Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусу мусяць плаціць болей на 130 даляраў?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Агляд публікацыў недзяржаўных СМІ Беларусі за 27 верасьня.

Якім мусіць быць сярэдні заробак беларуса з улікам росту коштаў цягам пяці апошніх гадоў? Гэтае пытаньне паспрабавалі высьветліць журналісты “Комсомольской правды” ў нумары за 27 верасьня. Статыстычныя дадзеныя і меркаваньні адмыслоўцаў падсумоўвае намесьнік галоўнага рэдактара Ульляна Бабаед:

“У 2002 годзе на сто даляраў мы маглі купіць значна болей бульбы, мяса ды іншых харчоў і рэчаў, чымсьці цяпер. Каб наш узровень жыцьця не зьніжаўся, сярэдні заробак мусіць ужо цяпер быць 450 даляраў, а ня тыя 320, якіх дамагаецца на гэты год урад”.

Пінская газэта “Местное время” працягвае тэму карупцыі сярод мясцовых начальнікаў. Падставай стала затрыманьне за хабар кіраўніка аднаго з рынкаў. Выданьне прыходзіць да высновы, што такіх фактаў меней не становіцца. А яшчэ газэта паведамляе пра значную падзею ў культурным жыцьці старажытнага Пінску. Гаворыць рэдактар Віктар Ярашук:

“У нас адкрываецца мэмарыяльная дошка на доме, дзе жыў Рышард Капусьцінскі. Гэта вядомы польскі журналіст, пісьменьнік. Ён нарадзіўся ў Пінску. Ягонага бацьку бальшавікі арыштавалі ў 1939-м і ўжо везьлі ў Катынь, але яму ўдалося ўцячы, прыехаць ў Пінск, забраць сям’ю, і яны зьехалі ў Польшчу”.

Інтэрнэт-праект “Салідарнасць” параўнаў славуты піўны фэстываль у Мюнхене з аналягічным сьвятам у беларускім Лагойску. Паводле рэдактара праекту Аляксандра Старыкевіча, беларусам таксама ёсьць чым прывабіць наведнікаў:

“Высьветлілася, што Лагойск мае свае перавагі. Па-першае, гэта значна таньней. Па-другое, больш зручныя ўмовы для наведнікаў, бо на Актобэрфэст у Мюнхене нельга патрапіць без квітка, які дзейнічае толькі чатыры гадзіны. І яшчэ на беларускім Актобэрфэсьце прадстаўляюць свае вырабы ўсе ахвочыя, тым часам як на сьвяце піва ў Мюнхене - толькі піўныя манапалісты”.

Тыднёвік “Бабруйскі кур’ер” адкрывае чарговы нумар рэпартажам з рэйду супрацоўнікаў ЖКГ па адрасах злосных неплацельшчыкаў за кватэру. Журналісты адзначаюць навізну ў працы камунальнікаў: ўпершыню ім дазволілі хадзіць па кватэрах з касавымі апаратамі, каб вяртаць пазыку на месцы.
XS
SM
MD
LG