Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьні атрымаюць лісты зь Віцебску


Радыё Свабода Акцыю "Напішы ліст палітвязьню" распачалі віцебскія актывісты Леанід Сьвецік і Барыс Хамайда. Яны склалі адмысловую ўлётку з адрасамі палітзьняволеных, каб усе ахвотныя маглі напісаць ім словы падтрымкі. Улёткі з адрасамі палітвязьняў віцебскія мінакі могуць атрымаць там, дзе зазвычай набываюць незалежную прэсу – у Барыса Хамайды каля так званага "сіняга дома" – дома №28 па вуліцы Леніна.

Старэйшы віцебскі апазыцыянэр, таксама неаднаразова караны арыштамі, раздае паперкі з адрасамі ўстановаў, дзе ўтрымліваюць Аляксандра Казуліна, Артура Фінькевіча, Зьмітра Дашкевіча ды іншых палітзьняволеных. І з уласнага досьведу тлумачыць, чаму так істотна адчуваць падтрымку з волі.

"Калі чалавек "сядзіць", яму абавязкова патрымка патрэбна, гэта я па сабе ведаю,– кажа Барыс Хамайда.— А гэтыя людзі сядзяць ня суткі – у іх вялікія тэрміны. І тут ужо не істотна, чым адрозьніваюцца погляды таго ці іншага палітыка, бо ўсе яны – палітвязьні. І яны мусяць адчуваць, што пра іх на волі не забыліся. Калі мне Леанід Сьвецік прапанаваў гэтую справу, то за некалькі дзён я раздаў больш за 60 улётак. Некаторыя мінакі бралі ды казалі: "Я ўсё думаў, чым я магу дапамагчы, што карыснага зрабіць. А цяпер у мяне ёсьць справа – буду пісаць лісты гэтым людзям".

Віцебск, 26.09.2007. Барыс Хамайда і Леанід Сьвецік раздаюць улёткі Барыс Хамайда і Леанід Сьвецік раздаюць улёткі

Барыс Хамайда распавядаў, што напісаць палітвязьням гатовыя і пэнсіянэры, і моладзь. Дзяўчына, якая набывала ў распаўсюдніка "Нашу Ніву", таксама папрасіла ўлётку з адрасамі. Магчыма, хтосьці з палітвязьняў неўзабаве атрымае ліст і ад Вікторыі зь Віцебску.

"Ня ведаю, на якой мове буду пісаць, бо па-беларуску ўмею ня вельмі добра. Але хачу ім напісаць! Пра Зьмітра Дашкевіча я чытала ў "Нашай Ніве", пра Аляксандра Казуліна глядзела ў інтэрнэце. Ня ведаю, што яны хацелі б прачытаць, пачуць, але я хачу ім напісаць пра тое, што яны не адны ў тым, што яны робяць!" – сказала дзяўчына.

Віцебск, 26.09.2007. Магчыма, нехта з палітвязьняў атрымае ліст ад Вікторыі Магчыма, нехта з палітвязьняў атрымае ліст ад Вікторыі зь Віцебску

Вельмі шмат лістоў ад знаёмых і незнаёмых людзей падчас зьняволеньня ў Малым Сітне атрымаў вядомы моладзевы палітык Павал Севярынец. Па вызваленьні ён вырашыў аб''ехаць тыя мясьціны, адкуль да яго прыходзіла пошта. Якраз падчас такой паездкі на Берасьцейшчыну яго чарговы раз затрымалі ды асудзілі.

Маці Паўла Севярынца Тацяна распавядае, што ўсе атрыманыя лісты ён ашчадна захоўвае і сам абавязкова піша сваім зьняволеным сябрам.

"Паша атрымаў за свой тэрмін недзе паўтары тысячы лістоў. Ён іх усе склаў у такую вялікую скрыню,– распавядае Тацяна Севярынец. – І дагэтуль яшчэ прыходзяць лісты на наш адрас, хаця, пэўна, ня так ужо шмат, як было ў Малым Сітне, бо людзі ведаюць, што Паша ўжо на волі, умоўна кажучы, праўда... Такі ланцуг салідарнасьці складаецца зь іх, і чым гэты ланцуг будзе мацнейшы, тым лепш! Лісты – гэта насамрэч дапамога, вялікая дапамога",– сказала Тацяна Севярынец, маці палітыка Паўла Севярынца, якога сёньня маюць адпусьціць з Баранавіцкай турмы пасьля 17 стутак арышту.

• Маладафронтаўцы заклікаюць дасылаць судзьдзі партрэты Севярынца, 17.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG