапановы апазыцыі. Ім не патрэбны ні дыялёг з апазыцыяй, ні інтэграцыя ў Эўропу.

Пляны ўладаў былі відавочныя: дыскрэдытаваць кіраўнікоў мірных шэсьцяў. Нездарма іх здымалі на відэакамэру, патрабавалі распрануцца, раскладалі на стале грашовыя купюры. Гэта патыхае нафталінам савецкага таталітарызму”.

Ці актуальны дыялёг з уладамі?

Карбалевіч: “У такіх варунках ці павінна зьмяніцца тактыка апазыцыі? Ці здымаецца тэма дыялёгу з уладамі?”

Хадыка: “Палітыка Аб’яднаных дэмакратычных сілаў ня мусіць залежаць ад настрою асобаў — што ў кіроўнай эліце, што ў апазыцыі.

Нашы прапановы пачаць дыялёг абумоўлены аб’ектыўнымі чыньнікамі: станам беларускай эканомікі, замежнай палітыкі на Ўсходзе і на Захадзе. Гэта адпавядае жыцьцёвым інтарэсам беларускага народу.

Менавіта таму сёмы Кангрэс дэмакратычных сілаў і прыняў прынцыповае рашэньне — дыялёг з уладамі неабходны й непазьбежны. Такі дыялёг ня можа быць простым і лёгкім. Але праз гэта ня варта адмаўляцца ад яго. Мы гатовыя да кантакту з уладамі, бо гэта на карысьць Беларусі.

Важнай умовай дыялёгу зьяўляецца адзінства апазыцыі. Затрыманьне намесьніка старшыні Партыі БНФ Віктарa Івашкевічa і сакратара ЦК Партыі камуністаў беларускай Валера Ўхналёва павінна спрыяць адзінству”.

Рынкевіч: “Тая стратэгія, якую прыняў Кангрэс дэмакратычных сілаў, шматварыянтная. Адзін варыянт — гэта дыялёг. Другі, больш радыкальны варыянт, — аранжавая рэвалюцыя. А тактыка — гэта мірныя негвалтоўныя маршы. Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі я сказаў, што прыйшоў, магчыма, час “дыялёгу” праз пракуратуру, суды, міжнародныя трыбуналы. Таму што ў краіне прававыя інстытуты не працуюць.

Неабходна дамагацца выкананьня артыкулаў 35 і 36 Канстытуцыі Беларусі. Бо сёньня ў краіне фактычна стварыўся нейкі ГКЧП, які не дазваляе скарыстацца канстытуцыйным правам на шэсьці й аб’яднаньні.

Вядома, тактыка патрабуе зьмяненьня. Ад самага пачатку варыянт дыялёгу ня быў асноўным у дзеяньнях апазыцыі.

Сымбалічна, што якраз Івашкевіч, які быў самым актыўным прыхільнікам дыялёгу, трапіў у пастарунак. Калі ўлада паводзіць сябе нецывілізавана, па-хуліганску — ці магчымы дыялёг?”

Карбалевіч: “Вось спадар Івашкевіч мінулай пятніцай у перадачы “Экспэртыза Свабоды” казаў, што ніхто не прапануе ніякіх іншых рэальных мэханізмаў зьмены сытуацыі ў краіне. Рэвалюцыя цяпер немагчымая. Таму, казаў ён, з усіх іншых варыянтаў дыялёг — самы рэальны”.

Рынкевіч: “Лічу, што ёсьць альтэрнатыва дыялёгу. Гэта рашучыя ўчынкі, дзеяньні, якія робяць мужныя людзі — такія, як Павал Севярынец.

На рэпрэсіі трэба адказваць адэкватна. Пад эгідай Аб’яднаных дэмакратычных сілаў пачалася праца дзеля рэабілітацыі ахвяраў рэжыму, складаньне іх сьпісу, а таксама сьпісу асобаў, якія датычныя да правядзеньня рэпрэсіяў. Апазыцыя павінна данесьці да грамадзтва і міжнароднай супольнасьці інфармацыю пра рэпрэсіі”.

Ці правільна ацаніла апазыцыя палітычныя тэндэнцыі?

Карбалевіч: “Апошні час можна адзначыць узмацненьне рэпрэсіяў супраць апазыцыі. Шэраг судоў над актывістамі “Маладога фронту”, жорсткі прысуд Андрэю Клімаву, адмова дазволу на правядзеньне пікетаў супраць ліквідацыі льготаў, санкцыі супраць апазыцыйных партыяў — усё гэта прыкметы пэўнай тэндэнцыі. Дык, можа, апазыцыя няправільна ацаніла сытуацыю?

Яна зыходзіла з таго, што з абвастрэньнем сацыяльна-эканамічных праблемаў, узмацненьнем канфлікту з Расеяй беларускія ўлады будуць вымушаныя шукаць паразуменьня з Эўропай і апазыцыяй.

Але гледзячы на тое, што адбываецца, можна зрабіць і процілеглыя высновы. З нарастаньнем пагрозаў, аслабленьнем пазыцыяў уладаў рэпрэсіі супраць апазыцыі будуць узмацняцца. У такім выпадку разьлікі на нейкі дыялёг — марныя. Як вы пракамэнтуеце такое меркаваньне?”

Хадыка: “Я ацэньваю такое гледзішча як вельмі неабгрунтаванае. Зноў паўтараю: сытуацыя ў эканоміцы пагаршаецца, Беларусь знаходзіцца ў ізаляцыі — як на Ўсходзе, так і на Захадзе.

Гэта раней ці пазьней прывядзе да пагаршэньня ўзроўню жыцьця насельніцтва, магчыма, і да падзеньня рэжыму. Таму трэба шукаць шляхі выхаду з таго тупіка, у які вядзе рэжым”.

Рынкевіч: “Усё залежыць ад таго, як улады суб’ектыўна ацэньваюць сытуацыю і яе пэрспэктывы. Згадаю, што ў 1930-я гады Сталін высунуў тэзіс, што з пабудовай сацыялістычнага грамадзтва клясавая барацьба абвастраецца.

Аляксандар Казулін казаў, што Лукашэнка разумее толькі мову сілы, якую дэманструе згуртаваная апазыцыя.

Вось цяпер, напрыклад, мы, кіраўнікі й актывісты апазыцыі, сталі сьцяной ноччу і раніцай за Івашкевіча, прадэманстравалі салідарнасьць — то яго і выпусьцілі.

А што тычыцца адэкватнай ацэнкі сытуацыі з боку апазыцыі, то тут ёсьць пытаньні і адносна палітычных тэхналёгіяў, і эфэктыўнасьці апазыцыйных структураў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG